Выканаўцу абавязкаў старшыні зьліквідаванай Партыі БНФ судзяць завочна
У Горадзенскім абласным судзе 19 жніўня пачаўся завочны судовы працэс над Вадзімам Саранчуковым, выканаўцам абавязкаў старшыні Партыі БНФ (у Беларусі дэ-юрэ зьліквідаванай), паведаміла «Вясна».
Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Справу разглядае судзьдзя Аляксандар Козел.
Спэцвядзеньне ў дачыненьні да Саранчукова распачалі ў сакавіку.
Экс-басіста «Крамы» асудзілі на «хатнюю хімію» за пратэсты
Былога бас-гітарыста беларускага гурту «Крама» Руслана Праўду асудзілі на «хатнюю хімію» паводле пратэставага артыкула. Які менавіта тэрмін ён атрымаў — невядома, паведамляе «Люстэрка».
Прысуд вынес суд Маскоўскага раёну Менску ў канцы чэрвеня. Руслана Праўду судзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Санкцыя артыкула прадугледжвае ад 2 да 5 гадоў абмежаваньня волі або да 4 гадоў пазбаўленьня волі.
Разам зь ім па справе праходзілі яшчэ два чалавекі — Віталь Краўцоў і Ігар Лысечка, якое пакараньне ім прызначылі — таксама невядома. Усе трое асуджаных абскардзілі прысуд, апэляцыю будуць разглядаць у Менскім гарадзкім судзе 20 жніўня.
Руслан Праўда граў у гурце «Крама» некалькі гадоў з моманту стварэньня калектыву ў 1991 годзе. З 2004 году ён граў у гурце The Little Blues Band.
Поўны цёзка Віталя Краўцова ў 2020 годзе быў сябрам участковай выбарчай камісіі ў школе № 203 у менскім мікрараёне Ўручча. Камісія вывесіла выніковы пратакол, паводле якога Сьвятлана Ціханоўская набрала 1051 голас, а Аляксандар Лукашэнка — 683.
У Горадні за дапамогу палітвязьням судзяць пэнсіянэрку
У Горадзенскім абласным судзе 19 жніўня пачалі разглядаць крымінальную справу 68-гадовай жыхаркі Берасьця Натальлі Жыгар. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч.2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), піша «Вясна».
Справу разглядае судзьдзя Валеры Раманоўскі.
Паводле інфармацыі «Берасьцейскай Вясны», справа, як мяркуецца, зьвязаная з падтрымкай людзей, якіх утрымліваюць у СІЗА.
За апошнія некалькі месяцаў паводле гэтага ж артыкула ўжо асудзілі жыхарак Берасьця Ірыну Пагадаеву і Натальлю Малец. Ім прызначылі тры і тры з паловай гады калёніі адпаведна. Абедзьвюх жанчын судзілі за грашовыя пераводы палітвязьням.
Менчука затрымалі пасьля зьяўленьня ў чат-рулетцы ва ўкраінскага блогера
Сілавікі затрымалі мужчыну, які 8 месяцаў таму паразмаўляў з украінскім блогерам Rusha Goodbye у чат-рулетцы. Падчас таго стрыму ён па-беларуску разважаў пра «сытуацыю ў сьвеце» і крытыкаваў рэпрэсіі ў Беларусі.
«Пакаяльнае» відэа зь менчуком зьявілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў, блізкіх да сілавікоў. У ім мужчына кажа, што ня ведаў, што гэта быў блогер.
Як вынікае зь відэа сілавікоў, у кватэры ў мужчыны знайшлі бел-чырвона-белы сьцяг і мэдаль з надпісам «23.34» (адсылка да «старога» артыкула 23.34 КаАП аб парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Таксама мужчыну на відэа прымусілі сказаць, што ён беспрацоўны.
Дзе цяпер затрыманы мянчук і ў чым яго абвінавачваюць, невядома.
У Віцебску пачаўся чарговы суд за «абразу Лукашэнкі»
У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебска 19 жніўня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Ігара Атрафіменкі. Віцябляніна абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), паведамляе «Вясна».
Працэс вядзе судзьдзя Сьвятлана Кузьмічонак. Падрабязнасьці суду і крымінальнай справы супраць Ігара Трафіменкі праваабаронцам не вядомыя.
Паводле сацсетак, Ігару Атрафіменку 50 гадоў. Ён вучыўся ў Віцебскай акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны.
Шматдзетную маці Надзею Пташынскую асудзілі да «хатняй хіміі» паводле «народнага» артыкулу
Суд над Надзеяй Пташынскай прайшоў 19 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Жанчыне ставілі віну ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Справу разглядала судзьдзя Юліяна Шчэрба, якая вынесла ўжо дзясяткі палітычна матываваных прысудаў.
Як даведалася аб’яднаньне «Хрысьціянская візія», па выніках суду Надзея Пташынская атрымала «хатнюю хімію» і была вызваленая ў залі суда. Да суда жанчыну ўтрымлівалі пад вартай.
Надзея Пташынская — верніца адной зь менскіх эвангельскіх цэркваў, шматдзетная маці. Юрыстка паводле адукацыі, скончыла Міжнародны інстытут кіраваньня і прадпрымальніцтва ў 2002 годзе. У яе шмат падпісак на паблікі, прысьвечаныя беларускай мове і культуры, сваю старонку яна вяла ў тым ліку па-беларуску.
Форум