Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады не разумеюць, як можна працаваць з грамадзтвам без рэпрэсіяў, — сацыёляг Коршунаў


Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі ў Беларусі, Вільня, 21 траўня 2024 году.
Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі ў Беларусі, Вільня, 21 траўня 2024 году.

Старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў, сацыёляг Генадзь Коршунаў вылучае тры самыя распаўсюджаныя на сёньня формы палітычных рэпрэсіяў; адзначае, што сярод «экстрэмісцкіх матэрыялаў» усё больш дастаткова выпадковых крыніцаў; і заяўляе, што ўлада ня мае канструктыўнага бачаньня вырашэньня крызісу 2020 году.

Сьцісла:

  • Колькасьць людзей, якіх закранулі палітычныя рэпрэсіі, павялічваецца (наўпрост альбо ўскосна, праз знаёмых).
  • Зьявілася тэндэнцыя перасьледу нават за атрыманьне дапамогі, за карыстаньне праявамі салідарнасьці.
  • Ёсьць адчуваньне, што да рэпрэсіўнай машыны сапраўды даведзеныя нейкія плянавыя паказчыкі.
  • Назіраецца тэндэнцыя ціску на тых, хто калісьці трапляў у жорны гэтай машыны.
  • Улада ня мае канструктыўнага бачаньня вырашэньня таго крызісу, які выбухнуў у 2020 годзе.

— Як на сёньня можна ацаніць маштаб рэпрэсіяў у Беларусі? Калісьці вы казалі пра «плято», потым вымушаныя былі прызнаць, што яго няма, што аб’ём рэпрэсіяў павялічваецца. Як выглядае сытуацыя цяпер, якія асноўныя тэндэнцыі і асаблівасьці варта найперш адзначыць у гэтым працэсе?

— Сапраўды, рэпрэсіўны ціск вельмі зьменлівы, адносна розных паказьнікаў назіраюцца розныя тэндэнцыі. На канец 2023 году можна было гаварыць пра пэўную «стабілізацыю», пра тое, што тэмпы ціску зьмяншаюцца (таму я і казаў пра «плято» рэпрэсіяў на той пэрыяд). Аднак цяпер можна канстатаваць, што тыя чаканьні ня спраўдзіліся, ціск на грамадзтва падвышаецца — і гэта, відавочна, можна зьвязваць з уваходам у новы электаральны цыкль.

Рэжым заўсёды аддаваў шмат увагі выбарчым кампаніям, такім імітацыйным формам, якія не супадалі зь ягонай сутнасьцю. Таму сёньня можна адзначыць, што рэпрэсіі нарастаюць, павялічваецца колькасьць людзей, якіх рэпрэсіі закранаюць (альбо наўпрост, альбо ўскосна, праз знаёмых).

Важна дадаць, што мы ня можам дакладна ацаніць карціну рэпрэсіўнага ціску, бо заўсёды застаецца вялікая колькасьць справаў, якія невядомыя праваабаронцам. Частка судоў праводзіцца ў закрытым рэжыме, зьвесткі пра іх не трапляюць у мэдыя. Зь іншага боку, нярэдка самі людзі, якія трапляюць пад перасьлед, просяць не афішаваць гэтыя факты, каб мінімізаваць уплыў на судзьдзяў, каб тыя не давалі большых тэрмінаў.

— Якія формы рэпрэсіяў найчасьцей ужываюць сілавікі, каго і за што затрымліваюць і прыцягваюць да суду? Ці гэта перасьлед тых, хто браў удзел у пратэстах 2020 году, ці рэпрэсіі за цяперашнюю дзейнасьць, камэнтары ў сацсетках і гэтак далей?

— Я б вылучыў тры асноўныя пазыцыі, якія назіраюцца фактычна безь вялікіх зьменаў цягам апошніх гадоў. Па-першае, як мы бачым, дасюль уладам не даюць спакою падзеі 2020 году, працягваюцца затрыманьні, суды, даюцца вялікія тэрміны.

Другі момант — перасьлед за розныя праявы салідарнасьці. Усплёск такіх рэпрэсіяў мы назіралі сёлета, у 2024 годзе. Зьявілася тэндэнцыя перасьледу нават за атрыманьне дапамогі, за карыстаньне праявамі салідарнасьці, — гэта нешта новае.

Трэці пункт — гэта перасьлед за інфармацыйна-камунікацыйную дзейнасьць, за якую караюць як за «экстрэмізм». Чытаць незалежныя медыя, зьбірацца ў нейкія суполкі і вырашаць самастойна розныя пытаньні — гэта цяпер ужо экстрэмізм. Аналіз зьместу тых старонак, якія прызнаюцца «экстрэмісцкімі матэрыяламі», паказвае, што там усё больш дастаткова выпадковых крыніцаў. Раней было зразумела, за што прызнаюцца экстрэмісцкімі лякальныя чаты, старонкі палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і гэтак далей.

А цяпер суды прызнаюць «экстрэмісцкімі матэрыяламі» асабістыя старонкі, суполкі людзей, якія аб’ядноўваюцца дзякуючы агульнаму хобі, гумарыстычныя праекты і гэтак далей. Ёсьць адчуваньне, што ў рэпрэсіўнай машыны сапраўды ёсьць нейкія плянавыя паказьнікі. Зьніжаць плянку квартальнай справаздачнасьці яны ня могуць (хутчэй яе завышаюць), але падаецца, што яны ўжо ня ведаюць, чым непасрэдна насычаць сваю дзейнасьць. Таму здараюцца такія рэчы, калі прызначаюць «экстрэмісцкай» суполку, якая была прысьвечана руху грамадзянскага транспарту, альбо цалкам замежны рэсурс, прысьвечаны жывёлам-драпежнікам.

— Наколькі на сёньня распаўсюджаная практыка «чарговых тэрмінаў» — то бок калі сілавікі прыходзяць да тых людзей, якія ўжо адбылі пакараньне і выйшлі на свабоду? Некаторыя хацелі заставацца на радзіме, але з прычыны ціску вымушаныя былі зьехаць. Проста сілавікам прасьцей ісьці па старых адрасах, ня хочацца працаваць у новых справах? Ці гэта робіцца дзеля выцісканьня з краіны тых, хто вырашае застацца?

— Рэпрэсіўная машына мусіць працаваць, паказваць вынікі сваёй дзейнасьці. Але расьці экстэнсіўна, захопліваць новыя сацыяльныя групы — гэта ў пэўнай ступені рызыкоўна, падвышае напружанасьць у грамадзтве. Магчыма, яны гэта разумеюць, і таму ёсьць тэндэнцыя ціску на тых, хто калісьці трапіў у жорны гэтай машыны, і на выцісканьне гэтых людзей зь Беларусі.

І гэта вельмі нерацыянальная стратэгія, бо і так у эканоміцы Беларусі мы бачым недахоп кваліфікаваных кадраў, асабліва высокапрафэсійных.

— «Вечнае» пытаньне, якое, аднак, мае розныя адказы ў розныя пэрыяды: у чым на сёньня палітычны сэнс і матывы для ўлады працягваць рэпрэсіі?

— Тут працуюць чыньнікі двух узроўняў. Першае — тактычнага пляну. Гэта, як я ўжо казаў, рэжым падрыхтоўкі да электаральнай кампаніі. Другі, стратэгічны момант, палягае ў тым, што ўлада ня мае канструктыўнага бачаньня вырашэньня таго крызісу, які выбухнуў у 2020 годзе. Яны не разумеюць, што можна рабіць з грамадзтвам, акрамя рэпрэсіяў. Біць па галовах яны ўмеюць, а варыянты іншага разьвіцьця падзеяў проста ня могуць прыдумаць.

Тэарэтычна, магчыма, у глыбінях апарату існуюць нейкія прапановы, але яны баяцца нават проста вынесьці гэтыя прапановы на паверхню, бо рэпрэсіўнае лобі, лобі сілавікоў адразу такія прапановы можа разглядаць як «здраду дзяржаве». Бо зараз у Беларусі правяць баль сілавікі.

— Нядаўна былі вызваленыя 18 палітвязьняў, але ні пра якія крокі ў адказ з боку Захаду, здаецца, не чуваць (магчыма, мы ня ўсё ведаем). Цяпер Васкрасенскі абзвоньвае родных палітвязьняў і агітуе, каб палітвязьні пісалі прашэньні аб памілаваньні. Што гэта азначае, дзеля чаго ўлады кропкава вызваляюць палітвязьняў, чаго яны дабіваюцца?

— Можна толькі радавацца, што абазначылася такая тэндэнцыя — калі гэта сапраўды тэндэнцыя, а ня нейкая разавая акцыя. Даволі складана гаварыць пра прычыны і вылучаць нейкія даказаныя гіпотэзы. Мы бачылі, як беларускія палітвязьні ня трапілі ў сьпіс тых, каго вызвалілі ў вялікім абмене паміж Расеяй і Захадам.

Працэсы ідуць на самых розных узроўнях. Мы можам адзначаць розныя заявы (напрыклад, польскіх уладаў), якія сьведчаць, што нейкія закулісныя перамовы працягваюцца. Аднак нейкія грунтоўныя і пераканаўчыя вэрсіі я б ня стаў вылучаць, бо для гэтага ня маю дастатковай інфармацыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG