У Курскай вобласьці Расеі другі дзень ідуць баі. У рэгіёне ўвялі рэжым надзвычайнай сытуацыі. Расейскія тэлеграм-каналы пішуць пра захоп украінскімі войскамі некалькіх пасёлкаў. Украінскія ўлады не камэнтавалі інфармацыю пра баі ў Курскай вобласьці.
Міністэрства абароны Расеі 7 жніўня пацьвердзіла, што баі ў Курскай вобласьці Расеі на мяжы з Сумскай вобласьцю Ўкраіны працягваюцца ўжо больш за содні. У паведамленьні міністэрства сьцьвярджаецца, што цягам ночы падразьдзелы Ўзброеных сілаў Расеі разам з памежнымі органамі ФСБ Расеі «працягвалі зьнішчаць узброеныя фармаваньні УСУ (Узброеных сілаў Украіны. — РС) у раёнах Курскай вобласьці, якія непасрэдна прымыкаюць да расейска-ўкраінскай мяжы». Таксама ведамства сьцьвярджае, што прасоўваньне ўкраінскіх войскаў углыб тэрыторыі Расеі на курскім кірунку «не дапушчана».
Пры гэтым зьвязаны зь Мінабароны Расеі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што УСУ занялі некалькі населеных пунктаў. Паводле зьвестак каналу, на тэрыторыю рэгіёну зайшлі каля 400 украінскіх вайскоўцаў, «пры гэтым камандаваньне праціўніка працягвае перакідаць рэзэрвы на ўчастак», гаворыцца ў паведамленьні. Пра перакіданьне рэзэрваў 6 жніўня паведамляла і Мінабароны Расеі.
Інфармацыя пра захоп сёлаў украінскімі вайскоўцамі афіцыйна не пацьверджаная.
з 7 жніўня ў Курскай вобласьці ўвялі рэжым надзвычайнай сытуацыі «для ліквідацыі наступстваў заходу на тэрыторыю рэгіёну варожых сіл», паведаміў часовы выканаўца абавязкаў губэрнатара Аляксей Сьмірноў. Паводле яго, у прымежных раёнах вобласьці «захоўваецца складаная аператыўная абстаноўка».
У Міністэрстве аховы здароўя Расеі паведамілі пра 31 параненага. «Шпіталізаваныя і атрымліваюць стацыянарнае лячэньне 19 чалавек, у тым ліку чацьвёра дзяцей. Стан чацьвярых пацярпелых, у тым ліку аднаго дзіцяці, лекары ацэньваюць як цяжкі», — гаворыцца ў паведамленьні. Паводле ранейшых зьвестак расейскага агенцтва ТАСС, у выніку атак у Курскай вобласьці загінулі сама меней 5 чалавек.
У другой палове дня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін правёў нараду з удзелам сакратара Савета бясьпекі Сяргея Шайгу, міністра абароны Андрэя Белавусава, кіраўніка Генштабу Валерыя Герасімава і кіраўніка ФСБ Аляксандра Бортнікава.
Падчас нарады Герасімаў паведаміў, што «а 5:30-ай раніцы 6 жніўня падразьдзяленьні Ўзброеных сіл Украіны колькасьцю да адной тысячы чалавек перайшлі ў наступ з мэтай захопу ўчастка тэрыторыі Суджанскага раёну Курскай вобласьці». Прасоўваньне УСУ ўглыб Расеі на курскім напрамку, паводле яго, «спынена», а расейскія вайскоўцы і памежнікі «працягваюць зьнішчаць праціўніка» ў памежных раёнах.
Як сьцьвярджае зьвязаны зь Мінабароны РФ Тэлеграм-канал «Рыбарь», па стане на 18.00 па маскоўскім часе «сытуацыя пагаршаецца». Сьцьвярджаецца, што УСУ ўвайшлі ў заходнія прыгарады Суджы, занялі ў тым ліку вёскі Горналь, Гуева, Курылаўка, Леанідава і Любімаўка. Расейскія войскі распачалі спробу вызваліць Зялёны Шлях, але гэтага не ўдалося зрабіць; таксама расейскія вайскоўцы спрабуюць не дапусьціць заняцьця адміністрацыйнага цэнтру Каранеўскага раёна, заяўляюць аўтары канала.
Раней канал паведамляў, што ўкраінскія вайскоўцы захапілі газавымяральную станцыю «Суджа», па якой ідзе транзыт газу з Расеі ў Эўропу, — гэтая інфармацыя афіцыйна не пацьверджаная. Расейскае мэдыя «Вёрстка» са спасылкай на сваякоў жыхароў гораду пісала, што ў Суджы няма электрычнасьці, вады і сувязі. «Ведаю, што сувязі няма, вады, газу няма. Хто мог — учора з раніцы зьехаў, хто без машын або хто проста спадзяваўся на лепшае, як мой тата, — засталіся», — расказала жыхарка Масквы, у якой там застаўся бацька.
Выданьне «Вёрстка» падлічыла, што да вечара 7 жніўня баі прайшлі ў раёнах як мінімум 19 населеных пунктаў Курскай вобласьці.
Пад абстрэл патрапіў Сьвята-Мікалаеўскі Белагорскі мужчынскі манастыр, распавёў РБК настаяцель ігумен Піцірым. Паводле яго, разбураны манастырскі сабор, другі храм і манаскія карпусы. «Спрабуем эвакуявацца. Падчас эвакуацыі адзін чалавек загінуў», — сьцьвярджае ён.
«Важные истории» пішуць, што ўкраінскія вайскоўцы знаходзяцца прыкладна за 76 кілямэтраў ад АЭС у Курскай вобласьці. Да станцыі перакінулі сыстэмы СПА «Панцыр-С1». Адзін з работнікаў АЭС сьцьвярджае, што станцыю ахоўваюць жанчыны, а ўсіх мужчын, відаць, «сабралі, адправілі туды».
Украінскія тэлеграм-каналы публікуюць фатаздымкі, на якіх, як сьцьвярджае адзін з каналаў, больш за 40 узятых у палон расейскіх вайскоўцаў. Журналісты Радыё Свабода высьветлілі, што здымак зроблены ў раёне Міжнароднага аўтамабільнага пункту пропуску «Суджа». Гаворка можа ісьці пра расейскіх вайскоўцаў, якія ахоўвалі шматбаковы аўтамабільны пункт пропуска. Да гэтага паведамлялі, што УСУ ўзялі ў палон сама меней шэсьць вайскоўцаў, у тым ліку тэрміновай службы.
Губэрнатар Курскай вобласьці паведаміў, што ўлады арганізавалі вываз жыхароў з тэрыторый памежжа, якія трапілі пад абстрэлы, падрыхтавалі пункты часовага разьмяшчэньня і адмянілі ўсе масавыя мерапрыемствы. Аднак сваякі мясцовых жыхароў расказваюць, што насамрэч улады не эвакуююць людзей і не дапамагаюць з пошукам жытла.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў тое, што адбываецца ў Курскай вобласьці, «чарговай маштабнай правакацыяй».
Украінскія афіцыйныя асобы захоўваюць маўчаньне адносна таго, што адбываецца ў Курскай вобласьці. Як піша Bloomberg, прэс-сакратар Міністэрства абароны Ўкраіны адмовіўся ад любых камэнтароў выданьню з нагоды апэрацыі. У Генштабе УСУ наогул не адказалі на званкі амэрыканскіх журналістаў.
Прадстаўнік Белага дому Джон Кірбі сказаў журналістам, што амэрыканскі бок мае намер запытаць у Кіева інфармацыю аб тым, што адбываецца, каб лепш разумець сытуацыю.
Форум