Пра гэта паведаміў у панядзелак міністар унутранай бясьпекі Алехандра Маёркас, піша «Голас Амэрыкі».
Маёркас заявіў, што Байдэн даручаў забясьпечыць ахову Кенэдзі «як да, так і пасьля падзей мінулых выхадных».
Сакрэтная служба паводле закону павінна ахоўваць кандыдатаў у прэзыдэнты і віцэ-прэзыдэнты ад асноўных партый і іхныя сем’і на працягу 120 дзён да выбараў, у той час як іншых кандыдатаў ахоўваюць па меры неабходнасьці.
У Кенэдзі мала шанцаў правесьці сваіх прыхільнікаў у калегію выбарнікаў, ня кажучы ўжо аб тым, каб стаць прэзыдэнтам ЗША, але яго перадвыбарныя мерапрыемствы зьбіраюць вялікую аўдыторыю.
Пагрозы палітычным кандыдатам — звычайная зьява, але праваахоўныя органы адзначаюць, што пасьля спробы замаху на Трампа назіраецца ўсплёск агрэсіўнай рыторыкі. Па словах Маёркаса, і Байдэну, і Трампу «увесь час пагражаюць».
«Мы знаходзімся ва ўмовах павышаных пагроз, якія хутка мяняюцца», — сказаў ён.
Як паведамляе Associated Press, Кенэдзі, прадстаўнік вядомай палітычнай дынастыі і ўладальнік дакладнай электаральнай базы, мае большыя шанцы, чым любы трэці кандыдат з часоў Роса Пэро, які змагаўся за прэзыдэнцкую пасаду ў 1990-х. Аднак Кенэдзі-малодшы ня браў удзелу ў першых прэзыдэнцкіх дэбатах 27 чэрвеня.
Летась Кенэдзі-малодшы кінуў выклік Байдэну, заявіўшы аб намеры стаць кандыдатам у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі. Аднак пазьней ён разгарнуў незалежную кампанію, заявіўшы, што добрыя вынікі ў некалькіх нацыянальных апытаньнях надаюць вагі ягонай кандыдатуры.
Тут можна згадаць лібэртарыянца Геры Джонсана, які падчас перадвыбарнай кампаніі 2016 году рэгулярна атрымліваў у апытаньнях каля 10%, але ўрэшце на выбарах атрымаў толькі каля 3% галасоў выбарнікаў усёй краіны.
У панядзелак Трамп стаў афіцыйным кандыдатам у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі, атрымаўшы дастаткова галасоў дэлегатаў партыйнага зьезду. На мінулых выходных у выніку стральбы ён атрымаў лёгкае раненьне на мітынгу ў Пэнсільваніі. Цяпер вядзецца незалежнае расьсьледаваньне нападу.
Маёркас заявіў, што абарона Трампа была ўзмоцненая з улікам таго, што «мяняецца характар пагроз у адрас былога прэзыдэнта», і зьмены яго статусу з імавернага кандыдата на афіцыйнага.
Форум