Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» назвала новую колькасьць палітвязьняў за пэрыяд ад 2020 году


Горадзенская турма. Ілюстрацыйнае фота.
Горадзенская турма. Ілюстрацыйнае фота.

Зь лета 2020 году праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі 3390 чалавек, зь іх 615 жанчын, гаворыцца ў справаздачы Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Асноўныя тэзы справаздачы:

  • У Беларусі захоўваецца крытычна высокі ўзровень рэпрэсій у дачыненьні да палітычных праціўнікаў рэжыму і іншадумцаў; пагроза перасьледу актуальная для ўсіх, хто браў удзел у пратэставых выступах ці крытычна выказваўся адносна палітычнай сытуацыі ў краіне; пад пагрозай усе тыя, хто выказваў меркаваньне ці падтрымліваў пратэставыя структуры.
  • Зь лета 2020 году праваабарончая супольнасьць прызнала палітзьняволенымі 3390 чалавек, зь іх 615 жанчын. На канец ліпеня 2024 году ў Беларусі ў месцах пазбаўленьня волі знаходзіўся 1391 палітвязень, зь іх 180 жанчын; за месяц праваабарончая супольнасьць прызнала такімі 63 чалавек.
  • Праваабаронцы: ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімер Лабковіч, каардынатарка Валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, валянтэр Андрэй Чапюк, а таксама Наста Лойка, адвольна асуджаныя да пазбаўленьня волі, — адбываюць пакараньне ў папраўчых калёніях.
  • Вядома пра некалькі палітвязьняў, якія ўтрымліваюцца працяглы час у рэжыме інкамунікада; так, Марыя Калесьнікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі больш за год пазбаўленыя кантактаў з навакольным сьветам, у тым ліку ўнутры калёній (таксама ў рэжыме інкамунікада знаходзяцца Ігар Лосік, Максім Знак і іншыя вязьні – РС).
  • Працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзян за рэалізацыю сваіх правоў: у ліпені «Вясна» атрымала інфармацыю пра ня менш як 221 выпадак палітычна матываваных рэпрэсій, якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу, зь іх ня менш за 30 адміністрацыйных спраў, разгледжаных судамі.
  • Праваабаронцы «Вясны» падсумавалі вынікі палітычна матываванага крымінальнага перасьледу за чэрвень: колькасьць судовых працэсаў паводле палітычна матываваных крымінальных спраў па-ранейшаму застаецца высокай. Згодна з папярэднімі зьвесткамі, на працягу чэрвеня былі асуджаныя мінімум 146 чалавек: 98 мужчын і 48 жанчын. Больш за палову асуджаных перасьледаваліся за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
  • Паводле абвінавачаньня ў зьдзяйсьненьні тэрарыстычнага акту і іншых злачынстваў «экстрэмісцкага» характару грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня. Гэта першы ў Беларусі прысуд да выключнай меры пакараньня за дзеяньні, якія не пацягнулі за сабой чалавечых ахвяраў.
  • Улады па-ранейшаму папаўняюць сьпісы асобаў і фармаваньняў, датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці, экстрэмісцкіх матэрыялаў.
  • Праваабаронцы «Вясны» працягваюць рэгулярна выяўляць і дакумэнтаваць факты ўжываньня катаваньняў і забароненых відаў абыходжаньня падчас расьсьледаваньня палітычна матываваных крымінальных спраў, забароненых відаў абыходжаньня ў адміністрацыйным працэсе, а таксама перасьледу і пазбаўленьня волі з палітычных матываў; зьняволеныя пазбаўленыя належнага ўзроўню мэдычнага абслугоўваньня.
  • У сваім заключным штогадовым дакладзе Радзе па правах чалавека ААН спэцыяльная дакладчыца ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн падзяліла даўнюю занепакоенасьць ААН і міжнароднай супольнасьці з нагоды здушэньня дэмакратычных свабод і іншых сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.
  • Эўрапейская служба вонкавых дзеяньняў заявіла, што ў краіне па-ранейшаму застаецца больш як 1400 палітычных зьняволеных, у тым ліку вязьняў, якія ня маюць магчымасьці кантактаваць з тымі, хто знаходзіцца на волі, на працягу нявызначанага часу, якія маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, старэйшых за 60 гадоў, непаўналетніх, людзей з інваліднасьцю, а таксама з псыхічнымі захворваньнямі.
  • Некаторыя з гэтых зьняволеных маюць патрэбу ў тэрміновай мэдычнай дапамозе і знаходзяцца ў небясьпечным для жыцьця стане. ЭЗ заклікаў да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных.

Цалкам справаздачу праваабарончага цэнтру «Вясна» пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі за ліпень можна прачытаць тут.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG