Былы міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі ў інтэрвію тэлеканалу Telewizja Republika расказаў пра перамовы, якія вяліся зь ягоным удзелам адносна вызваленьня палітвязьня Анджэя Пачобута.
У размове, якая адбылася ў пятніцу, 2 жніўня, Марыюш Каміньскі камэнтаваў той факт, што ў часе найбуйнейшага абмену вязьнямі з часоў халоднай вайны паміж Расеяй і Захадам ня быў абмяняны Анджэй Пачобут, нягледзячы на тое, што Польшча перадала амэрыканцам расейскага агента Паўла Рубцова (Пабла Гансалеса). Былы міністар назваў гэты шанец страчаным.
Таксама Каміньскі нагадаў, што пасьля абвяшчэньня прысуду Анджэю Пачобуту Польшча закрыла памежны пераход Баброўнікі. Умовай яго адкрыцьця было вызваленьне Пачобута. Аднак, паводле былога польскага міністра, рэжым Лукашэнкі выступіў зь іншай прапановай: перадаць уладам Беларусі кіраўніка НАУ, намесьніка Сьвятланы Ціханоўскай у Пераходным кабінэце Паўла Латушку, і тады «на наступны дзень мы вам перадамо Пачобута» (Ад 13:29 на запісе інтэрвію — РС).
Марыюш Каміньск заявіў, што на такіх умовах працяг дыялёгу пра вызваленьня Пачобута быў немагчымы.
1 жніўня Расея, ЗША і некалькі іншых краін правялі маштабны абмен вязьнямі, які стаў найбуйнейшым з часоў заканчэньня халоднай вайны.
Вядома, што ў межах абмену Расея вызваліла:
- палітыка Ільлю Яшына,
- былую старшыню штабу Навальнага ў Уфе Лілію Чанышаву,
- былую старшыню штабу Навальнага ў Томску Ксенію Фадзееву,
- былога старшыню штабу Навальнага ў Барнауле Вадзіма Астаніна,
- Андрэя Піваварава з «Адкрытай Расеі»,
- праваабаронцу Алега Арлова,
- мастачку Сашу Скачыленку.
А таксама:
- Рыка Крыгера, асуджанага да сьмяротнага пакараньня ў Беларусі грамадзяніна Нямеччыны,
- Кевіна Ліка, падлетка з грамадзянствам Расеі і Нямеччыны, асуджанага за шпіянаж,
- Дытэра Вароніна, фігуранта справы Івана Сафронава,
- Патрыка Шобэля, грамадзяніна Нямеччыны, абвінавачанага ў кантрабандзе наркотыкаў,
- велаактывіста Германа Мойжэса, які мае грамадзянства Расеі і Нямеччыны.
Сярод вызваленых расейцаў, якія вернуцца ў Расею з заходніх турмаў:
- Вадзім Красікаў,
- Арцём Дульцаў і Ганна Дульцава,
- Міхаіл Мікушын,
- Павал Рубцоў,
- Раман Селязьнёў,
- Уладзіслаў Клюшын,
- Вадзім Канашчонак.
Хто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
Форум