Кіеўскія ўлады праз суд спрабуюць спагнаць з амбасады Беларусі ва Ўкраіне запазычанасьць за ацяпленьне.
З адпаведным пазовам у Гаспадарчы суд Кіева зьвярнулася камунальнае прадпрыемства «Київтеплоенерго».
24 красавіка суд пастанавіў разглядаць справу ў спрошчаным парадку, бяз выкліку бакоў. Згодна з украінскім заканадаўствам, суд можа разглядаць такім чынам справы, у якіх вартасьць патрабаваньняў не перавышае 500 памераў пражытковага мінімуму для працаздольных асобаў, то бок 1 460 000 грыўняў на цяперашні момант (36 500 даляраў у эквіваленце. — РС).
Як адзначаецца ў рашэньні суду аб пачатку разгляду справы, беларуская амбасада мае запазычанасьць у памеры 381 599,24 грыўні (прыблізна 9 540 даляраў у эквіваленце). У той жа час не паведамляецца, за які тэрмін сфармавалася гэтая запазычанасьць.
Дыпляматычны корпус Беларусі выехаў з тэрыторыі Ўкраіны ў сакавіку 2022 году — амаль празь месяц пасьля пачатку расейскага ўварваньня, якое адбылося на ўкраінскую тэрыторыю ў тым ліку і зь тэрыторыі Беларусі.
Афіцыйны сайт беларускай амбасады Ўкраіны не абнаўляецца з 1 сакавіка. З 27 лютага 2022 году ў амбасадзе не адказваў ніводзін тэлефон — ні гарадзкі, зь якога раней сакратарка магла пераключыць на дыпляматаў, ні мабільны тэлефон консула, службовы абавязак якога — дапамагаць грамадзянам Беларусі, якія трапілі ў надзвычайную сытуацыю ва Ўкраіне.
19 сакавіка 2022 году Дзяржаўная памежная служба Ўкраіна апублікавала відэазапіс з размовай украінскага памежніка з амбасадарам Беларусі ва Ўкраіне Ігарам Сокалам, які выяжджаў з тэрыторыі Ўкраіны.
У прыватнасьці, украінскі памежнік паведаміў, што на выкананьне загаду кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Сяргея Дэйнэкі ён перадае празь беларускага амбасадара «палымянае прывітаньне і 30 срэбранікаў» для старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі генэрал-лейтэнанту Лапо.
У траўні 2023 году Аляксандар Лукашэнка звольніў Анатоля Лапо з пасады і прызначыў новым старшынём Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Канстанціна Моластава.
Форум