Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі амаль на траціну вырасла колькасьць непаўналетніх асуджаных. Ёсьць і «палітычныя»


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Паводле судовай статыстыкі, у першым паўгодзьдзі 2024 году ў Беларусі асудзілі 353 непаўналетніх, што на 27,9% больш, чым у 1-ым паўгодзьдзі 2023 году (276 непаўналетніх), паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда Беларусі. Сярод іх ёсьць і асуджаныя паводле «палітычных» артыкулаў.

Сярод асуджаных паводле артыкулаў, якія ўлады, паводле праваабаронцаў, найчасьцей выкарыстоўваюць для перасьледу грамадзян з палітычных матываў:

  • 9 непаўналетніх асудзілі за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак або актыўны ўдзел у іх» (арт. 342 КК),
  • 2 — за «распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці і варажнечы» (арт. 130 КК),
  • 2 — за супраціў сілавікам (арт. 363 КК),
  • 1 — за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК),
  • 1 — за гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненьні да службовай асобы (арт. 366 КК),
  • 1 — за масавыя беспарадкі (арт. 293 КК).

Таксама 69 непаўналетніх асудзілі за хуліганства (арт. 339 КК), 5 — за апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці (арт. 341 КК) 1 — за незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (арт. 295 КК) — гэтыя артыкулы ўлады, сярод іншага, раней таксама выкарыстоўвалі для перасьледу паводле палітычных матываў, але ня толькі.

Паводле наркатычных артыкулаў за студзень-чэрвень 2024 году ў Беларусі асудзілі 36 непаўналетніх (арт. 327-332 КК), што на 23,4% менш, чым у 1 паўгодзьдзі 2023 году (47 чалавек).

За злачынствы супраць жыцьця і здароўя асудзілі 15 непаўналетніх, зь іх траіх — за забойства, астатніх — за наўмыснае прычыненьне цялесных пашкоджаньняў рознай ступені цяжкасьці.

За злачынствы супраць уласнасьці асудзілі 156 непаўналетніх, зь іх 80 — за крадзеж, 20 — за махлярства, 17 — за рабаваньне, 17 — за крадзеж шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі, 15 — за ўгон транспарту, 4 — за разбой, 2 — за наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне чужой маёмасьці, 1 — за яе прысваеньне або растрату. 23 непаўналетніх асудзілі за незаконны абарот сродкаў плацяжу.

6 непаўналетніх асудзілі за згвалтаваньне, 7 — за гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару; 6 — за выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў ці прадметаў парнаграфічнага характару, 9 — за выраб і распаўсюд парнаграфіі з выявай непаўналетняга.

Дваіх падлеткаў асудзілі за заведама ілжывае паведамленьне аб небясьпецы, аднаго — за загадзя ілжывы данос.

З 353 асуджаных за студзень-чэрвень 2024 году

  • 104 прызначылі пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі (29,5%),
  • 93 — прымусовыя меры выхаваўчага характару (26,3%),
  • 78 прысудзілі розныя тэрміны зьняволеньня (22,1%),
  • да 48 ужылі адтэрміноўку выкананьня пакараньня (12,2%),
  • 17 — грамадзкія працы (4,8%),
  • 6 — адміністрацыйны арышт (1,7%),
  • 6 — умоўнае непрымяненьне пакараньня (1,7%),
  • 4 — штраф (1,1%),
  • 1 — папраўчыя работы (0,3%).
  • 1 — вызвалілі ад адбыцьця пакараньня.

Паводле зьвестак праваабаронцаў на пачатак траўня, цяпер за кратамі знаходзяцца сама меней 23 маладзёны, якія былі затрыманыя непаўналетнімі і асуджаныя паводле палітычных матываў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG