Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера

абноўлена

Рыка Крыгер, архіўнае фота
Рыка Крыгер, архіўнае фота

Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, паведаміла 30 ліпеня ягоная прэс-служба.

Раней стала вядома, што асуджаны на сьмяротную кару нямецкі грамадзянін Рыка Крыгер (Rico Krieger) напісаў на імя Аляксандра Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні.

30 ліпеня Лукашэнка сабраў нараду з гэтай нагоды. На ёй прысутнічалі старшыня КДБ Іван Тэртэль, адвакат нямецкага грамадзяніна Ўладзімер Горбач, прапагандыстка Людміла Гладкая, якая нядаўна апублікавала падрабязнасьці працэсу над грамадзянінам Нямеччыны.

Сьмяротны прысуд Рыка Крыгеру вынесьлі 24 чэрвеня, вядома пра гэта стала амаль празь месяц. Суд прызнаў яго вінаватым паводле 6 цяжкіх артыкулаў КК РБ, у тым ліку ў акце тэрарызму.

У этэры прапагандысцкага дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1» Крыгер расказаў пра сваё жаданьне «спатрэбіцца» Ўкраіне, пра тое, як пачаў адпраўляць заяўкі ва ўкраінскія добраахвотніцкія фармаваньні, а потым на загад «куратара» вылецеў у Менск, там даставіў заплечнік на станцыю Азярышча, дзе пазьней адбыўся выбух, у выніку якога ніхто не пацярпеў. Запіс «інтэрвію» з Крыгерам у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу мог быць зроблены пад прымусам.

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда пракамэнтаваў навіну пра памілаваньне нямецкага грамадзяніна.

«Тое, аб чым шмат гаварылі і шмат маўчалі ў апошнія дні, адбылося. Рыка Крыгер памілаваны. І гэта вельмі добрая навіна. Я асабіста абстрагуюся ад усіх разважаньняў накшталт «сама дзяржава асудзіла да сьмерці, сама і памілавала». Насамрэч, скажам шчыра, магла бы і расстраляць. Я разглядаю гэта праз праваабарончы аспэкт і бачу гэтую падзею як праяву акту гуманізму, хто бы і што ні казаў і якія бы акалічнасьці гэтаму не спрыялі.

Адразу хачу нагадаць, што ў камэры сьмяротнікаў знаходзіцца яшчэ адзін прыгавораны да сьмерці — Аляксандр Таратута. Хачу падкрэсьліць і заклікаць да праявы такога ж акту гуманізму ў адносінах яго: не грамадзяніна Нямеччыны, але грамадзяніна Беларусі».

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
  • Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
  • Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG