Сьцісла:
- Тое, што адбываецца ў Беларусі, дакладна не лібэралізацыя.
- У барацьбе з рэжымам Лукашэнкі дае вынік наступ, павелічэньне ставак.
- Перад вызваленьнем 18 палітвязьняў былі паездка польскага прэзыдэнта Дуды ў Кітай і пакет санкцыяў Эўразьвязу.
- Сам Лукашэнка ўжо ня вельмі ўпэўнены, што расейскае войска здолее яго падтрымаць у крытычным выпадку.
- Навошта штучна аб’ядноўваць прыхільнікаў супрацьлеглых стратэгіяў?
— Пашыраецца дыскусія вакол стратэгіі дэмакратычных сілаў: адны за эскаляцыю стаўленьня да менскага рэжыму, іншыя — за дээскаляцыю. Адбываецца гэта на фоне значных падзеяў у Курскай вобласьці і на фоне вызваленьня некаторых палітвязьняў. Як апошнія падзеі здольныя паўплываць на вызначэньне стратэгіі дэмакратычных сілаў, што яны могуць і павінны зьмяніць?
— Па-першае, гэта вельмі добрыя навіны, што некалькі дзясяткаў невінаватых людзей выйшлі на волю. Вызваленьне палітвязьняў некаторымі можа ўспрымацца як нейкія якасныя зьмены. Аднак дакладна можна сьцьвярджаць, што гэта не лібэралізацыя. Лібэралізацыя была б, калі б выконваліся дзьве ўмовы: па-першае, вызвалілі сотні ці нават большасьць палітвязьняў, па-другое, калі б перасталі саджаць новых.
Ніводная з гэтых умоваў не выконваецца. Наадварот: рэжым не вызваляе істотнай колькасьці людзей і не спыняе рэпрэсій, кідае за краты новых палітвязьняў.
Гэта імітацыя, якая ў мэдыя падаецца як небывалы крок насустрач, акт гуманізму. Але на ўзроўні краіны гэта не зьяўляецца якаснай зьменай, — калі глядзець на тыя тысячы, якія ў турмах, і тыя сотні тысяч, якія вымушаныя выехаць з краіны.
— А калі б адбылося вызваленьне сотняў палітвязьняў, тады ваша ацэнка зьмянілася б?
— Вядома, гэта быў бы добры крок. Тады можна было б глядзець на наступны парамэтар: а ці працягваюцца рэпрэсіі? Бо зараз затрыманьні працягваюцца зь ня меншай інтэнсіўнасьцю.
Што тычыцца стратэгіі дэмакратычных сілаў, пра якую вы пытаецеся... Мы можам прааналізаваць мінулыя дзеяньні, паводле вядомых публічных крыніц. І ўбачым, што перад першым вызваленьнем 18 палітвязьняў была паездка польскага прэзыдэнта Дуды ў Кітай, дзе абмяркоўвалася і памежная праблема, і быў новы моцны пакет санкцыяў Эўразьвязу, які перакрыў шмат таварных патокаў зь Беларусі. І быў шэраг жорсткіх заяваў ад польскіх палітыкаў, якія папярэдзілі, што могуць увогуле закрыць мяжу для транзыту.
Што мы назіраем перад вызваленьнем другой партыі палітвязьняў? Самая гучная падзея — наступ украінскага войска ў Курскай вобласьці. Я ведаю, тут можна выставіць контараргумэнт, што «пасьля» не азначае «ў выніку».
Аднак пакуль я не сустракаю лепшага абгрунтаваньня, то прытрымліваюся прынцыпу найбольш верагоднага тлумачэньня.
Мы ня бачым, каб перад вызваленьнем палітвязьняў у Менск вярталіся заходнія амбасадары; ня бачым, каб Ціханоўская, напрыклад, выступіла з прызнаньнем Лукашэнкі; не назіраем, каб, напрыклад, Паўла Латушку паабяцалі выдаць менскаму рэжыму.
То бок гістарычна мы назіраем вось такую карэляцыю. І гэта дазваляе мне сказаць, што вынік даюць наступ, павялічэньне ставак. Бо мы ня бачым, каб вынік давалі паслабленьні, нейкія крокі насустрач.
— У адным са сваіх нядаўніх тэкстаў вы сьцьвярджаеце, што пазыцыі Лукашэнкі захісталіся, адбываецца «разбалянсаваньне пуцінска-лукашэнкаўскай рабскай сыстэмы». Мяркую, многія з такой высновай не пагодзяцца і скажуць, што зараз ніякіх істотных пагрозаў перад Лукашэнкам не ўзьнікае.
— Я лічу, што ўлада Лукашэнкі найперш абапіраецца на вайсковую і фінансавую падтрымку Расеі. Зараз рэжым Лукашэнкі мае нават менш трывалае становішча, чым у 2020-м. Бо тады былі актыўныя выступы беларусаў, але заставаліся гэтыя два чыньнікі — фінансавая і вайсковая падтрымка Расеі. І, як мне падаецца, яны і выканалі найважнейшую ролю.
Цяпер, як мы бачым, Расея страчвае свае тэрыторыі, расейскія прапагандысты абвінавачваюць Лукашэнку, што ён падарваў бясьпеку Расеі. Гэта гучыць як крык адчаю, калі апошняе, на што разьлічвала такая вялікая краіна — гэта на падтрымку беларускага войска. Лукашэнка робіць манэўры, падводзіць і адводзіць войскі ад мяжы, што выглядае вельмі адметна.
І, як здаецца, сам Лукашэнка ўжо ня вельмі ўпэўнены, што расейскае войска здолее яго падтрымаць у нейкім крытычным выпадку. Таму для мяне сытуацыя выглядае менш устойлівай, чым у 2020 годзе.
— Палітоляг Павал Вусаў выказаў думку, што Лукашэнка можа пайсьці на новы палітычны кантракт з грамадзтвам, каб «перагарнуць старонку» і спакойна правесьці выбарчую кампанію ў 2025 годзе. Як вы гэта ацэньваце?
— Гэта можа выглядаць як спроба кагосьці зь ягонага атачэньня рухацца ў такім кірунку, але я ня веру ў тое, што гэта можа атрымацца. Бо тыя крокі, якія мы назіраем цяпер, для гэтага відавочна недастатковыя. Гэта імітацыя, а не рэальныя крокі. Хто ў гэта паверыць? Некалькі дзясяткаў выйшлі, а паўтары тысячы толькі афіцыйных палітвязьняў працягваюць сядзець.
Увогуле я зусім ня супраць таго, каб розныя дэмакратычныя палітыкі працавалі па розных трэках. Калі нехта працуе непублічна за вызваленьне ўсіх палітвязьняў, я толькі «за». А іншыя працуюць над санкцыямі, над павялічэньнем ціску на рэжым, і адно другому не перашкаджае.
Калі нехта лічыць, што вяртаньне амбасадараў у Менск паспрыяе вызваленьню ўсіх палітвязьняў — хай працуюць над гэтым. Навошта штучна аб’ядноўваць прыхільнікаў супрацьлеглых стратэгіяў? Гэта будзе толькі замінаць і тым, і тым займацца сваёй справай.
— Але хіба праца ў процілеглых кірунках ня будзе замінаць агульнай справе і адзінай стратэгіі?
— Як можна забараніць камусьці, хто займаецца нейкімі перамовамі з рэжымам, не займацца імі? Яны ўсё роўна будуць гэтым займацца. Калі некаторыя лічаць, што ў працы каманды Ціханоўскай няма вынікаў і што ў іх лепшая стратэгія, хай паспрабуюць дасягнуць посьпехаў хутчэй і прадэманструюць лепшы вынік.
Можа быць, і варта прайсьці этап падзелу, зьмірыцца з тым, што ў нас, як у кожным парлямэнце, ёсьць левыя і правыя, людзі з рознымі падыходамі, прыхільнікі мяккага і цьвёрдага шляху. Пабачым, які падыход стане больш выніковым.
Форум