Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: украінскія войскі прасунуліся на 10 кілямэтраў углыб Курскай вобласьці Расеі


Суджа Курскай вобласьці, 6 жніўня 2024 году
Суджа Курскай вобласьці, 6 жніўня 2024 году

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) сьцьвярджаюць, што ўкраінскія войскі прарваліся як мінімум празь дзьве абарончыя лініі Расеі ў Курскай вобласьці.

«Відэазапісы з геалякацыяй, апублікаваныя 6 і 7 жніўня, паказваюць, што ўкраінская бранятэхніка прасунулася прыкладна на 10 кілямэтраў ад дзяржаўнай мяжы», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту за 7 жніўня.

На падставе вывучэньня геалякаваных фота, апублікаваных 7 жніўня, экспэрты дапускаюць, што мог адбыцца захоп украінскім войскам у палон больш як 40 расейскіх вайскоўцаў.

У справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны назвалі рэакцыю Крамля на падзеі ў Курскай вобласьці «супярэчлівай», бо расейскія афіцыйныя асобы спрабуюць унікаць вызначэньня патэнцыйных наступстваў украінскай атакі, каб зьменшыць рызыку ўнутранай незадаволенасьці.

«Крэмль, імаверна, імкнецца збалянсаваць свае паведамленьні зь дзьвюма супярэчлівымі мэтамі: дыскрэдытаваць Украіну на міжнародным узроўні за гэты напад на тэрыторыю Расеі і ўнікнуць распальваньня ўнутранай панікі ў сувязі з маштабамі, уплывам і магчымымі наступствамі ўкраінскай апэрацыі. Аднак Крэмль рызыкуе дыскрэдытаваць сябе сярод пэўных супольнасьцяў, калі, як выглядае, адмаўляе значнасьць нападу, абмяжоўваючыся яго азначэньнем як „правакацыі“», — мяркуюць экспэрты.

Што папярэднічала

6 жніўня кіраўнік Курскай вобласьці Расеі Аляксей Сьмірноў і Міністэрства абароны Расеі заявілі аб спробе прарыву ўкраінскіх войскаў на тэрыторыю Суджанскага і Коранеўскага раёнаў.

Увечары таго ж дня ўкраінскія Telegram-каналы апублікавалі відэазапісы з расейскімі вайскоўцамі, якіх нібыта захапілі ў палон у часе рэйду ў Курскую вобласьць.

7 жніўня ў Курскай вобласьці ўвялі рэжым надзвычайнай сытуацыі «для ліквідацыі наступстваў заходу на тэрыторыю рэгіёну варожых сілаў». Увечары таго ж дня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін склікаў нараду з удзелам сакратара Савету бясьпекі Сяргея Шайгу, міністра абароны Андрэя Белавусава, кіраўніка Генэральнага штабу Валерыя Герасімава і кіраўніка ФСБ Аляксандра Бортнікава.

Уладзімір Пуцін назваў падзеі ў Курскай вобласьці «чарговай маштабнай правакацыяй».

Украінскія афіцыйныя асобы не камэнтуюць сытуацыю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG