Лінкі ўнівэрсальнага доступу

38 дзяржаў АБСЭ заклікалі вызваліць усіх беларускіх палітвязьняў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзяржавы АБСЭ павінны забясьпечыць, каб «экстрадыцыя беларускіх грамадзян у Беларусь адпавядала міжнароднаму праву», усьведамляючы, што праваабаронцы, работнікі СМІ, прадстаўнікі апазыцыі «могуць падвяргацца асаблівым рызыкам», заявіла 25 ліпеня група сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЭ.

У гэтую групу ўваходзяць 29 з 57 дзяржаў – сяброў АБСЭ. Да заявы далучыліся Аўстрыя, Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Ліхтэнштэйн, Малдова, Паўночная Македонія, Славакія, Украіна і Швайцарыя, якія не ўваходзяць у згаданы альянс.

Заява прынятая ў сувязі зь перазапускам 11 ліпеня Венскага мэханізму АБСЭ ў дачыненьні Беларусі што да ўмоў утрыманьня ў турмах.

38 дзяржаў «прынялі да ўвагі нядаўняе вызваленьне некалькіх палітычных зьняволеных», аднак адзначылі, што «на жаль, гэта толькі малая частка асобаў, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі».

«Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна вызваліць з гуманітарных меркаваньняў усіх палітычных зьняволеных, якія сутыкнуліся з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем ці хранічнымі захворваньнямі, — гаворыцца ў дакумэнце. — Мы таксама заклікаем да безумоўнага вызваленьня ўсіх 1400 ці больш палітычных зьняволеных, якія ўтрымліваюцца ў Беларусі, і да спыненьня перасьледу і нападаў на іх семʼі».

Згадваньне экстрадыцыі беларускіх грамадзян зьвязанае з рашэньнем суду ў Бялградзе выдаць Менску рэжысэра, журналіста і палітычнага актывіста Андрэя Гнёта, які цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам у сэрбскай сталіцы. 19 ліпеня стала вядома, што Інтэрпол прызнаў палітычную падкладку справы і выключыў Гнёта з «чырвонага сьпісу» асобаў, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку.

  • 41-гадовы Андрэй Гнёт — рэжысэр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік абʼяднаньня SOS.by, прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваньнем». Працаваў з вядомымі брэндамі, сярод якіх МТС, Mark Formelle, «Бульбаш», «Аліварыя», «Спартак», «Беллакт», World of Tanks.
  • Быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 году памежнай службай Сэрбіі пасьля прылёту ў Бялград, пасьля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрыманьня — знаходжаньне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрполу ад 21 верасьня 2023 году. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнета ў Беларусь для крымінальнага перасьледу.
  • Праваабаронцы і адвакат Гнёта настойваюць, што ён перасьледуецца з палітычных, а не эканамічных матываў, як сузаснавальнік SOS.by.
  • 31 траўня суд у Бялградзе пастанавіў, што патрабаваньне выдаць Гнёта беларускім праваахоўным органам законна і павінна быць задаволена «ў мэтах яго прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці па абвінавачаньні ва ўчыненні крымінальнага злачынства па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу („Ухіленьне ад выплаты падаткаў“) на падставе пастановы аб завядзеньні крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага ад 08.11.2023 году».
  • Прыгнёт і ягоны адвакат атрымалі гэтае рашэньне 13 чэрвеня і падалі апэляцыю.
  • Венскі мэханізм — мэтад працы АБСЭ, накіраваны на захаваньне правоў чалавека ў краінах — удзельніцах арганізацыі. Прадугледжвае абмен інфармацыяй, у тым ліку па запыце сябраў АБСЭ, абмеркаваньні сытуацыі з правамі чалавека паміж краінамі, якія праводзяцца па ініцыятыве любой з іх, а таксама дэбаты на гэтую тэму на мерапрыемствах арганізацыі.
  • Мэханізм быў уведзены ў 1989 годзе ў выніку адпаведнай дамовы, падпісанай у Вене. Актыўна прымяняўся да 1992 года ў краінах былога СССР і Усходняй Эўропы.
  • У 1992 годзе быў уведзены аналягічны Маскоўскі мэханізм АБСЭ, які лічыцца больш эфэктыўным.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG