Як паведаміў «Позірку» намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэта (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Павал Латушка, Павел Рубцоў прыходзіў да яго браць інтэрвію.
Рубцоў працаваў у Польшчы да лютага 2022 года і прадстаўляўся гішпанскім журналістам расейскага паходжаньня Пабла Гансалесам. Ён мае два пашпарты на два розныя прозьвішчы.
У СМІ паведамлялася, што Рубцоў-Гансалес быў затрыманы 28 лютага 2022 года па падазрэньні ў шпіянажы.
«Гансалес як мінімум двойчы прыходзіў у офіс НАУ, каб узяць у мяне інтэрвію для гішпанскіх выданьняў. У якасьці сьведкі па гэтай крымінальнай справе я даваў паказаньні», — сказаў палітык.
На думку Латушкі, факт таго, што «прадстаўнік расейскіх спэцслужбаў» сядзеў насупраць яго «на адлегласьці выцягнутай рукі», дэманструе, з аднаго боку, «актыўнасьць расейскіх спэцслужбаў на тэрыторыі ЭЗ, а з другога боку, паказвае рэальнасьць рызыкаў і пагрозаў, якія ўзьнікаюць для прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў».
Дырэктар «Беларускага дому» у Варшаве Алесь Зарамбюк таксама паведаміў, што Рубцоў браў інтэрвію і ў яго.
«Гэта ён. Быў у „Беларускім доме“ у Варшаве ў лістападзе 2021 года і рабіў са мной інтэрвію. Я толькі ўчора даведаўся, што гэта не Пабла Гансалес. Але ж яшчэ тады я моцна зьдзівіўся, што ён размаўляе па-расейску зь мінімальным акцэнтам» — напісаў у сацсетках Зарамбюк.
Як паведамляў расейскі сайт «Агенцтва» у лістападзе 2023 года, Пабла Гансалес, які пражываў у краіне Баскаў (аўтаномная вобласьць Гішпаніі), быў затрыманы ў лютым 2022 года польскімі спэцслужбамі і абвінавачаны ў працы на Галоўнае разьведнае ўпраўленьне (ГРУ) РФ. Гансалес (Рубцоў) да гэтага некалькі гадоў уваходзіў у асяродзьдзе дачкі забітага расейскага палітыка Барыса Нямцова Жаны і пісаў падрабязныя справаздачы аб ёй самой, яе сябрах і калегах. Гэтыя справаздачы сталі даступнымі польскім спэцслужбам.
Да абмену Гансалес (Рубцоў) знаходзіўся ў зьняволеньні на тэрыторыі Польшчы.
Форум