Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі ЗША заявіла пра замарожваньне грантаў для Гарварду на 2,2 мільярда даляраў


Гарвардзкі ўнівэрсытэт, ілюстрацыйнае фота
Гарвардзкі ўнівэрсытэт, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства адукацыі ЗША заявіла, што замарожвае гранты на больш за 2,2 мільярда даляраў і кантракты на 60 мільёнаў даляраў для Гарвардзкага ўнівэрсытэту. Гэта адбылося пасьля таго, як навучальная ўстанова адхіліла патрабаваньні Белага дому, накіраваныя, як заяўлялася, на барацьбу з антысэмітызмам.

У паведамленьні на сайце Міністэрства адукацыі ЗША гаворыцца, што Аб’яднаная мэтавая група барацьбы з антысэмітызмам «абʼяўляе пра замарожваньне 2,2 мільярда даляраў доўгатэрміновых грантаў і 60 мільёнаў даляраў доўгатэрміновых кантрактаў для Гарвардзкага ўнівэрсытэту».

«Парушэньне навучальнага працэсу, ад якога цярпяць кампусы ў апошнія гады, непрымальнае. Уціскі габрэйскіх студэнтаў недапушчальныя. Элітным унівэрсытэтам час сурʼёзна паставіцца да гэтай праблемы і ўзяць на сябе абавязак істотных зьменаў, калі яны хочуць надалей мець падтрымку падаткаплатнікаў», — адзначаецца ў заяве.

На мінулым тыдні Белы дом адправіў у Гарвард сьпіс патрабаваньняў, сярод якіх прызначэньне фэдэральнага нагляду за ўнівэрсытэтам прынамсі да 2028 году, аўдыт сыстэмы прыёму замежных студэнтаў, спыненьне ўсіх праграмаў і правілаў, зьвязаных з разнастайнасьцю, роўнасьцю і інклюзіяй.

Як піша AP, акрамя таго, патрабаваньні адміністрацыі Трампа да Гарварду ўключалі заклікі праверыць унівэрсытэт, яго выкладчыкаў і кіраўніцтва наконт іх поглядаў на разнастайнасьць, забараніць нашэньне масак на тэрыторыі кампусу. Як мяркуюць журналісты, апошняе патрабаваньне было накіраванае супраць прапалестынскіх пратэстоўцаў.

З свайго боку прэзыдэнт Гарвардзкага ўнівэрсытэту Алан Гарбэр заявіў, што ўнівэрсытэт ня пойдзе насустрач патрабаваньням ураду.

«Унівэрсытэт не адступіцца ад сваёй незалежнасьці і не адмовіцца ад сваіх канстытуцыйных правоў», — заявіў Гарбэр.

У навучальнай установе лічаць, што такім чынам Белы дом спрабуе кантраляваць унівэрсытэцкую супольнасьць.

Гарвард стаў першай элітнай ВНУ, якая адкрыта адмовілася выконваць патрабаваньні адміністрацыі Трампа. У сакавіку фэдэральны ўрад ЗША скараціў фінансаваньне Калюмбійскага ўнівэрсытэту на 400 мільёнаў даляраў. Прадстаўнікі навучальнай установы паведамілі, што «вядуць актыўны дыялёг» з адміністрацыяй, спрабуючы вярнуць гэтыя сродкі.

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвінаваціў вядучыя ўнівэрсытэты краіны ў няздольнасьці абараніць студэнтаў габрэйскага паходжаньня падчас прапалестынскіх пратэстаў, а таксама ў росьце праяваў антысэмітызму ў студэнцкім асяродзьдзі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG