Перапрашэньне за алюзію на «Тайную вячэру»
Некаторыя гледачы цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў у Парыжы ўгледзелі ў шоў пародыю на карціну Леанарда да Вінчы «Тайная вячэра». Эпізод, які нагадваў біблейскую сцэну, дзе Ісус Хрыстос і апосталы сабраліся на апошнюю вячэру перад яго расьпяцьцем, з удзелам дрэг-квін і сьпевака ў стылі грэцкага бога віна Дыёніса, выклікаў абурэньне ў хрысьціянаў.
Урэшце арганізатары папрасілі прабачэньня ў каталікоў і іншых хрысьціянскіх групаў.
«Відавочна, што ніколі не было намеру выказаць непавагу да якой-небудзь рэлігійнай групы. [Цырымонія адкрыцьця] спрабавала адзначыць талерантнасьць грамадзтва. Калі людзі на нешта пакрыўдзіліся, мы вельмі шкадуем», — заявіла на прэс-канфэрэнцыі прэс-сакратар Парыжу-2024 Ан Дэкамп.
Каталіцкая царква ў Францыі заявіла, што шкадуе з прычыны цырымоніі, якая «ўключала сцэны зьнявагі і зьдзеку з хрысьціянства».
Тама Жалі, мастацкі кіраўнік цырымоніі адкрыцьця, сказаў, што рэлігійная дывэрсія ніколі не была яго намерам.
«Мы хацелі паразважаць пра разнастайнасьць. Разнастайнасьць азначае быць разам», — сказаў ён.
БТ скрала трансьляцыю
Белтэлерадыёкампанія магла купіць правы на трансьляцыю Алімпіяды, але, выглядае, адмовілася зрабіць гэта.
«Ня ведаю, ці варта нам паказваць Алімпійскія гульні, калі там ня будзе нашых спартоўцаў. Пытаньне ўдзелу яшчэ ня вырашанае… Такая Алімпіяда нам не патрэбная», — камэнтаваў магчымасьць трансьляцыі старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.
Аднак беларуская дзяржаўная тэлевізія паказала трансьляцыю з Алімпіяды, пэўна, ня маючы правоў на яе. Паказ ніяк не анансавалі. Заплыў, у якім плыўчыха Аліна Змушка выйшла ў фінал, цалкам зьявіўся ў выпуску навінаў 29 ліпеня ў перапынку матчу Кубку Беларусі ў футболе. Лога каналу Eurosport закрылі плашкай «Беларусь-5». Відэа суправаджаў беларускі камэнтатар.
Згубіў працу праз сэксісцкі камэнтар
Брытанскі камэнтатар Боб Балард зрабіў сэксісцкую заўвагу ў адрас аўстралійскіх плыўчых. Эстафэта вольным стылем 4×100 мэтраў праходзіла 27 ліпеня. Аўстралія ўзяла золата. Плыўчыхі цешыліся перамозе і спазьніліся на наступны заплыў.
«Што ж, жанчыны паціху заканчваюць. Ведаеце, як жанчыны… бадзяюцца, робяць макіяж», — пракамэнтаваў Балард.
Ягоная сувядоўца Элізабэт Сымандз назвала такі камэнтар «абуральным». Eurosport на наступны дзень заявіў, што адразу ж выдаліў Баларда з свайго сьпісу камэнтатараў за недарэчнае выказваньне. Пазьней звольнены камэнтатар патлумачыў, што не хацеў нікога пакрыўдзіць, і папрасіў прабачэньня. Балард камэнтаваў Алімпіяды і чэмпіянаты сьвету з 1980-х гадоў.
Сэлфі тэнісістаў Паўночнай і Паўднёвай Карэяў
Спартоўцы зрабілі супольнае сэлфі пасьля ўзнагароджаньня пераможцаў у настольным тэнісе ў парным зьмяшаным разрадзе. Атлеты з КНДР выйгралі срэбра, з Паўднёвай Карэі — бронзу. Першае месца заваявалі кітайцы. Пасьля ўручэньня мэдалёў спартовец з Кітаю прапанаваў зрабіць сумеснае сэлфі. Калегі з абедзьвюх Карэяў пагадзіліся. Атлеты з КНДР прапусьцілі алімпіяду ў Токіё ў 2020 годзе.
Падзел Карэі па Паўночную і Паўднёвую адбыўся ў 1945 годзе. Яны падпісалі замірэньне, але знаходзяцца ў перадваенным стане. Кожная зь іх прэтэндуе на ўсю тэрыторыю паўвострава. Сёлета ў траўні Паўночная Карэя запусьціла ў Паўднёвую шмат паветраных шароў са сьмецьцем і адкідамі. Раней Паўднёвая Карэя дасылала ў КНДР паветраныя шары з улёткамі з крытыкай Кім Чэн Ына і флэшкі з забароненымі ў КНДР кліпамі кей-поп-музыкаў.
Турэцкі стралок
Зоркай алімпіяды стаў 51-гадовы стралок з Турэччыны Юсуф Дыкеч. Ён скарыў інтэрнэт-карыстальнікаў сваім нязмушаным выглядам і тым, што прыйшоў на спаборніцтвы без спэцыяльных навушнікаў і акуляраў, у той час як многія атлеты карысталіся высокатэхналягічнымі прыстасаваньнямі для стральбы. Ён стаў героем мэмаў і абмеркаваньняў.
«Турэччына адправіла на спаборніцтвы кілера», — пісалі ў сеціве.
Турэцкая каманда стралкоў заваявала на Алімпіядзе срэбра. Гэта першы мэдаль краіны ў дысцыпліне.
Пазьней інтэрнэт-карыстальнікі зьвярнулі ўвагу, што ў пары зь Дыкечам выступала 24-гадовая спартоўка Шэваль Тархан і прынесла больш пунктаў для перамогі. Некаторыя абураліся сэксісцкім падыходам да спаборніцтваў — многія зьвярнулі ўвагу на мужчыну, хоць маладая жанчына зрабіла больш для прызавога месца.
Адхілілі, бо біла каня
Брытанскую вершніцу Шарлёт Дзюжардэн адхілілі ад Алімпіяды ў Парыжы за жорсткае абыходжаньне з жывёламі. Падставай для расьсьледаваньня стала відэа 4-гадовай даўнасьці.
На ім відаць, як яна падчас трэнаваньня з 19-гадовай вучаніцай б’е каня пугай па нагах — 24 разы за хвіліну. Міжнародная фэдэрацыя коннага спорту адхіліла Дзюжардэн ад спаборніцтваў на час расьсьледавання інцыдэнту. Сама вершніца запэўнівала, што запіс на відэа не адлюстроўвае, як яна звычайна трэнуе коней. Але дадала, што гэтаму выпадку няма апраўданьня.
39-гадовая Дзюжардэн магла стаць самай тытуляванай алімпійкай у Вялікай Брытаніі. Яна шасьціразовая прызэрка Алімпійскіх гульняў.
Матч за 46 сэкундаў
Баксэрка з Альжыру Іман Халіф, у якой падазраюць «мужчынскую» храмасому, перамагла італьянку Анджэлю Карыні. Бой у 1/16 фіналу доўжыўся 46 сэкундаў. Спартоўка з Італіі атрымала два моцныя ўдары і адмовілася працягваць бой. 26-гадовая Карыні ўпала на калені і стала гучна крычаць «Гэта несправядліва! Гэта несправядліва!»
Пасьля хвалі абмеркаваньня ў сацыяльных сетках Халіф заклікала людзей спыніць цкаваньне і зьдзекі зь яе.
У выніку альжырская баксэрка Іман Халіф сёлета стала чэмпіёнкай Алімпійскіх гульняў.
25-гадовую Халіф раней ня раз абвінавачвалі ў тым, што насамрэч яна мужчына. Ейныя выступы ўжо выклікалі гучныя абмеркаваньні і палеміку. Баксэрская арганізацыя IBA раней адхіліла Халіф ад удзелу ў спаборніцтвах пад сваёй эгідай. Да мінулага чэмпіянату сьвету прадстаўніцу Альжыру не дапусьцілі, калі яна праваліла тэст на тэстастэрон, які паказаў, што біялягічны матэрыял адпавядае мужчынскім паказьнікам.
Вызваленая з расейскай турмы ў алімпійскай зборнай
33-гадовая баскетбалістка Брытні Грайнэр выступае за зборную ЗША, якая дайшла да фіналу і 10 жніўня будзе змагацца за першае месца. У сьнежні 2022 году яе абмянялі на гандляра зброяй з Расеі Віктара Бута, якога асудзілі на 25 гадоў калёніі.
Брытні затрымалі 17 лютага 2022 году ў аэрапорце Шарамецьева ў Маскве пасьля прылёту зь Нью-Ёрку. Яна тады гуляла за баскетбольную каманду Екацерынбургу. У багажы Грайнэр знайшлі вэйпы з алеем канабісу, які ёй прапісалі ў мэдычных мэтах ад хранічнага болю. У штаце Нью-Ёрк яны не забароненыя.
У Расеі баскетбалістку затрымалі за кантрабанду наркотыкаў і асудзілі на 9 гадоў калёніі. Яе накіравалі ў калёнію ў Мардовіі. Там яна працавала па 12-15 гадзін у содні, кроіла тканіну для вайсковай формы. Пасьля вызваленьня яна цярпела ад ПТСР.
Зьбіў чэлесам перакладзіну
21-гадовы францускі скакун з шастом Антані Аміраці прыцягнуў да сябе ўвагу тым, што зьбіў папярочку, празь якую скакаў, чэлесам. Праз гэта ён не прайшоў у фінал.
У кваліфікацыі скачкоў з шастом 3 жніўня ён узяў вышыні 5,40 і 5,60 мэтра. Калі ж паспрабаваў узяць вышыню 5,70 мэтра, то спачатку зачапіў папярочку каленямі, а затым і полавым органам, і яна ўпала. Відэа здарэньня разьляцелася па сацыяльных сетках.
Падпрацоўка на порнасайце
30-гадовая скакуха з шастом з Канады Аліша Ньюман заваявала бронзу на Алімпіядзе ў Парыжы. Яна расказала ў інтэрвію выданьню Bild, што выкладае свае эратычныя ролікі на сайце OnlyFans і гэтым зарабляе.
«У многіх клішэ, калі яны думаюць пра OnlyFans. Я не магу зьмяніць думку людзей. Але гэты сайт зьвязаў мяне з многімі фанатамі. Больш, чым кожную іншую скакуху з шастом у мінулым. Мяне не хвалюе, што пра гэта думаюць іншыя. Я тая, хто я ёсьць, і я раблю гэта добра», — сказала Ньюман.
Цяжарная фэхтавальніца
26-гадовая фэхтавальніца з Эгіпту Нада Хафэз схавала цяжарнасьць, каб трапіць на Алімпіяду ў Парыжы. Яна дайшла да 1/8 фіналу. Выбыўшы з алімпійскай гонкі, Хафэз прызналася, што ўдзельнічала ў спаборніцтвах на сёмым месяцы цяжарнасьці.
«Вам здавалася, што на подыюме былі двое, але папраўдзе іх было трое. Я, мой супернік і маё маленькае дзіця, якое толькі мае прыйсьці ў сьвет», — напісала Нада.
Форум