Віцэ-прэм’ерка Ўкраіны, міністарка у пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Ірына Верашчук паведаміла аб спыненьні руху гуманітарным калідорам Калацілаўка (Белгарадзкая вобласьць, Расея) — Пакроўка (Сумская вобласьць, Украіна; адзіны дзейны пункт на мяжы з Расеяй).
«На сумскім кірунку цяпер абвастрэньне. Вораг абстрэльвае нашыя тэрыторыі. [...] Сёньня прыпынілі дзеяньне гуманітарнага калідору „Калацілаўка – Пакроўка“. Як кажуць вайскоўцы, гэта прынамсі на 10 дзён», — працытавала Ірыну Верашчук украінская служба Радыё Свабода.
Паводле яе, цяпер грамадзян, якія вяртаюцца з акупацыі або эвакууюцца з памежнай з Расеяй тэрыторыі, перанакіроўваюць на гуманітарны калідор «Макраны – Даманава» на мяжы зь Беларусьсю.
«Усё, што было на сумскім кірунку, будзе забясьпечана людзям на кірунку Беларусь — Валынь», — падкрэсьліла Ірына Верашчук.
«Хачу зьвярнуцца да людзей. Калі вы хочаце выехаць з акупацыі ва Ўкраіну, то едзьце, калі ласка, праз Рэспубліку Беларусь. Пры неабходнасьці зьвярніцеся на нашу гарачую лінію, калі маеце праблемы з дакумэнтамі або якія-небудзь іншыя. Мы дапаможам», — заявіла віцэ-прэм’ер-міністарка Украіны, міністарка у пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Ірына Верашчук.
Сытуацыя на мяжы Сумскай вобласьці Ўкраіны і Курскай вобласьці Расеі абвастрылася 6 жніўня пасьля таго, як пачаліся баявыя дзеяньні на расейскай тэрыторыі.
Баі і абстрэлы на памежжы Сумскай вобласьці з Курскай вобласьцю працягваюцца ўжо трэці дзень. Зьвязаны зь Міністэрствам абароны Расеі Telegram-канал «Рыбарь» паведаміў, што ўкраінскае войска заняло некалькі населеных пунктаў.
Сумская вобласьць Украіны мяжуе зь Белгарадзкай і Курскай вобласьцямі Расеі.
Форум