Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь прывезьлі больш за 40 дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Дзеці з гораду Антрацыт Луганскай вобласьці ў Магілёўскім цэнтры бясьпекі, студзень 2024 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Дзеці з гораду Антрацыт Луганскай вобласьці ў Магілёўскім цэнтры бясьпекі, студзень 2024 году

7 жніўня ў Беларусь прыбыла чарговая група з 43 дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны. Гэтым разам дзяцей прывезьлі з тэрыторыі так званай «ДНР».

Як паведамляе БелТА, дзеці «сталі ўдзельнікамі праграмы аздараўленьня і рэабілітацыі дзяцей Данбасу ў Рэспубліцы Беларусь, якую рэалізуе фонд Аляксея Талая». Паведамляецца, што яны правядуць 18 дзён у дзіцячым аздараўленчым лягеры ў Віцебскай вобласьці.

У Гомлі ўкраінскіх дзяцей і дарослых, якія іх суправаджаюць, сустрэлі прадстаўнікі фонду Аляксея Талая, грамадзкіх арганізацыяў (у артыкуле згадваецца Беларускі саюз жанчын), прадпрыемстваў Гомля і вобласьці, валянтэры і прадстаўнікі Віцебскай вобласьці, адзначае агенцтва.

«У групе хлопчыкі і дзяўчынкі ад 8 да 15 гадоў. Гэта дзеці, якія выхоўваюцца адным з бацькоў, дзеці-сіроты, якія знаходзяцца пад апекай, з шматдзетных сем’яў і іншых сем’яў у цяжкай жыцьцёвай сытуацыі», — расказала прадстаўніца фонду Талая ў Гомлі і Гомельскай вобласьці Юлія Малава.

Як украінскіх дзяцей вывозяць у Беларусь

  • Паводле розных ацэнак, ад пачатку вайны ў Беларусь былі вывезеныя ня менш за 2,5 тысячы дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны.
  • Датычнымі да гэтай дзейнасьці называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
  • Ёсьць сьведчаньні, што ў Беларусі «перавыхоўваюць» прывезеных дзяцей у духу любові да Расеі.
  • Шаўцоў, Талай і ягоны фонд былі ўключаныя ў 13-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу супраць Расеі, прыняты 23 лютага 2024 году. Талай таксама быў уключаны ў санкцыйны сьпіс ЗША, прыняты напярэдадні другой гадавіны пачатку вайны ва Ўкраіне.
  • 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
  • 1 сьнежня 2023 году Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства БЧК, бо арганізацыя ня вызваліла ад пасады генэральнага сакратара Дзьмітрыя Шаўцова, якога абвінавачваюць у дачыненьні да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Шаўцоў быў заўважаны на акупаваных тэрыторыях Украіны з праваеннай расейскай сымболікай на адзеньні.
  • У рамках 56-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве прадстаўнікі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні ў адрас беларускіх уладаў у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Там заявілі, што Беларусь «робіць усё для ўзьяднаньня сем’яў», а дзяцей, якія прыбываюць у Беларусь, маўляў, не выкрадаюць з тэрыторыі Ўкраіны і не вывозяць пад прымусам, а «прымаюць на аздараўленьне».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG