Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У зьняволеньні ў Польшчы знаходзяцца 146 беларусаў — гэта трэці паказчык сярод замежнікаў


Ілюстрацыйнае фота, Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота, Shutterstock

У пэнітэнцыярных установах Польшчы знаходзяцца 2407 замежных грамадзян — на 90% больш, чым у канцы 2020 году (1267), паведамляе партал Poland Insider са спасылкай на зьвесткі Міністэрства юстыцыі Польшчы.

Большасьць зь іх асуджаныя за злачынствы, зьвязаныя з парушэньнем бясьпекі дарожнага руху, грамадзкага парадку і забойствамі.

Найбольшую групу сярод зьняволеных у Польшчы замежнікаў складаюць украінцы — 1261 чалавек, за імі ідуць грузіны (330) і беларусы (146 чалавек). Сярод іншых асуджаных замежнікаў згадваюцца грамадзяне Палестыны, Ярданіі, Марока і Фінляндыі.

Паводле зьвестак Цэнтральнага ўпраўленьня пэнітэнцыярнай службы Польшчы, на 29 лютага 2024 году ў краіне было 74 417 зьняволеных, зь іх 3823 жанчыны. Каля 43% асуджаных — ва ўзросьце ад 31 да 42 гадоў (31 291 чалавек). 39% вязьняў асуджаныя за злачынствы супраць маёмасьці, у тым ліку крадзяжы і рабункі, каля 13% — за злачынствы супраць сям’і і догляду за дзецьмі (жорсткае абыходжаньне, нявыплата алімэнтаў), 12,6% — за злачынствы супраць жыцьця і здароўя (забойствы і ненаўмысныя забойствы).

25 студзеня выданьне Rzeczpospolita пісала, што ў 2023 годзе злачынствы ў Польшчы ўчынілі 17 278 замежнікаў — на 2,4 тысячы больш, чым у 2022 годзе. Часьцей за ўсё ў 2023 годзе закон парушалі ўкраінцы (больш за палову замежнікаў, якім прадʼяўлена абвінавачаньне), пасьля іх — грузіны (2714) і беларусы (1030), за імі — грамадзяне Малдовы і Расеі.

З прыведзеных зьвестак відаць, што доля беларусаў у абедзьвюх статыстычных справаздачах складае каля 6% ад замежнікаў, якія парушылі закон, падлічыла выданьне «Позірк».

  • На канец чэрвеня 2024 году ў сыстэме сацыяльнага страхаваньня Польшчы было зарэгістравана больш за 134 тысячы грамадзян Беларусі, за год іх колькасьць павялічылася на 12 тысяч. Сярод іншаземцаў, якія жывуць у Польшчы і фігуруюць у гэтай сыстэме, беларусы — на другім месцы. Па колькасьці яны саступаюць украінцам (771 тысяч), але апярэджваюць грузінаў (27 тысяч).
  • На 31 сьнежня 2023 году ў Польшчы пражывалі 118,5 тыс. грамадзян Беларусі, якія маюць дзейны дакумэнт, які выдадзены ў Польшчы і дае права на знаходжаньне на тэрыторыі краіны, паводле зьвестак Упраўленьня па справах іншаземцаў Польшчы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG