За першую палову 2024 году доля апраўдальных прысудаў у крымінальных працэсах павялічылася больш як удвая ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам летась, вынікае са зьвестак Вярхоўнага суду. Тым ня менш гэта ўсяго 0,24% ад агульнай колькасьці выракаў, падлічыў «Позірк».
За студзень–чэрвень 2024 году беларускія суды разгледзелі 14 816 крымінальных спраў з вынясеньнем прысудаў, па выніках апраўдалі толькі 35 чалавек (0,24%). Для параўнаньня: за першую палову 2023 году разгледзелі 15 427 спраў, апраўдалі 15 чалавек (0,1%).
За студзень–чэрвень 2024 году ў Беларусі асудзілі
- 5658 чалавек — за злачынствы супраць уласнасьці, у тым ліку 3637 за крадзеж;
- 2981 бацьку — за ўхіленьне ад утрыманьня дзяцей або ад кампэнсацыі выдаткаў дзяржаве на ўтрыманьне дзяцей, якія знаходзяцца (-ліся) на дзяржаўным забесьпячэньні;
- 1058 — за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі;
- 1047 чалавек — за злачынствы супраць жыцьця і здароўя, зь іх 77 за забойства, астатнія — за наўмыснае прычыненьне цялесных пашкоджаньняў рознай ступені цяжкасьці;
- 592 чалавекі — за злачынствы супраць бясьпекі руху і эксплюатацыі транспарту;
- 577 чалавек — за злачынствы супраць парадку. Вярхоўны суд не канкрэтызуе, паводле якіх артыкулаў вынесьлі прысуды. Між тым да такіх злачынстваў адносяцца прадугледжаныя арт. 363 (супраціў супрацоўніку сілавікам) і арт. 364 (гвалт або пагроза яго прымяненьня ў дачыненьні да сілавіка) — па гэтых артыкулах судзяць у тым ліку з палітычных матываў;
- 254 — за злачынствы супраць полавой недатыкальнасьці / свабоды, у тым ліку 32 — за згвалтаваньне, 65 — за гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару.
Па выніках судоў пазбаўленьне волі прызначылі 3775 асуджаным, «хімію» (абмежаваньне з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) — 866, «хатнюю хімію» (без накіраваньня ў папраўчую ўстанову) — 3505 асуджаным. Адзін чалавек быў асуджаны на пажыцьцёвае пазбаўленьне волі, адзін — на сьмяротнае пакараньне (гаворка пра грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, якога 30 ліпеня памілаваў Лукашэнка).
Форум