МУС Турэччыны апублікавала відэазапіс затрыманьня падазраванага. Прадстаўнік ведамства ўдакладніў, што Серабракоў прыляцеў у Бодрум ранішнім рэйсам з Масквы.
Раней ён не фігураваў у міжнароднай базе вышуку Інтэрполу. З патрабаваньнем затрымаць яго ў турэцкую паліцыю зьвярнуліся супрацоўнікі расейскага аддзяленьня Інтэрполу, якія паведамілі, што Серабракоў знаходзіцца ў вышуку па абвінавачаньні ў тэрарызьме.
Раніцай 24 ліпеня на поўначы Масквы выбухнуў замінаваны аўтамабіль. Кіроўца і пасажыр атрымалі траўмы. СМІ паведамляюць, што аўтамабіль належыць высокапастаўленаму афіцэру расейскай арміі. Першапачаткова выданьне Astra заяўляла, што пацярпелі намесьнік начальніка спадарожнікавага радыёцэнтру Андрэй Таргашоў і ягоная жонка. Пазьней расейскія СМІ апублікавалі камэнтары абаіх, што яны жывыя і здаровыя.
Выданьне «Коммерсант» сьцьвярджае, што падчас выбуху пацярпеў не афіцэр вузла сувязі, а ягоны цёзка, афіцэр ГРУ Таргашоў.
Такой жа вэрсіі прытрымліваюцца і журналісты выданьня «Агентство», заяўляючы, што пацярпелы афіцэр служыў у вайсковай частцы 45807. Раней яна згадвалася ў журналісцкіх расьсьледаваньнях у сувязі з высылкай агента ГРУ з Нарвэгіі і замахам на былога афіцэра Службы бясьпекі Ўкраіны ў Маскве.
Форум