Беларускую мову як асобную спэцыяльнасьць у вышэйшай школе ва Ўкраіне вывучаюць толькі ў Кіеўскім нацыянальным унівэрсытэце імя Тараса Шаўчэнкі. Яе ўвялі, калі стварылі Цэнтар беларускай мовы і культуры пры ўнівэрсытэце ў 2009 годзе. Пазьней гэты цэнтар атрымаў імя Ўладзімера Караткевіча, жыцьцё якога было зьвязанае з Кіевам.
Набор на беларусістыку пачалі ў 2010 годзе. Спэцыяльнасьць называецца «Беларуская мова і літаратура, украінская мова і літаратура і ангельская мова». Бакаляўрэат доўжыцца 4 гады. Студэнты становяцца бакаляўрамі філялёгіі. Таксама была магістарская праграма беларусістыкі.
Як адзначыла Леся Стэбліна, спачатку набор быў штогод. Потым яго сталі рабіць праз год. Гэтаксама робяць і для іншых моўных спэцыяльнасьцяў. На катэдры славянскай філялёгіі вывучаюць яшчэ баўгарскую, сэрбскую, славенскую, чэскую, харвацкую мовы.
У 2022 годзе набор «перанесьлі»
Спачатку ў абітурыентаў была досыць вялікая зацікаўленасьць беларусістыкай, спалучанай з украінскай і ангельскай мовай, заўважыла дырэктарка Цэнтру беларускай мовы і культуры. На курс выдзялялі 10 бюджэтных месцаў. Некаторыя студэнты вучыліся платна, але такіх ахвотных было менш.
Потым колькасьць бясплатных месцаў зьменшылася да васьмі. У 2020 годзе інтарэс да навучаньня беларускай мове яшчэ больш зьнізіўся. Тады набралі пяць студэнтаў. Наступная чарга набіраць была ў 2022 годзе.
«Але мы, улічваючы ўсе абставіны, разумелі, што інтарэсу ад абітурыентаў ня варта чакаць. І мы не абвяшчалі набор на гэтую спэцыяльнасьць у 2022 годзе», — кажа Леся Стэбліна.
Яна дадала, што «ў поўнай меры гэта была рэакцыя» на поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, бо афіцыйныя ўлады Беларусі выступалі на баку агрэсара.
У 2024 годзе набор на беларусістыку абвясьцілі зноў. Рэктар унівэрсытэту Ўладзімір Бугроў патлумачыў, што беларуская мова — гэта ня мова Лукашэнкі, а мова беларускага народу. Леся Стэбліна кажа, што гэта і мова ваяроў, якія цяпер абараняюць Украіну ад расейскай агрэсіі. Да таго ж беларусы, паводле апошняга перапісу насельніцтва, — другая па велічыні нацыянальная супольнасьць ва Ўкраіне.
«Мы беларусістыку не закрывалі ў Кіеве, мы проста не абвяшчалі набор. Набор быў адкладзены», — патлумачыла суразмоўца сытуацыю 2022 году.
Сярод прычынаў вяртаньня набору на беларусістыку былі і эканамічныя, адзначыла Леся Стэбліна. Дзякуючы гэтай спэцыяльнасьці ў выкладчыкаў зьявіцца больш гадзінаў выкладаньня. Аднак Леся дадае, што гэты фактар ня быў вырашальным.
«Мы маглі б і так пратрымацца. Але заўсёды лепш, калі прадстаўлены больш шырокі спэктар моваў. У нас ва ўнівэрсытэце выкладаюць 33 мовы. Таму беларуская таксама сваё годнае месца мела б займаць», — патлумачыла суразмоўца.
Вучацца і выкладаюць грамадзяне Ўкраіны
Сёлета абітурыенты падалі на беларусістыку 11 заявак. Аднак гэта ня значыць, што яны ўсе паступяць. Усе, хто падаў заяўкі, — грамадзяне Ўкраіны. Грамадзян Беларусі на гэтай спэцыяльнасьці не было і раней. Але вялікая частка студэнтаў казалі, што маюць сваякоў зь Беларусі, расказала дырэктарка Цэнтру беларускай мовы і культуры.
Паводле праграмы курсу беларусістыкі гадзіны на беларускую, украінскую і ангельскую мовы дзеляцца прыкладна пароўну. Беларускую мову вывучаюць з нуля. У сярэдзіне другога курсу ёю маюць валодаць на ўзроўні В2. У праграме ёсьць беларуская мова і літаратура, курс перакладу, фразэалёгія, гісторыя беларускай мовы, параўнальная граматыка беларускай і ўкраінскай моваў. Таксама вывучаюць з нуля яшчэ адну славянскую мову. У гэтым наборы — чэскую.
Штогод у лістападзе праводзяць караткевіцкія чытаньні да дня нараджэньня пісьменьніка. У 2020 годзе праводзілі ўсеўкраінскі конкурс дзіцячага малюнка «Зямля пад белымі крыламі», паводле твораў Караткевіча. Сёлета ў сакавіку ладзілі праект: вершы Тараса Шаўчэнкі на розных мовах сьвету. Студэнты беларусістыкі далучыліся да яго і чыталі творы Шаўчэнкі па-беларуску.
Вялікая колькасьць выпускнікоў гэтай спэцыяльнасьці працуе потым з ангельскай мовай. Некаторым беларуская мова прыдаецца ў грамадзкіх арганізацыях, прыкладам, «Беларусы Ўкраіны». Адна з выпускніц зь першага набору працуе цяпер у Кіеўскім унівэрсытэце і выкладае беларускую. Да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў некаторых школах працавалі гурткі беларускай мовы. Прыкладам, у Ірпяні пад Кіевам. Там таксама працавалі некалькі выпускнікоў беларусістыкі.
Цяпер спэцыяльнасьць «Беларуская мова і літаратура, украінская мова і літаратура і ангельская мова» выкладаюць грамадзяне Ўкраіны.
Напачатку запрашалі лектараў зь Беларусі — зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. Зь беларускімі ўнівэрсытэтамі падпісалі пагадненьне аб супрацы. Цяпер супраца зь беларускімі ўстановамі на паўзе, яе няма.
«Мова і літаратура належаць народу ў першую чаргу»
У сеціве наконт таго, што беларускую мову зноў будуць вывучаць у Кіеўскім унівэрсытэце, можна сустрэць хэйтарскія выказваньні. Як падзялілася Леся Стэбліна, яна ніколі не сутыкалася з асабістымі закідамі ад студэнтаў, іхных бацькоў ці кагосьці яшчэ.
«Людзі пішуць свае думкі ў сацыяльных сетках. Ёсьць людзі, якія разумеюць, што беларуская мова вартая падтрымкі і таго, каб яе вучыць. Гэта мова суседняга народу. Мы стаім на такіх пазыцыях, што мова, і культура, і літаратура належаць народу ў першую чаргу», — адзначыла дырэктарка Цэнтру беларускай мовы і культуры.
Яна дадала, што ўжо падчас вялікай вайны ўкраінцы ў межах кампаніі перайменаваньня вуліцаў прагаласавалі, каб адной з вуліц надаць імя Ўладзімера Караткевіча.
«Беларуская мова патрэбная ва Ўкраіне — і для працы, і для перакладаў, і для падтрымкі. У Кіеве багата беларусаў. Яны пасьля 2020 году пераехалі да нас. Ёсьць беларускія супольнасьці, беларускія таварыствы. Таму беларускую мову вывучаць патрэбна», — заўважыла Леся Стэбліна.
Форум