Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урзулю фон дэр Ляен пераабралі старшынёй Эўракамісіі


Урзуля фон дэр Ляен пасьля пераабраньня на пасаду, 18 ліпеня 2024 году
Урзуля фон дэр Ляен пасьля пераабраньня на пасаду, 18 ліпеня 2024 году

Эўрапарлямэнт 18 ліпеня пераабраў Урзулю фон дэр Ляен старшынёй Эўрапейскай камісіі на другі пяцігадовы тэрмін. Яе кандыдатуру падтрымаў 401 дэпутат, 284 галасавалі супраць, 15 устрымаліся, паведамляе Reuters.

Для пераабраньня Урзулі фон дэр Ляен неабходна было атрымаць большасьць галасоў (прынамсі 361 голас) у палаце на 720 месцаў.

Урзуля фон дэр Ляен — адна з галоўных прыхільніц актыўнай дапамогі Ўкраіне і заўзяты крытык расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

«Наша праца ў бліжэйшыя пяць гадоў будзе сканцэнтраваная на пабудове сапраўднага абарончага саюзу», — гаворыцца ў праграме Урзулі фон дэр Ляен, апублікаванай на сайце Эўракамісіі, піша DW.

Эўразьвяз будзе адыгрываць у ім каардынуючую ролю. З гэтай мэтай фон дэр Ляен прапануе ўвесьці пасаду эўракамісара па абароне, якой раней не было ў структуры Эўракамісіі. Новы камісар «будзе шчыльна супрацоўнічаць зь вярхоўным прадстаўніком ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі, намесьнікам кіраўніка Эўракамісіі ў адпаведнасьці з дамовай» аб Эўразьвязе, гаворыцца ў дакумэнце.

Таксама фон дэр Ляен мае намер прасоўваць шэраг праектаў у сфэры абароны і бясьпекі. У прыватнасьці, у яе праграме гаворыцца пра пабудову агульнаэўрапейскага паветранага шчыта і праграму кібэрабароны, стварэньне Эўрапейскага абароннага фонду, сапраўднага агульнаэўрапейскага рынку прадукцыі абароннага сэктару.

Новая праграма фон дэр Ляен, узгодненая з трыма цэнтрысцкімі палітычнымі партыямі, якія падтрымалі яе кандыдатуру, значна адрозьніваецца ад праграмы яе першага тэрміну, у якім галоўнае месца займаў маштабны плян барацьбы са зьмяненьнем клімату, адзначае Financial Times. У новай праграме Урзуля фон дэр Ляен зьбіраецца прадставіць «плян эўрапейскага росквіту», абяцаючы скараціць рэгуляваньне і захаваць «канкурэнтныя перавагі» ЭЗ. Яна абяцае скараціць бюракратыю і прыцягнуць новыя інвэстыцыі, а таксама працягваць падтрымку Ўкраіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG