Больш за дзясятак буйных этнасаў ня маюць уласнай дзяржаўнасьці — баскі, каталёнцы, курды, палестынцы, тыбэтцы, уйгуры, цыганы ды іншыя. Беларусы пакінулі гэты сьпіс 30 гадоў таму. Але і сёньня існуе небясьпека, што могуць зноў у яго вярнуцца.
Паглядзелі, як на ўмовах «арэнды» існуе самы шматлікі народ безь дзяржаўнай прапіскі — курды. Прыкладна 40 мільёнаў чалавек кампактна засяляюць памежныя анклявы: паўднёвы ўсход Турэччыны (палова ад агульнай колькасьці), поўнач Сырыі, паўночны ўсход Іраку, паўночны захад Ірану і ў нязначнай колькасьці — постсавецкі Каўказ.
Размаўляюць на сваіх дыялектах, прапаведуюць розныя рэлігійныя культы, шануюць адвечныя традыцыі. А галоўнае — захоўваюць і перадаюць нашчадкам агульны код нацыі.
Марныя спробы атрымаць статус дзяржавы
Гісторыя курдаў бярэ пачатак у ІІ тысячагодзьдзі да нашай эры ў Малой Азіі (цяперашняя мяжа Турэччыны і Сырыі). Тады гэта была Хецкая дзяржава. Калі яна распалася, аскепкі яе пачалі самастойнае існаваньне: сырыйскія княствы, урартцы, халды, а таксама этнас, які зь лёгкай рукі арабаў атрымаў назву «курды». Паўночная Месапатамія і паўднёва-ўсходні край Малой Азіі сталі краінай курдаў (на фарсі — «Курдыстан»).
Пры ўсёй сваёй старажытнасьці і шматлікасьці курдам так і не ўдалося стварыць уласнай дзяржавы — хоць, дзеля справядлівасьці, шанцы былі. Тутэйшыя землі выглядалі занадта ласым кавалкам для больш магутных цывілізацый (хеты і хурыты, рымляне і пэрсы, арабы і хазары, асманы і цяперашнія туркі), каб лёгка рэалізаваць запаветную мару. Кожны з новых заваёўнікаў у лепшым выпадку ўспрымаў месьцічаў сацыяльнай групай, але не народам.
Зрэшты, некалькі разоў узьяднаньне ў Вялікі Курдыстан выглядала справай амаль вырашанай. Пасьля Першай сусьветнай вайны і распаду Асманскай імпэрыі перамоўнікі нават падрыхтавалі Сэўрскую дамову пра стварэньне адпаведнай дзяржавы. Але і пераможцы, і капітулянты былі настолькі занятыя сваімі праблемамі, што пра іншых забыліся. Беларуская Народная Рэспубліка — у тым жа сьпісе «задрафтаванай» дзяржаўнасьці.
Наступная спроба датаваная 1920-мі, калі курдзкія ўцекачы з Турэччыны разам з армянамі ратаваліся ў цяперашнім Нагорным Карабаху. Правадыр бальшавікоў Ульянаў-Ленін дазволіў экспэрымэнт «Савецкі Курдыстан». Паўстала самакіраваньне, выходзілі газэты і кнігі на курдзкай мове. Канец аўтаноміі паклаў Сталін: падчас дэпартацыі «малых народаў» (1936–1944) людзей гвалтоўна перасялялі ў Сыбір, Казахстан, Кіргізію. Пасьля сьмерці тырана некаторыя вярнуліся на Каўказ, але рэінкарнацыі не адбылося. З распадам СССР 150-тысячная дыяспара растварылася сярод іншых народаў.
У сярэдзіне ХХ стагодзьдзя курды здолелі сфармаваць рэгіянальныя цэнтры ў Іране (1941–1946 гады са сталіцай у Мэгабадзе) і на поўначы Іраку (пачатак 1960-х вакол Эрбілю). Аднак мэгабадзкую аўтаномію іранскія ўлады ўрэшце ліквідавалі, а з прыходам да ўлады ў Іраку Садама Хусэйна незалежніцкі імпэт курдаў вытруцілі хімічнай зброяй.
У пачатку «дзясятых» ХХІ стагодзьдзя, скарыстаўшыся хаосам вакол Сырыі, мясцовыя курды абвясьцілі дзяржаву Ражаву («Захад»). Сьвецкія прынцыпы, пакладзеныя ў аснову гэтага ўтварэньня, адрозьніваліся як ад шарыяцкай «Ісьлямскай дзяржавы», так і ад аўтарытарнай палітыкі сырыйскага лідэра Башара Асада. Але ў выніку протадзяржава фактычна ліквідаваная сумеснымі высілкамі Анкары і Дамаску.
У найбольшай ступені мары рэалізаваліся пасьля краху рэжыму Хусэйна. Аўтаномію насяляе 5 мільёнаў чалавек — са сваім прэзыдэнтам, прэм’ерам, міністэрствамі і арміяй Пэшмарга.
Сувэрэнныя аж настолькі, што ў ірацкую частку іншаземцу можна трапіць зь візай, атрыманай у Багдадзе (як і ў суседні Масул, дзе 3 гады быў штаб «Ісьлямскай дзяржавы», а з разгромам ідылаўцаў ён апынуўся «за мяжой»). І наадварот: пры наяўнасьці толькі ірацкай візы ня пусьцяць у Курдыстан. Нядаўна сюды ўпершыню наведаўся папа Францішак. Калісьці ў Іраку жылі 1,5 мільёна хрысьціян, але ад пагромаў 2003-га «няверныя» ратаваліся ўцёкамі. Цяпер іх у пяць разоў меней.
Турэцкі бар’ер на шляху незалежнасьці
Непрымірымымі праціўнікамі якой бы ні было тэрытарыяльнай аўтаноміі застаюцца ўлады Турэччыны. Пры тым, што ў 85-мільённай краіне каля 20 мільёнаў курдаў, апошнія пазбаўлены ўласнага этноніму і лічацца не асобным народам, а «горнымі туркамі».
Яшчэ стваральнік сучаснай Турэччыны Мустафа Кемаль (Атацюрк) публічна абвясьціў адзінства нацыі супраць курдзкіх «адшчапенцаў», жорстка душачы ўсе спробы легалізацыі. Гэтая палітыка застаецца актуальнай па сёньня.
Дыярбакыр — неафіцыйная сталіца мясцовых курдаў, колькасьцю жыхароў роўная Менску. Спрадвеку горад яны называлі на свой манэр: Амэд ці Заза. Цяперашняе імя падкінулі асманы. Для афіцыйных уладаў гэта «рассаднік сэпаратызму», а таму мае паўасаднае становішча. Па дарозе таксоўкай з Мэрдзіну (у выходныя ды яшчэ на фоне пандэміі ў краіне інфраструктурны параліч) тройчы спынялі ўзброеныя патрулі — два вайсковыя і паліцэйскі. Доўга гарталі беларускі пашпарт, апытвалі кіроўцу, што за пасажыры, але ўрэшце прапускалі. А да таго на працягу больш як 20 гадоў — ад 1981-га да 2002-га — уезд іншаземцам сюды быў забаронены.
Іхная галоўная палітычная арганізацыя — «Рабочая партыя Курдыстану» (РПК). Ад 1970-х яе лідэры пашыралі ідэі марксізму ды трацкізму (Леў Троцкі пасьля высылкі з СССР чатыры гады жыў на турэцкім востраве Бююкада), што прывяло да лягічнага фіналу — узброенага супраціву «акупантам». На рахунку партызанаў шэраг апэрацый супраць прызначанай цывільнай і вайсковай адміністрацыі. Як вынік, у Турэччыне РПК аб’яўленая па-за законам і лічыцца тэрарыстычнай арганізацыяй.
Многія прыхільнікі РПК на чале з Абдулом Аджаланам кінутыя ў турмы (у тым ліку пажыцьцёва), але трапіць за краты можна і за надзённыя графіці, і за нацыянальны трыкалёр з сонцам у цэнтры (як і іншыя варыяцыі сьцяга). У якасьці контрамеры адміністрацыя абвешвае дзяржаўнымі лёзунгамі і чырвонымі палотнішчамі ўсё навокал — мячэці, фартэцыі, забягалаўкі. Моцна нагадвае тое, што адбываецца ў адной усходнеэўрапейскай краіне, дзе гістарычная сымболіка прыраўноўваецца да «экстрэміскай» і ўжо заводзяцца справы за «тэрарызм».
На вуліцах Дыярбакыру неймаверная колькасьць салдат, паліцэйскіх, жандараў; бронемашыны розных марак; умацаваныя мабільныя пасты. Людзі ў цывільным правяраюць паддоны аўтамабіляў, прамацваюць траўнікі і аглядаюць сьметніцы ў пошуках выбухоўкі. Як аказалася, акурат у той дзень чакалі высокую дэлегацыю з Анкары. Неўзабаве эскорт з чыноўнікамі прыпаркаваўся на тэрыторыі музэйнага комплексу.
Побач, за базальтавымі мурамі рымскай крэпасьці VI стагодзьдзя, кіпіць паказальная будоўля. На месцы трушчобаў ставяць стылізаваныя навадзелы, ля пашпарта аб’екту — партрэт прэзыдэнта Рэджэпа Эрдагана, галоўнага «дойліда і спонсара».
Сюды пераселяць «абаронцаў рэжыму»: камандзіраваных чыноўнікаў, ідэолягаў, армейскіх і паліцэйскіх начальнікаў. Курдаў на адказныя пасады не прызначаюць у мэтах бясьпекі.
Культурнае гета гістарычнага Міжрэчча
Дастаткова крыху збочыць, каб пачуць, якімі эпітэтамі абкладаюць візытэраў. У першай жа «бурэчнай» (бурэк — тутэйшы мяса-сырны пірог) эмацыйна запэўнілі, што «туркаў у горадзе няма і ня будзе», а таму спробы стварыць анкляў для засланых «ябацек» абсалютна марныя.
Пагардліва паказваюць у бок штаб-кватэры Эрдагана (кіроўная Партыя справядлівасьці і разьвіцьця), офіс якой лёгка пазнаць па блакітна-памаранчавых сьцягах і сымбалі-лямпачцы. Круцяць пальцам ля скроні — маўляў, у жаданьні ўтрымацца сінімі пальцамі за ўладу страціў адчуваньне рэальнасьці. Згадваюць усе грахі: арышты пад прыкрыцьцём барацьбы зь «лялькаводамі», адмахваньні ад пытаньняў аўтаноміі, перасьлед за родную курманджы.
Мова, якой гавораць курды, належыць да іранскай групы. Мае два асноўныя дыялекты: курманджы (паўночны) і сарані (паўднёвы). Аднак існаваньне побач з носьбітамі арабскай, турэцкай, фарсі пакінула адбітак: тыя ж турэцкія курды не заўсёды могуць не паразумецца з іранскімі супляменьнікамі.
У Турэччыне курманджы да нядаўняга часу была пад афіцыйнай забаронай — палітыка асыміляцыі прадугледжвала рэальнае пакараньне за карыстаньне «мовай неіснуючага народу». Не дазваляліся ня толькі газэты, кнігі, песьні, а нават размовы ў побыце і рэгістрацыя традыцыйных імёнаў нованароджаных.
Аднак стрымліваць у ідэалягічнай рэзэрвацыі 20 мільёнаў чалавек занадта рызыкоўна. Цяпер у курдаў ёсьць свае спадарожнікавыя каналы, разьвіваецца шоў-бізнэс, рэабілітаваная традыцыя дэнгбэж — паданьняў-рэчытатываў, якія стагодзьдзямі старыя несьлі па курдзкіх землях. Здаецца, сытуацыя прынамсі ня горшая, чым у Беларусі, дзе мова сьвядома заганяецца ў дзяржаўнае гета. Балазе, яшчэ не штрафуюць.
Ня дзіва, што праз сытуацыйнае падабенства агульныя тэмы знаходзіліся хутка. І гэта прыносіла дывідэнды. Гаспадары згаданай «бурэчнай» катэгарычна адмовіліся браць грошы за абед. Камунікабэльны Амар патраціў паўгадзіны часу, падказваючы знакавыя адрасы гораду. Малады таксіст не пакінуў на пустым аўтавакзале, пакуль не арганізаваў варыянт даезду да Мэрдзіну. Дзеці, гучна перабіваючы адзін аднаго, стараліся прыцягнуць увагу «містэра». А вясёлыя курды з Сырыі адразу напрасіліся на сэлфі. Адрозна ад курортаў, гэты рэгіён ня песьцяць увагай турысты.
Дарэчы, дыярбакырцы ўпершыню ўцямна ідэнтыфікавалі Беларусь, не гадаючы, што гэта «дзесьці ў Расеі». «Менск!», — адразу сарваў бінга сымпатычны сівы курд, за што атрымаў сувэнірны рубель эпохі «зайцоў». Хоць і адмахваўся, трымаючы руку на сэрцы: маўляў, шчыры госьць даражэйшы за ўсе падарункі сьвету.
Дыярбакыр, які высілкамі турэцкай прапаганды мае кепскую славу, пакінуў прыемнае ўражаньне. Бо, акрамя гасьцінных насельнікаў, гэта яшчэ і гістарычны анкляў, адзін з адрасоў легендарнага Міжрэчча. На мэсапатамскія краявіды добра зірнуць з вышыні 1500-гадовай чорнай крэпасьці, якая разразае ўвесь горад: 8 кілямэтраў 12-мэтровых муроў, звыш 80 ацалелых вежаў.
Унізе павольна цячэ стары Тыгр, які са школьных падручнікаў непарыўна зьвязаны з братам-Эўфратам — той на пару сотняў кілямэтраў у другі бок. З самалёта выдатна відаць, што за ім жыцьця практычна няма, толькі засьнежаныя каменныя вяршыні. На жаль, праз разгалінаваную сыстэму плацінаў і гідраэлектрастанцый рэчышча ўжо не такое паўнаводнае і больш нагадвае Бярэзіну ці Вілію. Аднак нават праз тысячы гадоў «сівая легенда» у літаральным сэнсе не дае засохнуць мільёнам людзей.
Розныя падыходы да разуменьня аўтаноміі
Курды ў меру набожныя, за тысячагадовую гісторыю тут пераплялося мноства культур. Нават мячэці ў Дыярбакыры нестандартнай формы, бо многія пераробленыя з храмаў, якія належалі іншым канфэсіям. Большасьць за мусульманамі-сунітамі; таксама ёсьць і шыіты, і пасьлядоўнікі зараастрызму, і некаторая колькасьць хрысьціян, езідаў. Але ў цэлым сьвецкі народ без праяваў рэлігійнага фанатызму.
Натуральна, на прыкладзе толькі «турэцкага пазлу» віртуальнага Курдыстану цяжка сказаць, ці мае гэты этнас, раскіданы па розных тэрыторыях, адзіную ідэалёгію, акрамя мары аб незалежнасьці. Бо, зыходзячы з гістарычнага досьведу, розныя групы нават ідэю сувэрэнітэту разумеюць па-свойму.
Так, турэцкія курды дэкляравалі за мэту пабудову асобнай дзяржавы і за гэта зацята змагаюцца. Іранскія гатовыя задаволіцца аўтаноміяй, балазе такі досьвед ужо маюць. Сырыйскія паспрабавалі на смак Ражаву і пасьля нармалізацыі агульнай сытуацыі вераць, што асобнае жыцьцё — гэта рэальнасьць. Тым больш што ў іхных ірацкіх крэўнікаў гэта збольшага атрымалася...
Досьвед курдаў мусіць стаць прыкладам для беларусаў. Ня страціўшы за столькі часу сваёй ідэнтычнасьці, 40-мільённы народ упарта верыць у тое, што можа ўзьяднацца пад адзіным сьцягам.
Бо, як паказвае іх гістарычны досьвед, ператварыцца ў чыйсьці адміністрацыйны прыдатак лёгка, а вось на тое, каб здабыць незалежнасьць, часам патрэбны стагодзьдзі.