Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат асуджанага на пажыцьцёвае зьняволеньне за ваенныя злачынствы Радавана Караджыча расказаў пра дрэнны стан здароўя сэрба


Радаван Караджыч у трыбунале ў Гаазе
Радаван Караджыч у трыбунале ў Гаазе

У ангельскай турме, паводле словаў абаронцы, Караджыча «катуюць», у тым ліку за падтрымку Расеі ў захопніцкай вайне супраць Украіны.

Улады брытанскай турмы Ўайт абмяжоўваюць правы першага прэзыдэнта Рэспублікі Сэрбскай (частка Босьніі і Герцагавіны) Радавана Караджыча за тое, што ён падтрымлівае Расею, заявіў адвакат Караджыча Горан Петраніевіч. Ягоныя словы прыводзіць агенцыя SRNA.

Петраніевіч заявіў, што брытанцы, калі адмовілі ў праве фінансаваць судовы працэс у справе парушэньня правоў Караджыча, сказалі, што ён «знаходзіцца пад такімі ж санкцыямі, што і расейцы», бо ў тэлефонных размовах цікавіцца тым, што адбываецца ў сьвеце.

«Я зь ім размаўляю, бо яму цікава. Яму там няма з кім размаўляць па-сэрбску, хіба што ён атрымлівае „Novosti“ раз-два на тыдзень. Усе ягоныя рэлігійныя правы парушаныя. Ён цярпіць жудасныя катаваньні там», — скардзіцца адвакат.

Ён адзначыў, што стан здароўя Караджыча вельмі кепскі.

«Яго павінен агледзець турэмны доктар. У яго цукровіца, прастатыт і спандылёз шыйнага аддзелу хрыбетніка. Адпаведнай дапамогі няма, і ён некалькі тыдняў чакае мэдычнага агляду, хоць у яго сур’ёзна парушанае здароўе, — сказаў Петраніевіч.

Ён падкрэсьліў, што ў чэрвені жыцьцё Караджыча нават было ў небясьпецы, бо тады ён страціў прытомнасьць і меў жудасныя болі ў страўніку. Яму нібыта не далі лекаў ад прастатыту.

Радаван Караджыч — псыхіятар паводле адукацыі, першы прэзыдэнт Рэспублікі Сэрбскай з 1992 па 1996 гг. Гэтая частка Босьніі і Герцагавіны спрабавала адасобіцца ад краіны і абвясьціць незалежнасьць, а таму пачала вайну супраць башняцкага і харвацкага насельніцтва ў БіГ. У 1998-м Караджыч зьнік і 10 гадоў хаваўся ад правасудзьдзя. У 2008-м яго знайшлі і арыштавалі, а ў 2019-м Гааскі трыбунал канчаткова прысудзіў яму пажыцьцёвае зьняволеньне.

Караджыча прызналі вінаватым у генацыдзе, у тым ліку ў Срэбрэніцы, масавых забойствах, тэрарызаваньні і дэпартацыях башнякоў і харватаў, а таксама ў іншых злачынствах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG