Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі Хамэйні». Дзеля чаго ў краіне ствараюць культ асобы


Аляксандар Лукашэнка на парадзе ў Менску 3 ліпеня 2024 году.
Аляксандар Лукашэнка на парадзе ў Менску 3 ліпеня 2024 году.

20 ліпеня ў Менску адбыўся так званы «Форум патрыятычных сіл». У такой форме прыхільнікі дзейнай улады адсьвяткавалі юбілей — 30 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Гэта знакавая падзея ў працэсе фармаваньня культу ягонай асобы. Такога маштабу хваласьпеваў на адрас Лукашэнкі яшчэ не было.

Сьцісла:

  • Гэта першы юбілей знаходжаньня ва ўладзе Лукашэнкі, які сьвяткуецца на афіцыйным узроўні.
  • Хваласьпеў павінен загаіць траўму 2020 году.
  • Спроба фармаваньня культу асобы Лукашэнкі не трапляе ў рытм з гістарычным часам.
  • Такое ўражаньне, што і сам Лукашэнка недзе на ўзроўні падсьвядомасьці разумее, што эфэкт ад гэтай кампаніі фармаваньня культу ягонай асобы можа быць адваротны. Таму ўвесь працэс адбываецца неяк сарамліва.

З нагоды 30-годзьдя знаходжаньня Лукашэнкі ва ўладзе Натальля Качанава назвала Лукашэнку «бацькам нацыі» і заявіла: «Вы — выбітны палітык сусьветнай велічыні, роўных якому сёньня практычна няма».

Уладзімер Канаплёў назваў яго «беларускім Хамэйні».

Дзьмітры Круты заявіў: «Гасподзь паслаў Беларусі такое выпрабаваньне ў выглядзе ўрагану... каб прэзыдэнт парадаваўся, што створаная ім за 30 гадоў сыстэма выстаяла, вытрымала».

Аляксей Талай прапанаваў даць Лукашэнку званьне Героя Беларусі.

Першы юбілей, які сьвяткуецца на афіцыйным узроўні

Ранейшыя «круглыя» даты фактычна не адзначаліся, хоць пра іх і ўзгадвалі. У 2004 годзе, да 10-годзьдзя першых прэзыдэнцкіх выбараў, па БТ паказалі шматсэрыйны дакумэнтальны фільм «Найноўшая гісторыя», прысьвечаны «дасягненьням» Лукашэнкі.

У 2019 г. з нагоды чвэрці стагодзьдзя кіраваньня Лукашэнкі ўлады з пачатку году запусьцілі былі адпаведную палітычную кампанію. У газэце «Беларусь сегодня» зьявілася рубрыка «25.by Чвэрць стагодзьдзя беларускай дзяржаўнасьці», дзе друкаваліся на дзьвюх палосах матэрыялы, прысьвечаныя «слаўным» 25 гадам. Аналягічныя праекты пачалі рэалізоўвацца на тэлеканалах. Аднак праз пэўны час тую кампанію спынілі. І сам юбілей прайшоў практычна не заўважаны дзяржаўнымі мэдыя. Як ні дзіўна, дату «адзначалі» адпаведнымі камэнтарамі якраз незалежныя СМІ.

Гэтым разам улады вырашылі адсьвяткаваць. На тое ёсьць некалькі прычын.

Дасюль Лукашэнка вельмі асьцярожна ставіўся да свайго культу. У яго хапала здаровага сэнсу не чапляць на сябе ордэны і мэдалі, не будаваць помнікаў, ня ўпісваць свайго імя ў Канстытуцыю, як гэта робяць дыктатары ў некаторых усходніх краінах. Ён добра памятаў сумны досьвед Леаніда Брэжнева, які любіў чапляць на сябе іканастас з ордэнаў, урачыста сьвяткаваць розныя юбілеі. Ужо зусім нямоглага генсека, які зь цяжкасьцю мог гаварыць, савецкія мэдыя нястрымна ўслаўлялі, называлі «выбітным дзяржаўным дзеячом». Кантраст паміж тым, што народ бачыў па ТВ, і прапагандай быў такі вялізны, што людзі насьміхаліся з гэтага. Леанід Ільіч стаў героем шматлікіх анэкдотаў. Але тое пакаленьне, якое памятае карыкатурны культ Брэжнева, адыходзіць. Таму, відаць, можна і рызыкнуць.

Але галоўная прычына іншая. Хваласьпеў павінен загаіць траўму 2020 году. Культ асобы — гэта кампэнсацыя за тыя палітычныя і маральныя страты, якія пацярпеў Лукашэнка чатыры гады таму. Утрыманьне ўлады далося дарагой цаной і для Беларусі, і для яго пэрсанальна. І патрэбен моцны допінг, які павінен перабіць той палітычны землятрус для створанай ім сыстэмы. Як пісаў Уінстан Чэрчыль на палях сваіх парлямэнцкіх выступаў: «аргумэнт слабы, трэба падвысіць голас». Вось прапагандысцкая машына і падвышае голас, каб кампэнсаваць усім відавочныя слабасьці, якія выявіліся ў 2020 годзе.

І таксама гэта кампэнсацыя за вонкавы вобраз, зьмены ў якім быў вымушаны прызнаць сам Лукашэнка. Нядаўна ў Александрыі ён сказаў, што стаміўся. А калі якасьць тавару пагаршаецца, то трэба ўзмацніць яго рэкляму.

Ці будуць выніку культу

Ці прынясе фармаваньне культу асобы Лукашэнкі жаданы палітычны эфэкт? Вельмі сумнеўна. Хутчэй эфэкт можа быць адваротны. Ня толькі таму, што архаічныя мэтады і прыёмы спрабуюць навязаць грамадзтву, якое ў значнай ступені зьяўляецца эўрапейскім, якое жыве ў інфармацыйную эпоху. І якое перажыло катарсіс 2020 году.

Самае галоўнае палягае ў тым, што спроба фармаваньня культу асобы Лукашэнкі не трапляе ў рытм з гістарычным часам. Калі б гэтая кампанія адбылася недзе ў другой палове 1990-х ці 2000-х, то яна магла трапіць у рэзананс з грамадзкімі настроямі. Тады створаная Лукашэнкам сацыяльная мадэль была на пад’ёме, мела пэўны станоўчы вобраз, на яе як на альтэрнатыўны шлях посткамуністычнай трансфармацыі зьвярталі ўвагу левыя сілы ў рэгіёне Ўсходняй Эўропы і на постсавецкай прасторы.

А цяпер створаная Лукашэнкам сыстэма перажывае цяжкія часы. Яна на спадзе, яе прывабнасьць невялікая. Яе архітэктар пасьля 2020 году выступае ў вобразе палітыка, які трымаецца за ўладу з апошніх сіл. Беларускі рэжым знаходзіцца ў дысанансе, супрацьходзе зь лёгікай грамадзка-палітычных працэсаў. Ужо ня кажучы пра фізычны стан асобы, культ якой спрабуюць стварыць.

Такое ўражаньне, што і сам Лукашэнка недзе на ўзроўні падсьвядомасьці ўсё гэта разумее. Таму ўвесь працэс фармаваньня культу адбываецца неяк сарамліва. Той жа Форум патрыятычных сіл праводзіцца не як дзяржаўнае мерапрыемства, якое зладзіў бы ўрад, парлямэнт, Усебеларускі народны сход, а як акцыя грамадзкасьці. Маўляў, улады тут ні пры чым, гэта «патрыятычныя» грамадзкія арганізацыі вырашылі правесьці форум.

А якая дзіўная назва гэтага мерапрыемства! Арганізатары чамусьці пасаромеліся адкрыта прымеркаваць яго да 30-годзьдзя знаходжаньня Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта. А назвалі яго так: «30 гадоў інстытуту прэзыдэнцтва». Што даволі дзіўна. Бо Канстытуцыя Беларусі, якая ўвяла пасаду прэзыдэнта, была прынятая 15 сакавіка 1994 году. І таму 30 гадоў інстытуту прэзыдэнцтва трэба было адзначаць 15 сакавіка 2024 году. Чаго саромеюцца? Ня хочуць нагадваць, як доўга Лукашэнка ўтрымлівае ўладу?

Што адметна: сам Лукашэнка на гэтае мерапрыемства, дзе яго моцна хвалілі, не прыйшоў. І нават не павітаў сваіх адданых прыхільнікаў нейкай тэлеграмай ці іншым чынам. Маўляў, я да ўсяго гэтага ня маю дачыненьня. Што тут скажаш: вось такі сьціплы чалавек.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG