Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая Алімпіяда з гендэрнай роўнасьцю, фэномэн турэцкага стралка і спэкуляцыі вакол «трансгендэра». Разьбіраем гучныя падзеі з экспэрткай


Цырымонія закрыцьця Алімпійскіх гульняў у Парыжы, 11 жніўня 2024
Цырымонія закрыцьця Алімпійскіх гульняў у Парыжы, 11 жніўня 2024

Паспрабавалі паглядзець на Алімпіяду ў Парыжы з гледзішча гендэру і гендэрных стэрэатыпаў разам з гендэрнай дасьледніцай і сацыялягіняй Аленай Агарэлышавай. Экспэртка праааналізавала самыя гучныя выклікі Алімпіяды і вынікамі падзяліліся са Свабодай.

«Гэтая Алімпіяда нарэшце дасягнула гендэрнай роўнасьці»

Сёлетняя Алімпіяда ў Парыжы прыцягвае ўвагу ня толькі спартовымі спаборніцтвамі, але і скандаламі, і гучнымі абмеркаваньнямі, пачынаючы з самой цырымоніі адкрыцьця. Гендэрная дасьледніца Алена Агарэлышава найперш адзначае пазытыўныя рэчы.

Алена Агарэлышава
Алена Агарэлышава

— Гэтая Алімпіяда нарэшце дасягнула гендэрнай роўнасьці. Згодна з статыстыкай, якую я знайшла, нарэшце ёсьць больш-менш гендэрны балянс — спартоўцы жаночага і мужчынскага полу 50 на 50, роўны адсотак. Нарэшце праз колькі тысячаў гадоў правядзеньня алімпіядаў тут дасягнулі роўнасьці ў колькасьці мужчын і жанчын. Я думаю, што гэта вялікі добры паказьнік.

Прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах побач з мэрам Лос-Анджэлеса Карэн Бас, мэрам Парыжа Ан Ідальга падчас цырымоніі закрыцьця.
Прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах побач з мэрам Лос-Анджэлеса Карэн Бас, мэрам Парыжа Ан Ідальга падчас цырымоніі закрыцьця.

Як адзначыў на цырымоніі закрыцьця Алімпіяды 11 жніўня прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах, Алімпійскія гульні ў Парыжы 2024 года «упершыню адбываліся ў межах рэформаў нашага „Алімпійскага парадку дня“: больш маладыя, больш гарадзкія, больш інклюзіўныя, больш устойлівыя. Першыя ў гісторыі Алімпійскія гульні з поўным гендэрным парытэтам».

Экспэртка Агарэлышава кажа пра гендэрную роўнасьць на Алімпіядзе ня толькі сярод спартоўцаў, але і ў шэрагу іншых момантаў, напрыклад, на цырымоніі закрыцьця менавіта жанчына дырыгавала аркестрам.

Жанчын амаль няма ў гэтай прафэсіі, яна ўсё яшчэ застаецца вельмі мужчынскай з высокім парогам уваходу. У Беларусі, нягледзячы на магчымасьць атрымаць профільную адукацыю, доўгі час была толькі адна жанчына — дырыгентка аркестру.

Алюзія на «Бяседу багоў», а не на «Тайную вячэру»

Што да скандалаў, зьвязаных з Алімпіядай, то экспэртка падкрэсьлівае, што самыя гучныя адбываліся менавіта ў расейскамоўнай прасторы (на Алімпіядзе няма афіцыйных дэлегацыяў Расеі і Беларусі праз удзел гэтых дзяржаваў у вайне супраць Украіны. — РС).

— Першы выпадак зьвязаны з адкрыцьцём Алімпіяды, калі адно з шоў-пэрформансаў было расцэнена як абраза пачуцьцяў вернікаў. З аднаго пункту гледжаньня, гэта нібыта была інсцэнізацыя «Тайнай вячэры» Леанарда да Вінчы, што палічылі пэўнай абразай. Самі арганізатары пасьля хвалі абурэньня тлумачылі, што гэта была алюзія на «Бяседу багоў», карціну галяндзкага мастака Яна Хэрманса ван Бэйлерта, і што на ёй былі не Ісус з паплечнікамі, а банкет Дыёніса з багамі, раскоша, раздольле і віно як важная частка гэтага пэрформансу.

Як працуе крамлёўская прапаганда і чаму за гендэрным скандалам можа стаяць Расея

Яшчэ адзін скандал разгарэўся вакол прадстаўніцы Альжыру Іманэ Хеліф, якія пазьней выйграла залаты медаль Алімпійскіх гульняў у Парыжы.

Раней дзьвюх спартовак — алжырку Іманэ Хеліф і прадстаўніцу Тайваню Лінь Юйцін абвінавацілі ў зьмене полу і канкурэнтных перавагах з гэтай прычыны перад суперніцамі. Спартовак цкавалі з прычыны іхнай нібы неадназначнай полавай прыналежнасьці. Многія людзі прынялі заявы Міжнароднай асацыяцыі боксу, у кіраўніцтве якой дамінуе Расея, пра Хеліф і Лінь, за чыстую манэту, ператварыўшы дыскусію аб допуску спартовак у гарачую спрэчку з нагоды гендэрнай ідэнтычнасьці.

Экспэртка тлумачыць, якім чынам адбывалася маніпуляцыя ў расейскамоўнай прасторы.

— Калі гугліць па-расейску, то гэтая навіна падаецца так: «бедных жанчын прыніжаюць, няшчасная італьянская баксэрка была вымушаная баксаваць з мужчынам і ня здолела, менш за хвіліну працягваўся бой, і яна са сьлязьмі пакінула залю, проста немагчыма, куды коціцца сьвет».

Агарэлышава лічыць, што гэтая гісторыя ў тым ліку і пра гендэрныя стэрэатыпы, але больш — пра гендэрную прапаганду, у тым ліку крамлёўскую прапаганду.

— Яна выкарыстоўвае ўсе магчымыя скандалы, каб паказаць чарговы раз, «які жахлівы Захад за межамі „сьвятой расейскай імпэрыі“». Гэта тое, як пра гэтую сытуацыю гавораць, як філігранна замоўчваюць дэталі, пераварочваючы ўсё з ног на галаву, маючы на мэце распальваньне варожасьці і нянавісьці паміж рознымі краінамі і культурамі.

Іманэ Хеліф з залатым мэдалём
Іманэ Хеліф з залатым мэдалём

Як беларусам не паддацца на крамлёўскую прапаганду пра «трансгендэраў»

Экспэртка адзначае, што і многія беларусы паддаліся на гэты пасыл, і раіць:

— Галоўнае — не паддавацца на правакацыі, правяраць інфармацыю, задавацца пытаньнем, чаму ў адзін дзень ваша стужка была пустая, без навінаў пра Алімпіяду, а на наступны дзень вы адкрываеце стужку, а там усё пра скандал зь нібыта мужчынам, які ўдзельнічае ў жаночых алімпійскіх спаборніцтвах. Ёсьць пытаньні, чаму так атрымалася, чаму вы трапілі ў мэханізмы фэйсбуку і ў таргетынг, каб сумнеўныя рэсурсы вам падавалі такую інфармацыю менавіта цяпер.

У чым сутнасьць і перадгісторыя скандалу

Алена Агарэлышава згадвае, як раней Міжнародная асацыяцыя боксу адхіліла дзьвюх спартовак Лінь Юйцін і Іманэ Хеліф ад сусьветных спаборніцтваў, бо яны нібыта не здалі гендэрныя тэсты. Паводле экспэрткі, тут ёсьць некалькі «але».

— Спартоўцамі не становяцца ў дзень Алімпіяды. Гэтыя спартоўкі доўгі час ішлі да ўзроўню чэмпіянату, у іх была прафэсійная спартовая кар’ера. І, як у кожнага спартоўца, зьвесткі пра іх адкрытыя, ёсьць інфармацыя пра паразы і перамогі. І цягам усёй спартовай кар’еры яны, як усе прафэсійныя спартоўцы, праходзілі ўсе неабходныя тэсты і здавалі іх пасьпяхова.

Экспэртка задаецца пытаньнем, чаму менавіта праз 5–7 гадоў прафэсійнай кар’еры баксэркі гэты тэст нібыта правальваюць.

Лін Юйцін (у чырвоным)
Лін Юйцін (у чырвоным)

Разьбіраемся ў тэрміналёгіі: трансгендэрнасьць, інтэрсэкс

Алена Агарэлышава лічыць, што ў гэтай гісторыі вельмі важная дакладная тэрміналёгія.

— Часта можна пабачыць, што іх памылкова называюць трансгендэрнымі спартоўкамі. Трансгендэры — гэта людзі, якія нарадзіліся ў мужчынскім целе і пры нараджэньні паводле сукупнасьці паказьнікаў для іх вызначылі мужчынскі пол. Калі дзіця нараджаецца, яму вызначаюць акушэрскі пол у выніку тэсту і візуальнага агляду (паводле полавых характарыстык — дзяўчынка ці хлопчык). Што да гэтых спартовак, то ім вызначылі акушэрскі жаночы пол, і ўсё жыцьцё яны сацыялізаваліся як жанчыны, як жанчыны-спартоўкі, у тым ліку трэнаваліся ў жаночым боксе, і гэтаму ёсьць процьма сьведак.

Гендэрная экспэртка сьцьвярджае, што ніякіх падставаў далучаць гэтых баксэрак да трансгендэрных людзей няма, бо яны не рабілі трансгендэрнага пераходу, ніколі не сацыялізавалі як хлопчыкі, хлопцы, мужчыны.

— Нават калі ўявіць, што тэарэтычна ёсьць пытаньне не акушэрскага, а менавіта храмасомнага іхнага полу, то гэта дае нам падставу думаць, што такое бліжэй да інтэрсэкс-людзей, чым да трансгендэрных. Розьніца паміж трансгендэрнасьцю і інтэрсэксам — калі ёсьць пытаньне наконт не акушэрскага полу, які вызначаюць на падставе таго, якія ў цябе геніталіі, а на падставе генэтычнага складу, ці ўзроўню тэстастэрону, ці нейкай храмасомнай часткі. Навукоўцы вылучаюць каля 40 варыяцыяў інтэрсэксу, адсотак такіх людзей у грамадзтве вагаецца паміж 0,0022% і 0,005%.

Алена Агарэлышава перакананая, што вельмі мала камэнтатараў, якія крычаць, куды коціцца сьвет, самі здавалі тэсты на храмасомы ці на ўзровень тэстастэрону.

— Пакуль людзі гэтага не зрабілі, у цябе няма ўпэўненасьці, што ты не зьяўляесься інтэрсэкс-чалавекам. Гэтыя тэсты ня тое каб вельмі папулярныя. Жанчынам прызначаюць пробу на ўзровень тэстастэрону, калі ёсьць праблемы з мэнструацыяй і нараджэньнем дзіцяці, бо гэтыя рэчы вельмі зьвязаныя. У цябе могуць быць жаночыя геніталіі, але можа быць Y-храмасома, што паводле генэтычных паказьнікаў ня ў норме жаночага полу, але гэтага недастаткова для мужчынскага полу. І ты можаш быць недзе «паміж», ня ведаючы пра гэта, пакуль ня ўзьнікне сытуацыя, калі трэба менавіта пра гэта даведацца. Ёсьць вялізная колькасць людзей, якія ня маюць пра сябе такой інфармацыі проста таму, што ў жыцьці яна непатрэбная. І тыя самыя камэнтатары пра сябе могуць нечага ня ведаць.

Экспэртка адзначае яшчэ адзін істотны момант наконт так званага гендэрнага тэсту.

— Апошняя вішанька на торце — мы нават ня ведаем, які так званы гендэрны тэст яны правалілі. Яны ўсю сваю кар’еру пасьпяхова здавалі тэсты, далей зьяўляецца сытуацыя на міжнародным чэмпіянаце, дзе іх адхіляюць, у выніку бронзавы мэдаль, які заваявала Лінь Юйцін, аддалі баксэрцы, якая ішла чацьвёртаю. Гэта было ў сакавіку, а ўжо ў чэрвені Міжнародную асацыяцыю боксу пазбаўляюць статусу праз карупцыю і міжнародныя скандалы. Пасьля ідзе разьбіраньне, што рабіла і робіць тая асацыяцыя ня толькі ў гэтым выпадку, а і ў скандалах зь яе прадстаўнікамі. Яны дагэтуль не раскрываюць таямнічых гендэрных тэстаў, які рабілі ў 2023 годзе, адмаўляюцца паведаміць, якія там былі паказьнікі, спасылаючыся на канфідэнцыйнасьць. А спартоўкі пасьля гэтых нібыта праваленых загадкавых тэстаў ад замяшанай у скандалах асацыяцыі паўтарылі тэсты на ўзровень тэстастэрону і іншыя. І яны засьведчылі, што паказьнікі адпавядаюць норме.

Агарэлышава робіць выснову: гэтая інфармацыя дазваляе казаць, што названыя асобы не зьяўляюцца трансгендэрнымі людзьмі, няма падставаў сьцьвярджаць, што яны належаць да катэгорыі інтэрсэксуальных людзей.

10 жніўня прадстаўніца Альжыру Іманэ Хеліф узяла залаты мэдаль Алімпійскіх гульняў у Парыжы, перамогшы ў фінальным паядынку ў боксе ў паўсярэдняй вазе. «Я вельмі шчасьлівая. Восем гадоў гэта было маёй марай, і вось я стала алімпійскай чэмпіёнкай і ўладальніцай залатога мэдаля», — сказала Хеліф. Ян Лю, якая выйграла срэбны мэдаль, прызнала перамогу Хеліф.

Мэм з турэцкім стралком як пазытыўны прыклад

Прапануем Алене Агарэлышавай для аналізу іншы прыклад — фота і відэа турэцкага стралка, якое шырока разышлося і камэнтавалася ў сетках, стаўшы мэмам. Юсуф Дыкеч і яго партнэрка Шэваль Тархан заваявалі срэбны мэдаль у стральбе з пнэўматычнага пісталета на дыстанцыі 10 мэтраў. Дыкеч служыць старшым сяржантам у турэцкай жандармэрыі. Найбольш прыцягнула ўвагу камэнтатараў яго расслабленая пастава, калі ён адну руку трымаў у кішэні, а цэліўся, гледзячы на мішэнь абодвума вачыма. Менш зьвярнулі ўвагу на яго партнэрку, якой 24 гады: у індывідуальным выступе яна абышла калегу на 6 пазыцыяў, і Дыкеч заняў 13-е месца, а Тархан — 7-е.

Гэты прыклад — пра разнастайнасць, кажа гендэрная экспэртка.

— У тым ліку разнастайнасьць асобаў рознага выгляду і ўзросту, да якой шырокае грамадзтва не было падрыхтаванае. Менавіта Юсуф Дыкеч — сымбаль прынамсі ўзроставай разнастайнасьці Алімпіяды. Пытаньне да шырокай аўдыторыі: ці шмат хто з вас належыць да фанатаў кулявой стральбы? Ці сачылі за кулявой стральбой як алімпійскім відам спорту? Дзякуючы гэтай гісторыі і мэму цяпер вельмі шмат людзей ведаюць, што Юсуф Дзікеч і ягоная каляжанка Шэваль Тархан узялі срэбны мэдаль. А хто ўзяў залаты мэдаль? Найхутчэй пара, мужчына і жанчына, але хто гэтыя людзі? Да чаго я вяду — Юсуф Дыкеч прыцягнуў увагу і да сябе як асобы, і ня толькі.

Агарэлышава кажа, што грамадзтва прызвычаілася бачыць спартоўцаў маладымі, плюс-мінус да трыццаці, максымум да сарака гадоў, ці асобамі, якія на такі ўзрост выглядаюць.

Адзначаючы станоўчыя наступствы, Агарэлышава кажа, што праз папулярнасьць Юсуфа Дыкеча ўсе заўважылі, што ёсьць такі спорт, як стральба, і што ў яго была напарніца.

— Я рада, што мы дзякуючы гэтаму зараз гаворым пра Шэваль Тархан. Іхны стралковы клюб зараз носіць імёны абаіх спартоўцаў, бо яны абое дабіліся гэтай перамогі.

Юсуф Дыкеч і Шэваль Тархан
Юсуф Дыкеч і Шэваль Тархан

Сталыя спартоўцы на Алімпіядзе ў Парыжы

Алена Агарэлышава спэцыяльна вывучыла, якія яшчэ былі спартоўцы ва ўзросьце на Алімпіядзе ў Парыжы.

— Іх няшмат, але ёсьць спартоўцы, старэйшыя за 60 гадоў. Конны спорт самы папулярны сярод сталых спартоўцаў. У конных спаборніцтвах удзельнічалі больш за пяць спартоўцаў, якім больш за 60 гадоў. Што да жанчын, то ёсьць Ні Сялянь, якая прафэсйна гуляе ў настольны тэніс. Ёй 61 год, а яе спартовая кар’ера доўжыцца ўжо 38 гадоў. Яна гуляла за Кітай, цяпер зьмяніла спартовае грамадзянства і гуляе за Люксэмбург. Летась узяла бронзавы мэдаль. Ёсьць Катажына Мільчарэк з Польшчы, конны спорт, 58 год. Лора Краўт, конны спорт, таксама 58 гадоў. Выступае за ЗША. Калі б не Юсуф Дыкеч, я б не падумала, што спартовая кар’ера можа не сканчацца, калі табе 30 ці 40 гадоў.

Ні Сялянь
Ні Сялянь

Удзел у здушэньні пратэстаў як іншая характарыстыка

Алена Агарэлышава з імпэтам кажа пра фэномэн Юсуфа Дыкеча, але пры гэтым зьвяртае ўвагу, што ён служыў ў жандармэрыі ў тым ліку тады, калі жандары гэтага рэгіёну здушвалі паўстаньне ў турэцкім Курдыстане.

— Падчас здушэньня гэтых пратэстаў задакумэнтавана вельмі шмат парушэньняў правоў чалавека. Беларусы разумеюць, што гэта значыць. Я маю пытаньні да гэтага чалавека не як да фэномэна, а як да асобы, бо ён зьяўляўся ці зьяўляецца часткай структуры, якая парушала ў Турэччыне правы чалавека.

Увага да пэніса спартоўца і кпіны з спартовай формы мусульманак

Экспэртка зьвярнула ўвагу яшчэ на некаторыя гендэрныя асаблівасьці ўспрыняцьця гэтай Алімпіяды. Даволі шмат кпінаў у сацыяльных сетках было наконт формы, у якой выступаюць жаночыя зборныя ў пляжным валейболе з мусульманскіх краінаў, чые закрытыя целы параўноўваюць зь бікіні валейбалістак эўрапейскіх камандаў. Тым часам спартоўкі многіх краінаў даўно патрабуюць зьмяніць бікіні на больш закрытыя шорты. Алена Агарэлышава працягвае:

— Тут пытаньне, якое спартовае адзеньне у якім відзе Алімпіяды носяць і што дае гэтае адзеньне. Ці гэта пытаньне пра адзеньне, ці пра спартовыя дасягненьні? Гэта можа быць пачаткам шырэйшай дыскусіі — як зрабіць больш вольнымі нормы спартовага адзеньня. Калі яно не прыносіць дадатковых балаў і спартовых вынікаў, то можна дапусьціць вельмі шырокі набор варыяцыяў, каму што надзяваць — шорты ці штаны.

Кпіны з таго, што францускі спартовец з тычкай на Алімпіядзе зьбіў плянку пэнісам, — гэта стэрэатыпнае бачаньне, кажа экспэртка.

— Гэта стэрэатыпнае бачаньне жанчын і мужчын праз тое, як яны сацыялізуюцца. Так, у мужчыны ёсьць чэлес. Калі б ён зьбіў папярочку рукой ці нагой, шырокае грамадзтва не зьвярнула б увагі. Здараюцца такія сытуацыі. Акрамя таго, што ў мужчын фізыялягічна ёсьць чэлес, нічога гендэрнага я тут не бачу. Алімпіяда, як і ўсякая шырока абмяркоўваная падзея, дае шмат мэмаў, і на іх зьвяртаюць увагу больш, чым на спартовыя паказьнікі. Так ёсьць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG