Агляд моўнай дыскрымінацыі ахоплівае выпадкі, якія адносяцца да пэрыяду з 1 студзеня па 30 чэрвеня 2024 году.
3 студзеня 2024 г. у адказ на зварот праваабаронцы Ігара Случака аб маркіроўцы прадукцыі па-беларуску ААТ «Брэсцкае піва» адказала, што ня будзе выкарыстоўваць беларускую мову на этыкетцы (упакоўцы) сваёй прадукцыі, а таксама не плянуе ствараць вэрсію ўласнага сайту на беларускай мове. Матывы такога адказу прадпрыемства не патлумачыла.
9 студзеня ў Менску прайшла цырымонія ўручэньня прэмій «За духоўнае адраджэньне» і «Беларускі спартовы Алімп». Адметнасьць цырымоніі заўсёды была ў тым, што гэта рэдкі выпадак, калі Аляксандар Лукашэнка выступаў па-беларуску. Некалькі хвілін з агульнай прамовы ён чытаў з паперкі заўсёды па-беларуску. Але ў 2024 годзе Лукашэнка ўпершыню цалкам адмовіўся ад беларускай мовы, выступаў толькі па-расейску.
У сярэдзіне студзеня з інфармацыйных таблё на чыгуначным вакзале ў Менску зьніклі надпісы на ангельскай мове — засталіся толькі на беларускай або расейскай, прычым нярэдка з памылкамі. У беларускамоўных надпісах было некалькі памылак.
31 студзеня ў інтэрвію ПЦ «Вясна» былы вязень ПК-1 г. Наваполацку (імя вязьня і артыкул, па якім ён быў асуджаны, не называюцца ў мэтах бясьпекі) пасьля вызваленьня расказаў, што яшчэ з восені 2023 году зь бібліятэк калёніі прыбралі ўсе беларускія творы. Палітычным зьняволеным было забаронена чытаць творы Сьвятланы Алексіевіч. Таксама зь бібліятэк прыбралі творы Янкі Купалы, Уладзімера Караткевіча, Якуба Коласа.
Забралі таксама кніжкі на замежных мовах — ангельскай, польскай, літоўскай і нават кітайскай. Асуджаныя пыталі, чаму так сталася. Але адміністрацыя калёніі адказала, што ўсе кніжкі мусяць быць толькі на расейскай мове.
Цалкам агляд можна прачытаць на старонцы арганізацыі. Аўтары дакумэнту просяць дасылаць ім іншыя факты дыскрымінацыі, якія зь нейкай прычыны не ўвайшлі ў агляд, на электронную пошту naszamova@gmail.com.
Форум