Пра гэта са спасылкай на старонку мастака-акцыяніста ў «Фэйсбуку» паведамляе агенцтва «Позірк».
Рашэньне скасаваць дэпартацыю прыняў Мэлюнскі адміністрацыйны суд 14 жніўня, гэта было чацьвёртае судовае пасяджэньне з удзелам мастака.
«Разам з тым, на волю ён не выйшаў. Яго зноў завязалі поясам, закавалі ў кайданкі і павезьлі ў аўтазаку ў дэпартацыйны цэнтар. Цяпер вырашаецца куды ён будзе вывезены. На судзе было выказана меркаваньне, што Кузьміч можа быць дэпартаваны ў Расею», — сьцьвярджаецца ў паведамленьні.
Адзначаецца, што Кузьміч дзявяты дзень трымае галадоўку, на судзе яго абараняюць тры адвакаты.
2 жніўня суд Понтуаза (прыгарад Парыжу) пастанавіў дэпартаваць Кузьміча ў Беларусь. Таксама яго аштрафавалі на 3 тыс. эўра і прыгаварылі да месяца ўмоўнага зьняволеньня. 7 жніўня мастак аб’явіў галадоўку.
Цяпер Кузьміч утрымліваецца ў дэпартацыйным цэнтры. Мастак быў затрыманы падчас пэрформансу — ён раскопваў магілу нідэрляндзкага мастака Вінцэнта Ван Гога на муніцыпальных могілках у францускім горадзе Овэр-сюр-Уаз.
- У лютым 2024 году Кузьміч быў эвакуіраваны зь Беларусі фондам салідарнасьці BySоl, пасьля таго як прыехаў у краіну ў сувязі са сьмерцю бабулі. Як мяркуецца, на яго заведзеная крымінальная справа.
Форум