- Старшынёй Эўракамісіі застаецца Урзуля фон дэр Ляен.
- Былы прэм’ер-міністар Партугаліі Антонію Кошта зойме пасаду кіраўніка Эўрапейскай рады. Раней гэтую пасаду займаў Шарль Мішэль.
- Прэмʼер-міністар Эстоніі Кая Калас стане вярхоўнай прадстаўніцай ЭЗ у замежных справах. Яна зьменіць на гэтай пасадзе Жузэпа Бурэля.
Калас ужо заявіла, што яе прызначэньне — «вялікая адказнасьць у момант геапалітычнай напружанасьці».
«Вайна ў Эўропе, рост нестабільнасьці па суседзтве і ва ўсім сьвеце — вось галоўныя выклікі для эўрапейскай замежнай палітыкі», — напісала яна ў сацыяльных сетках.
Для зацьвярджэньня кандыдатур кіраўнікоў ЭЗ неабходна была падтрымка так званай узмоцненай кваліфікаванай большасьці: за прапанову павінны прагаласаваць ня менш як 20 з 27 краін – сяброў ЭЗ, якія прадстаўляюць ня менш як 65% насельніцтва Эўразьвязу.
Цяпер кандыдатуры будучых кіраўнікоў ЭЗ павінен зацьвердзіць Эўрапейскі парлямэнт новага скліканьня, першая сэсія якога пройдзе ў Страсбуры з 16 па 19 ліпеня.
Эўрапейская народная партыя (ЭНП) выйшла пераможцам на выбарах у Эўрапарлямэнт, якія прайшлі 6-9 чэрвеня. Па выніках гэтых выбараў фон дэр Ляен, якая належыць да нямецкага Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу (ХДС), які ўваходзіць у склад ЭНП, атрымлівае права яшчэ пяць гадоў узначальваць выканаўчую ўладу Эўразьвязу. Аднак для атрыманьня большасьці фон дэр Ляйен спатрэбіцца падтрымка з боку іншых партый і галасы крыху больш як паловы эўрадэпутатаў.
Форум