Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Гнёт папрасіў дапамогі, на BYSOL адкрылі збор сродкаў


Андрэй Гнёт
Андрэй Гнёт

Журналіст і рэжысэр Андрэй Гнёт застаецца пад хатнім арыштам у Бялградзе, нягледзячы на тое, што Інтэрпол выкрасьліў яго са свайго «чырвонага сьпісу».

Ён працягвае змагацца за адмену экстрадыцыі ў Беларусь, і для гэтага яму патрэбныя сродкі. Іх збор абвясьціў фонд салідарнасьці BYSOL, паведаміў Андрэй Гнёт Белсату.

Грошай не стае на аплату адваката, арэнду кватэры, мэдыкамэнты і ежу, расказаў Андрэй Гнёт.

Сытуацыю ўскладняе і тое, што сэрбскі апэляцыйны суд ня мае абмежаваньняў у тэрмінах — разгляд справы можа адбыцца як праз два тыдні, так і праз тры месяцы. Колькі Гнёту давядзецца жыць у арандаванай кватэры і прасіць дапамогі, невядома.

На гэты момант збор на 10 тысячаў эўра, адкрыты на BYSOL, зможа пакрыць 1/5 частку ад актуальных выдаткаў рэпрэсаванага беларуса.

«Цяпер я працягваю змагацца за адмену сваёй экстрадыцыі, Сэрбія працягвае мяне ўтрымліваць, нягледзячы на адказ Інтэрполу (спасылаючыся на двухбаковыя дамовы зь Беларусьсю). Мая бітва з рэжымам уступае ў рашучую, вострую фазу. І мы проста ня можам прайграць. Дзякуй вам, я веру ў нашую салідарнасьць!!!» — зьвярнуўся да беларусаў Гнёт.

  • Андрэй Гнёт — беларускі журналіст, рэжысэр і палітычны актывіст. Яго называюць сузаснавальнікам «Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў SOS-BY», прызнанага «экстрэмісцкім фармаваньнем» у 2022 годзе.
  • Яго затрымалі ў Сэрбіі летась у кастрычніку на запыт афіцыйнага Менску, які абвясьціў яго ў вышук на падставе справы аб падатках. Адвакаты кажуць, што гэты перасьлед матываваны палітычна і што на радзіме Гнёта могуць чакаць катаваньні. Суд першай інстанцыі пастанавіў экстрадаваць яго ў Беларусь, аднак апэляцыйны суд скасаваў гэтую пастанову і накіраваў справу на новы разгляд. 19 ліпеня стала вядома, што Інтэрпол выкрасьліў Гнёта са свайго «чырвонага сьпісу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG