Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за ўкраінцаў і расейцаў. У Польшчы расказалі, колькі беларусаў за паўгода атрымалі міжнародную абарону


Акцыя салідарнасьці зь беларусамі ў Варшаве. Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Акцыя салідарнасьці зь беларусамі ў Варшаве. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

У першым паўгодзьдзі 2024 году Польшча дала міжнародную абарону 1,4 тысячы беларусаў. Гэта самая вялікая група замежнікаў, якія атрымліваюць міжнародную абарону ў Польшчы, вынікае са статыстыкі Ўпраўленьня па справах іншаземцаў.

На другім месцы — украінцы: за шэсьць месяцаў задаволілі 1,3 тысячы іх заяваў на атрыманьне міжнароднай абароны. На трэцім месцы — расейцы (міжнародную абарону з пачатку году атрымалі каля сотні чалавек). Агулам у першым паўгодзьдзі 2024 году міжнародную абарону атрымалі 3 тысячы іншаземцаў.

Польшча даволі рэдка адмаўляе беларусам у міжнароднай абароне. За паўгода нэгатыўныя рашэньні вынесьлі па 50 справах — гэта каля 3,5% ад усіх ужо разгледжаных заяваў. Для параўнаньня: за той жа пэрыяд адмовілі 320 расейцам.

Агулам за паўгода заяўкі на атрыманьне міжнароднай абароны ў Польшчы падавалі каля 2 тысяч беларусаў. Гэта другая група замежнікаў паводле колькасьці заявак пасьля ўкраінцаў (2,7 тысячы чалавек). Па некаторых справах пакуль яшчэ ня вынесьлі рашэньні, у шэрагу выпадкаў разгляд справаў прыпынілі (часта гэта адбываецца, калі заяўнік пакінуў Польшчу да вынясеньня рашэньня).

Іншаземцу могуць надаць міжнародную абарону (у выглядзе статусу ўцекача або дадатковай абароны), калі яму ці ёй пагражае перасьлед або рэальная рызыка страты жыцьця або здароўя ў краіне паходжаньня. Пры гэтым для атрыманьня абароны не павінна быць ніякіх абставінаў, якія ўказваюць на тое, што чалавек можа прадстаўляць пагрозу для бясьпекі краіны, якая надае яму міжнародную абарону.

  • З часу апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 году па 29 лютага 2024 году па міжнародную абарону ў Польшчы зьвярнуўся 10 161 грамадзянін Беларусі. У першым квартале 2024 году Польшча дала міжнародную абарону 670 беларусам.
  • З 9 жніўня 2020 году па 29 лютага 2024 году агулам больш за 124 тысячы беларусаў атрымалі дакумэнт, які дае права на знаходжаньне ў Польшчы. Каля 41 тысячы грамадзян Беларусі атрымалі дазвол на пастаяннае пражываньне, што абумоўлена ў асноўным «картай паляка» ці польскім паходжаньнем.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG