8 жніўня, праз два дні пасьля пачатку ўкраінскай апэрацыі ў Курскай вобласьці, віцэ-прэм’ерка Ўкраіны, міністарка ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Ірына Верашчук заявіла аб спыненьні руху праз гуманітарны калідор Калацілаўка (Белгарадзкая вобласьць, Расея) — Пакроўка (Сумская вобласьць, Украіна; адзіны дзейны пункт на мяжы з Расеяй).
Яна заклікала грамадзян Украіны, якія вяртаюцца з акупацыі або эвакуююцца з памежнай з Расеяй тэрыторыі, выкарыстоўваць пункт пропуску «Макраны — Даманава» на мяжы зь Беларусьсю.
Украінская служба Радыё Свабода высьветліла, як працуе эвакуацыйны калідор празь Беларусь і колькі украінцаў яго выкарыстоўвае.
Найскладаней — прайсьці фільтрацыю
Валянтэр Андрэй Кісялёў, які дапамагае ўкраінцам бясплатна выехаць з акупаванай часткі Херсонскай вобласьці, адзначыў, што пункт «Калацілаўка — Пакроўка» быў найбліжэйшым для вяртаньня на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю. Цяпер гэты шлях будзе даўжэйшы і больш затратны.
«Калацілаўка — гэта найбліжэйшы шлях быў. Хоць ён там складаны па фільтрацыях, бо там спачатку вязеш у Новаазоўск (акупаваная частка Данецкай вобласьці. — РС) — фільтрацыя страшная там, і другая фільтрацыя адбывалася на самім пункце пропуску „Калацілаўка“. Людзі найбольш баяцца фільтрацыі. Мала таго, што там расейская фільтрацыя, то цяпер будуць яшчэ беларускія спэцслужбы ўсё адфільтроўваць. Таму могуць трымаць па 12 гадзін», — сказаў Андрэй Кісялёў.
Паводле яго, арганізаваць дарогу і лягістыку праз Расею, а потым яшчэ і празь Беларусь, будзе больш складана. Цяпер, кажа валянтэр, найчасьцей выяжджаюць мамы зь дзецьмі і старыя, якім цяжка вытрымаць такую дарогу.
«Шлях празь Беларусь змогуць вытрымаць ня ўсе»
Кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Вывезем», валянтэр Дзяніс Мінін кажа, што пункт «Макраны — Даманава» з боку Беларусі працаваў і раней. Але жыхары акупаваных Расеяй тэрыторый не карысталіся ім, бо гэта вельмі доўгі шлях.
«Уявіце сабе, гэта амаль 2500 кілямэтраў, калі чалавек выяжджае зь Мелітопаля, Бярдзянску, Марыюпалю, якія трэба праехаць. То бок людзі звычайна едуць да Растова, з Растова потым едуць у кірунку Беларусі — гэта можа быць горад Гомель, Менск, а потым адтуль едуць на гэты прапускны пункт, які мяжуе з Валынскай вобласьцю Ўкраіны. Гэты шлях прыблізна такі, калі з Кіева ехаць да Мадрыду. Неймаверна цяжка яго вытрымаць, асабліва старым людзям», — сказаў Дзяніс Мінін.
Пункт «Макраны — Даманава» немагчыма праехаць на аўтамабілі. Такія ж умовы перасячэньня былі і ў Сумскай вобласьці.
«Гэты памежны пункт працуе штодзень, яго можна праходзіць толькі пешшу, адзінае, што трэба — падрыхтавацца да доўгай дарогі. Таму ўсе, хто зараз зьвяртаецца да мяне або да маіх калег-валянтэраў, першае пытаньне, якое задаю — які стан здароўя вашага блізкага чалавека? Калі чалавек слабы, ён можа ня вытрымаць дарогі», — расказаў валянтэр.
Цяпер праз пункт пропуску «Макраны — Даманава» ва Ўкраіну штодзень вяртаюцца каля 30 грамадзян Украіны. Нядаўна валянтэры і памежнікі зарэгістравалі тут найбольшую колькасьць, калі зь беларускага боку мяжу перайшлі амаль 70 чалавек. Цяпер на ўкраінскі бок пункту пропуску перамясьціліся і валянтэры, якія раней дапамагалі ў Сумскай вобласьці. Яны прагназуюць, што колькасьць украінцаў, якія ўцякаюць з расейскай акупацыі празь Беларусь, будзе павялічвацца.
Улады Ўкраіны паведамілі, што ранейшы гуманітарны калідор на мяжы Белгарадзкай вобласьці Расеі і Сумскай вобласьці Ўкраіны адновіць сваю працу толькі ў тым выпадку, калі сытуацыя зь бясьпекаю палепшыцца.
Раней улады меркавалі, што гэта можа адбыцца не раней, чым праз 10 дзён.
- Украіна пачала сваю апэрацыю ў Курскай вобласьці 6 жніўня. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню абвясьцілі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
- 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82.
- Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне вайсковых камэндатур і арганізацыю перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны» і пра магчымае стварэньне вайсковых камэндатур у паселішчах, якія кантралююць украінскія вайскоўцы.
- Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
Форум