Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«BelPol»: Як КДБ «разьвяло» немца і навошта яго пагражалі расстраляць


Павал Сапелка, Рыка Крыгер, Уладзімер Жыгар. Каляж.
Павал Сапелка, Рыка Крыгер, Уладзімер Жыгар. Каляж.

Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера. Суд прызнаў яго вінаватым паводле 6 цяжкіх артыкулаў КК РБ, у тым ліку ў акце тэрарызму.

Учора ранкам ён напісаў просьбу, а ўвечары яе задаволілі. Што гэта было і ці быў увогуле тэракт, за які Крыгера судзілі? Госьці «ПіКа Свабоды» – праваабаронца Павал Сапелка і Ўладзімер Жыгар з арганізацыі «BelPol».

Сапелка: З таго пункту гледжаньня, што чалавек застанецца жывым, мяне гэтае памілаваньне радуе. З таго, што на нашых вачах нараджаецца практыка, калі рэжым бярэ закладніка, прысуджае яму сьмяротнае пакараньне, цягам двух-трох дзён накручвае абстаноўку, а пасьля «цар мілуе», — то, вядома ж, гэта вельмі небясьпечна для будучай практыкі.

Цалкам размову глядзіце ў відэфармаце на Youtube.

Жыгар: Тое, што адбылося, — гэта звыклая справа для рэжыму Пуціна-Лукашэнкі па захопе закладнікаў зь ліку палітычнай апазыцыі або замежных грамадзянаў і абмену іх на сапраўдных злачынцаў, якія асуджаныя ў краінах Захаду, або на іншыя зьнешнепалітычныя выгады. Сярод такіх прыкладаў можа быць абмен Бута на амэрыканскую баскетбалістку. І такое «памілаваньне» — гэта сьведчаньне таго, што не дамовіліся. Лукашэнка намагаецца гэтым перавярнуць свой імідж ад узурпатара і злачынцы да гуманіста. Маўляў, вызваліў палітзьняволеных і нават памілаваў небясьпечнага тэрарыста. Спачатку трэба зрабіць жахліва, пасьля кепска, а ён і грамадзкасьць ужо ўспрымаюць гэта як нешта добрае.

Але ці быў увогуле тэракт, за які немцу прысудзілі сьмяротнае пакараньне. Рыка Крыгер, як сьцьвярджае BelPol, сапраўды хацеў паехаць ва Ўкраіну, але ў часе пошуку замежных вайсковых падразьдзелаў, якія ваююць у складзе ўкраінскага войска, натрапіў на інтэрнэт-мэсэнджары, створаныя сілавымі органамі Беларусі для выяўленьня добраахвотнікаў.

У супольнасьці былых беларускіх сілавікоў лічаць, што грамадзяніна Нямеччыны асудзілі паводле сфальсыфікаваных доказаў, сабраных сілавікамі Беларусі, якія справакавалі ягоны прыезд на беларускую тэрыторыю і выдалі сябе за прадстаўнікоў Службы бясьпекі Ўкраіны і палку імя Кастуся Каліноўскага.

Жыгар: Гэты чалавек у тэлеграме знайшоў нейкі кантакт і паверыў, што зь ім размаўляюць прадстаўнікі ўкраінскіх спэцслужбаў. Ён прыехаў у Беларусь і нават не разумеў, куды трапіў. Ён пісаў лісты з арышту ў Нямеччыну і тлумачыў, што адбылося. Пасьля іх паказалі ў прапагандысцкім фільме. Ён спадзяваўся на тое, што ў Беларусі існуе таямніца перапіскі. Уся сытуацыя, у якую ён трапіў, гэта быў апэратыўны экспэрымэнт з боку рэжымных спэцслужбаў. Рэжымам у Менску і Маскве патрэбны быў немец для далейшай апрацоўкі.

Як раней пісалі нямецкія СМІ, Крыгера могуць выкарыстоўваць для абмену на Вадзіма Красікава, афіцэра ФСБ РФ, які ў 2019 годзе застрэліў у Бэрліне былога чачэнскага палявога камандзіра Зэлімхана Хангашвілі. Красікаў быў асуджаны ў Нямеччыне на пажыцьцёвае зьняволеньне. МЗС Беларусі ўжо заявіла, што беларускі бок прапанаваў ФРН «канкрэтныя рашэньні па наяўных варыянтах разьвіцьця сытуацыі».

Сапелка: Альтэрнатыва сьмяротнаму пакараньню — пажыцьцёвае зьняволеньне. Ягонае пакараньне па законе Беларусі павінны замяніць на пажыцьцёвы тэрмін. Але закон не дае нам зразумелага адказу, а ці ня можна пасьля ізноў гэтага чалавека памілаваць, калі ён ужо пажыцьцёвы вязень. Тыя нарматыўныя акты, якія гэта фармулююць, напічканыя рознымі выключэньнямі. І гэта добра для Крыгера, бо калі закон можна абыходзіць, то яго могуць ізноў памілаваць і аддаць Нямеччыне. Але гэта кепска для барацьбы са сьмяротным пакараньнем. Гэта паказвае магчымасьць адвольнага вырашэньня пытаньня асуджаных.

Справа Рыка Крыгера ў Беларусі

Сьмяротны прысуд Рыка Крыгеру вынесьлі 24 чэрвеня, вядома пра гэта стала амаль празь месяц. Суд прызнаў яго вінаватым паводле шасьці цяжкіх артыкулаў КК РБ, у тым ліку ў акце тэрарызму.

25 ліпеня дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1» паказаў перадачу пад назвай «Споведзь нямецкага тэрарыста», удзельнікам якой стаў Крыгер. Ён расказаў пра сваё жаданьне «спатрэбіцца» Ўкраіне, пра тое, як пачаў адпраўляць заяўкі ва ўкраінскія добраахвотніцкія фармаваньні, а затым на загад «куратара» вылецеў у Менск і даставіў заплечнік на станцыю Азярышча. Пазьней на станцыі адбыўся выбух, у выніку якога ніхто не пацярпеў.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG