Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцылярыя прэзыдэнта Польшчы: Пачобут ня хоча пакідаць Беларусь без магчымасьці туды вярнуцца


Анджэй Пачобут. Архіўнае фота
Анджэй Пачобут. Архіўнае фота

Малгажата Папроцка запэўніла, што «ёсьць адпаведныя каналы для кантакту з Пачобутам», гэтае пытаньне пастаянна стаіць на парадку дня прэзыдэнта Польшчы. Яна выказала спадзеў на тое, што «гэтая справа неўзабаве знойдзе добры фінал».

Асуджаны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі журналіст і актывіст Саюзу палякаў Анджэй Пачобут «ня хоча пакідаць Беларусь без магчымасьці туды вярнуцца».

Як паведаміла выданьне «Позірк», пра гэта заявіла кіраўніца канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Малгажата Папроцка ў этэры TVN24, камэнтуючы перамовы Варшавы зь Менскам па вызваленьні палітвязьня.

Да думкі палітзьняволенага трэба ставіцца вельмі сур’ёзна, падкрэсьліла яна.

Папроцка запэўніла, што «ёсьць адпаведныя каналы для кантакту з Пачобутам», гэтае пытаньне пастаянна стаіць на парадку дня прэзыдэнта Польшчы. Яна выказала спадзеў на тое, што «гэтая справа неўзабаве знойдзе добры фінал».


Імя Пачобута «ўсплывала» ў часе перамоваў па абмене зьняволенымі паміж ЗША і РФ, паведаміў у этэры TVP Info кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы Яцэк Сявера. «Ход такога кшталту перамоваў кожны раз сутыкаецца з рознымі цяжкасьцямі, пра якія я не магу тут расказаць. Аднак намаганьні па вызваленьні спадара Пачобута працягваюцца», — сказаў ён.

4 жніўня 2024 году намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Шэйна ў этэры Polsat News паведаміў, што вызваленьне Пачобута і іншых палітвязьняў абмяркоўваецца «наўпрост зь Беларусьсю».

17 ліпеня міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк заявіў, што «калі Беларусь вызваліць Анджэя Пачобута, пачне супрацоўнічаць з Польшчай па пытаньні забойцы сяржанта Матэвуша Сітэка і перастане спрыяць ціску на мяжы, то, несумненна, зьявяцца сыгналы, якія дазволяць больш прагматычна наладжваць стасункі з польскага боку».

Днём пазьней аналягічныя ўмовы разрадкі двухбаковых стасункаў агучыла МЗС Польшчы.


8 лютага 2023 году Горадзенскі абласны суд асудзіў Анджэя Пачобута на 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Судзьдзя Дзьмітры Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы). Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязьнем. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ён адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Пасьля выраку Пачобуту Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух пунктаў пропуску, якія яшчэ дзейнічалі, — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).

Абмен зьняволенымі паміж Расеяй і Захадам адбыўся 1 жніўня. Польшча выдала агента ГРУ Паўла Рубцова, пры гэтым не атрымала нікога з сваіх грамадзян.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG