Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьняў прымушаюць пісаць прашэньні аб памілаваньні, — «Вясна»


Выстава партрэтаў палітвязьняў на дні салідарнасьці, Вільня, травень 2024 году.
Выстава партрэтаў палітвязьняў на дні салідарнасьці, Вільня, травень 2024 году.

Праваабаронцы атрымліваюць сьведчаньні таго, што апошнім часам палітвязьняў масава прымушаюць пісаць прашэньні аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Гэта адбываецца ў розных месцах няволі па ўсёй краіне.

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал праваабарончага цэнтру «Вясна».

У ліпені «Вясна» паведамляла, што ў наваполацкую калёнію № 1 кожны дзень прыяжджаюць прадстаўнікі менскай пракуратуры, якія прымушаюць палітвязьняў пісаць прашэньні аб памілаваньні.

Таксама ў апошнія тыдні актывізаваўся Юры Васкрасенскі — ён тэлефануе родным палітвязьняў і расказвае ім пра ўмовы і акалічнасьці памілаваньня, агітуючы, каб іх сваякі за кратамі напісалі прашэньне на імя Лукашэнкі.

Як нагадвае інфармацыйнае агенцтва «Позірк», раней пра «масавы збор прашэньняў аб памілаваньні ад палітвязьняў у калёніях, турмах і папраўчых установах адкрытага тыпу» паведамляла праваабарончая ініцыятыва Dissidentby.

На пачатку ліпеня праваабаронцы паведамілі пра вызваленьне 18 палітвязьняў. Адзін зь іх — асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі былы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Пасьля стала вядома пра выхад на волю Дар’і Лосік, Тамары Астрэйкі, Сьвятланы Лупач, Кацярыны Мадзянковай і Паліны Палавінкі.

Усе названыя жанчыны ўтрымліваліся ў папраўчай калёніі № 4 у Гомлі. У пэрсанальных картах на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна» адзначана, што яны вызваленыя па амністыі ці памілаваньні.

  • Васкрасенскі падчас электаральнай кампаніі 2020 году быў валянтэрам каманды экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта, цяпер палітвязьня Віктара Бабарыкі. Быў затрыманы, амаль два месяцы знаходзіўся ў СІЗА КДБ па абвінавачаньні па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў). Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
  • Пасьля перайшоў на бок улады, стварыўшы ў канцы 2020 году ў якасьці «апэратара нацыянальнага грамадзка-палітычнага дыялёгу ад апазыцыі» інфармацыйна-аналітычную ўстанову «Круглы стол дэмакратычных сілаў».
  • У 2021–2022 годзе ўстанова актыўна арганізоўвала мерапрыемства ў рамках «канстытуцыйнай рэформы», Васкрасенскі быў актыўна задзейнічаны ў прапагандысцкіх праграмах, роліках, інтэрвію.
  • У траўні 2024 году ўстанова знаходзілася ў стадыі самаліквідацыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG