Вырак трэнэру ў Берасьці
Берасьцейскі абласны суд 25 ліпеня асудзіў 63-гадовага трэнэра ў настольным тэнісе Юрыя Лагадзюка на 2 гады калоніі, піша «Вясна». Пра вырак стала вядома толькі цяпер. Лагадзюка прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Tribuna.com Беларусь назвала яго адным з найлепшых беларускіх трэнэраў у настольным тэнісе. Працэс пачаўся 24 ліпеня ў Берасьцейскім абласным судзе. Прысуд вынес судзьдзя Андрэй Сіз.
63-гадовы Юры Лагадзюк прысьвяціў сваё жыцьцё рэабілітацыі людзей з інваліднасьцю праз настольны тэніс. Ягоныя спартоўцы нярэдка выйграюць на спаборніцтвах у Беларусі і ў іншых краінах.
Трэнэр дапамог сотням людзей з інваліднасьцю жыць звычайным жыцьцём, паведамляла «Наша ніва».
Прадстаўнікоў менскага стартап-хаба «Імагуру» пачнуць судзіць 2 верасьня
У Менскім гарадскім судзе прызначылі разгляд крымінальнай справы супраць Тацяны Марыніч, Анастасіі Хамянковай, а таксама Яўгена Пугача. Іх абвінавачваюць агулам паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»).
Тацяну Марыніч і Анастасію Хамянкову будуць судзіць завочна, а Яўген Пугач утрымліваецца пад вартай зь ліпеня 2023 году. Справу прызначылі весьці Любоў Сімохіну.
Паводле сьледзтва, акрамя іншага, Марыніч і Хамянкова нібыта маюць дачыненне да «ўчыненьня шэрагу злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці». Яны нібыта «стварылі і кіравалі экстрэмісцкім фармаваньнем, на інтэрнэт-рэсурсах якога разьмяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы, накіраваныя на падтрымку масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў 2020 годзе».
50-гадовага жыхара Віцебску асудзілі на 2 гады калёніі за камэнтары пра Лукашэнку
У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 8 жніўня асудзілі Ерванда Марцірасяна паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Кузьмічонак.
Як паведаміла «Віцебская вясна», Ерванду прызначылі два гады калёніі агульнага рэжыму.
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у стане алкагольнага ап’яненьня, знаходзіўся ў службовым аўтамабілі і ў прысутнасьці супрацоўнікаў Дэпартаменту аховы «неаднаразова прамовіў выразы абразьлівага характару» у бок Лукашэнкі.
Чатырох берасьцейцаў пазбавілі волі за ўдзел у пратэстах 2020 году
У судзе Ленінскага раёна Берасьця 8 жніўня агучылі прысуд чатыром берасьцейцам, якіх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у пратэсьце 10 жніўня 2020 году.
Палітзьняволеным Алегу Літвінчуку і двум братам Мацьвею і Леаніду Аверчукам прызначылі паўтара года зьняволеньня, а Аляўціне Гудковай — адзін год зьняволеньня.
Справу супраць палітвязьняў разглядаў Андрэй Грушко, на рахунку якога мінімум 29 палітычных прысудаў па крымінальных справах. У 2021 годзе ён адправіў у калёніі на тэрміны ад трох з паловай да пяці гадоў калёніі за ўдзел у пратэстах 13 палітвязьняў.
Па інфармацыі «Берасьцейскай Вясны», агулам вядома пра 37 асуджаных за гэту акцыю. Толькі за гэтую вясну асудзілі ўжо больш за 20 чалавек.
Форум