Дзед галоўнакамандуючага Ўзброеных сіл Украіны Аляксандра Сырскага нарадзіўся на тэрыторыі Беларускай ССР.
Як паведаміў Белсат, яго дзед Пракоп Сырскі нарадзіўся ў 1906 годзе ў вёсцы Кузьмінічы Чавускага раёну Магілёўскай вобласьці.
Гэтую інфармацыю выданьне спраўдзіла на некалькіх расейскіх праектах «Подвиг народа» «Дорога памяти». Ён служыў у савецкім войску ў часе Другой усясьветнай вайны. У дакумэнтах на ўзнагароджаньне пазначана, што ягоная нацыянальнасьць — беларус.
Згодна з сайтам «Память народа», Пракоп Сырскі служыў выведнікам. За тое, што на тэрыторыі сёньняшняй Наўгародзкай вобласьці выкрыў знаходжаньне нямецкіх войскаў, якія перашкаджалі руху савецкай пяхоты, быў узнагароджаны ў 1942 годзе мэдалём «За Адвагу». Вайну скончыў у званьні старшага сяржанта ці старшыны, быў узнагароджаны таксама ордэнам Чырвонай Зоркі і мэдалём «За перамогу над Нямеччынай». Памёр у 1984 годзе.
Ягоны ўнук Аляксандар Сырскі нарадзіўся ў 1965 годзе ў вёсцы Навінкі Ўладзімірскай вобласьці РСФСР у сям’і вайскоўца. У 1970-я бацьку перавялі служыць ва Ўкраіну, куды ўсьлед за ім пераехала і ўся сям’я. Сваім родным горадам галоўнакамандуючы Ўзброеных сіл Украіны лічыць Харкаў.
А вось бацька з маці і братам Алегам пасьля вярнуліся ў Расею. Зь імі Аляксандар, як паведамляецца, кантактаў не падтрымлівае. А ў РФ пасьля 1991 году быў толькі аднойчы — на пахаваньні бабулі. Пра адсутнасьць кантактаў зь ім паведамляў і брат галоўнакамандуючага: «Я зь ім не камунікую, я нават ня ведаю, дзе ён».
Станам на 2013 год бацька Аляксандра Сырскага — Станіслаў Пракопавіч — быў вайсковым пэнсіянэрам у званьні палкоўніка, судзіўся з расейскім Міністэрствам абароны.
Вёску Кузьмінічы далучылі да Расейскай імпэрыі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. На пачатак ХХ стагодзьдзя яна належала да Быхаўскага павету Магілёўскай губэрні. У 1897 годзе тут жыло 586 асобаў. Суседнія з Кузьмінічамі Чавусы падчас вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй 1654–1667 гадоў былі цэнтрам Беларускага казацкага палку, што падначальваўся ўкраінскай Гетманшчыне. Полк спачатку ваяваў на баку маскоўскіх войскаў, а ў 1658 годзе перайшоў на бок Рэчы Паспалітай.
Важна адзначыць, што прозьвішча Галоўнакамандуючага ЗСУ дазваляе глыбей прасачыць гісторыю ягонай сям’і. Можна меркаваць, што першы яго носьбіт стаў называцца Сырскім у гонар сваёй роднай мясцовасьці — вёскі Сырск Кармянскага раёну Гомельскай вобласьці (цяпер у складзе Кармы). Яна прыблізна за 75–80 кілямэтраў ад Кузьмінічаў. У Расеі яна апынулася таксама ў 1772 годзе.
Форум