Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замах на Трампа стаў ня першай спробай забойства прэзыдэнтаў і кандыдатаў у ЗША. Як гэта ўплывала на выбары


Дональда Трампа выводзяць з трыбуны пасьля няўдалага замаху на яго ў штаце Пэнсыльванія
Дональда Трампа выводзяць з трыбуны пасьля няўдалага замаху на яго ў штаце Пэнсыльванія

За ўсю гісторыю былі забітыя чатыры прэзыдэнты ЗША, іншыя станавіліся мішэньню, як і кандыдаты на гэтую пасаду.

Замах на экс-прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа папоўніў сьпіс выпадкаў палітычнага гвалту ў краіне, піша «Голас Амэрыкі».

На гэты раз спроба будзе мець ня толькі палітычны, але і значны сацыяльны эфэкт, упэўнены старшы палітоляг CNN Рон Браўнштэйн. У этэры CNN This Morning ён пракамэнтаваў палітычныя і сацыяльныя наступствы замаху на былога прэзыдэнта Дональда Трампа.

Напады на палітыкаў у 1960-х гадах, кажа Браўнштэйн, прымусілі амэрыканцаў задумацца, «куды мы ідзём як грамадзтва». Затое гэтымі днямі ў ЗША зафіксаваныя спробы выкраданьня і забойства губэрнатара, страляніна, абстрэл дому, пагрозы мясцовым чыноўнікам.

«Гэта стала часткай нашага палітычнага жыцьця, як ніколі раней, за выключэньнем, можа быць, 1850-х гадоў, калі ў нас былі, ведаеце, бойкі ў Сэнаце», — апісвае сытуацыю аналітык.

Забойствы і замахі ў гісторыі ЗША

Абрагам Лінкальн, 16-ы прэзыдэнт

Лінкальн стаў першым прэзыдэнтам, якога забілі. Яго забіў стрэлам у патыліцу Джон Уілкс Бут 14 красавіка 1865 году, калі ён і яго жонка Мэры Тод Лінкальн прысутнічалі на паказе камэдыі «Наш амэрыканскі кузэн» у тэатры Форда ў Вашынгтоне. Лінкальна даставілі ў дом праз дарогу ад тэатру для лячэньня, дзе ён памёр на наступную раніцу.

У якасьці матыву забойства была названая ягоная падтрымка правоў чорнаскурых людзей. За два гады да забойства, падчас Грамадзянскай вайны, якая вялася праз існаваньне рабства, Лінкальн выдаў Дэклярацыю аб вызваленьні, якая давала свабоду рабам у Канфэдэрацыі.

Забойца Лінкальна быў застрэлены празь некалькі дзён у штаце Вірджынія, дзе ён хаваўся.

Джэймс Гарфілд, 20-ы прэзыдэнт

Ён стаў другім прэзыдэнтам, забітым праз паўгода пасьля заступленьня на пасаду. 2 ліпеня 1881 году ён ішоў праз чыгуначны вакзал у Вашынгтоне, каб сесьці на цягнік у Новую Англію. У яго страляў Чарльз Гіта.

Аляксандр Грэм Бэл, вынаходнік тэлефона, беспасьпяхова спрабаваў знайсьці кулю, якая засела ў грудзях Гарфілда, выкарыстоўваючы прыладу, якую ён распрацаваў адмыслова для прэзыдэнта. Сьмяротна паранены Гарфілд праляжаў у Белым доме некалькі тыдняў, але памёр у верасьні пасьля таго, як быў дастаўлены самалётам у Нью-Джэрсі.

Забойцу прызналі вінаватым і пакаралі сьмерцю ў чэрвені 1882 году.

Уільям Мак-Кінлі, 25-ы прэзыдэнт

Мак-Кінлі быў застрэлены пасьля прамовы ў Бафала, штат Нью-Ёрк, 6 верасьня 1901 году. Ён паціскаў рукі людзям, якія праходзілі праз чаргу, калі мужчына двойчы стрэліў яму ў грудзі з блізкай адлегласьці. Лекары чакалі, што Мак-Кінлі паправіцца, але вакол кулявых ранаў разьвілася гангрэна.

Мак-Кінлі памёр 14 верасьня 1901 году, праз 6 месяцаў пасьля заканчэньня сваёй другой кадэнцыі. Яго зьмяніў віцэ-прэзыдэнт Тэадор Рузвэльт.

Леон Чолгас, беспрацоўны 28-гадовы жыхар Дэтройту, прызнаўся ў замаху. Яго пакаралі сьмерцю на электрычным крэсьле 29 кастрычніка 1901 году.

Франклін Рузвэльт, 32-і прэзыдэнт

Рузвэльт, тады абраны прэзыдэнт, толькі што выступіў з прамовай у Маямі з кузава адкрытай машыны, калі прагрымелі стрэлы. Рузвэльт не пацярпеў падчас страляніны ў лютым 1933 году, у выніку якой загінуў мэр Чыкага Антон Чэрмак.

Джузэпэ Дзангара быў прызнаны вінаватым у стральбе і асуджаны на сьмяротнае пакараньне.

Гары Трумэн, 33-і прэзыдэнт

У лістападзе 1950 году Трумэн спыняўся ў Блэр-хаўсе, насупраць Белага дому, калі туды ўварваліся двое ўзброеных людзей. Трумэн не пацярпеў, але ў перастрэлцы загінулі паліцыянт Белага дому і адзін з нападнікаў. Яшчэ двое паліцыянтаў зь Белага дому атрымалі раненьні.

Оскар Кальяза быў арыштаваны і асуджаны на сьмяротнае пакараньне. Але ў 1952 годзе Трумэн зьмякчыў прысуд пажыцьцёвым зьняволеньнем. Аднак і тут Кальяза дачакаўся палёгкі. У 1979 годзе прэзыдэнт Джымі Картэр сваім загадам вызваліў яго з турмы.

Джон Кенэдзі, 35-ы прэзыдэнт

Кенэдзі быў сьмяротна паранены зь вінтоўкі падчас візыту ў Далас у лістападзе 1963 году. Ён знаходзіўся ў машыне разам зь першай лэдзі Жаклін Кенэдзі. Стрэлы грымнулі, калі картэж прэзыдэнта праяжджаў праз Dealey Plaza ў цэнтры Даласу.

Кенэдзі тэрмінова даставілі ў мэмарыяльны шпіталь Парклэнду, дзе ён, аднак, неўзабаве памёр. Яго зьмяніў віцэ-прэзыдэнт Ліндан Джонсан, які прыняў прысягу ў канфэрэнц-залі борту Air Force One.

Празь некалькі гадзін пасьля забойства паліцыя затрымала Лі Гарві Освальда. Праз два дні пасьля таго, як Освальда адвезьлі з паліцэйскага ўчастку ў акруговую турму, уладальнік начнога клюбу ў Даласе Джэк Рубі кінуўся наперад і застрэліў Освальда. Да гэтай пары забойства Кенэдзі і ўдзел у гэтым Освальда аспрэчваюцца. Лі Гарві перад тым жыў у Савецкім Саюзе, у жыцьці ў якім, аднак, расчараваўся і зь цяжкасьцю, але вярнуўся на радзіму.

Джэральд Форд, 38-ы прэзыдэнт

На працягу некалькіх тыдняў 1975 году на Форда зрабілі два замахі, ніводзін не прывёў да раненьняў.

Абодва разы ў яго цэлілі жанчыны.

Рональд Рэйган, 40-ы прэзыдэнт

Рэйган скончыў прамову ў Вашынгтоне, акруга Калюмбія, і ішоў да свайго картэжу, калі ў яго стрэліў Джон Гінклі-малодшы, які быў у натоўпе. Пацярпелі яшчэ тры чалавекі, у тым ліку прэс-сакратар Джэймс Брэйдзі, якога ў выніку часткова паралізавала. Рэйган ачуняў ад гэтага здарэньня і пражыў 93 гады.

Гінклі арыштавалі і зьмясьцілі ў псыхіятрычную лякарню пасьля таго, як прысяжныя прызналі яго невінаватым у замаху з прычыны вар’яцтва. Ён быў вызвалены ў 2022 годзе, калі судзьдзя пастанавіў, што ён «больш не нясе небясьпекі ні для сябе, ні для іншых».

Джордж Буш, 43-і прэзыдэнт

У 2005 годзе Буш прысутнічаў на мітынгу ў Тбілісі з прэзыдэнтам Грузіі Міхэілам Саакашвілі, калі ў яго кінулі ручную гранату. Абодва знаходзіліся за куленепрабівальным бар’ерам. Граната не разарвалася, ніхто не пацярпеў.

Уладзімір Аруцюньян прызнаны вінаватым і асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне.

Тэадор Рузвэльт, кандыдат у прэзыдэнты

Былы прэзыдэнт Рузвэльт быў застрэлены ў Мілўокі ў 1912 годзе падчас перадвыбарнай кампаніі, калі Рузвэльт змагаўся за вяртаньне ў Белы дом на трэці тэрмін. Паперы і мэталічны футарал для акуляраў у кішэні Рузвэльта, відаць, зьмякчылі ўдар кулі, і ён не атрымаў сур’ёзных раненьняў.

Нападнік Джон Шранк быў арыштаваны і правёў рэшту жыцьця ў псыхіятрычных установах.

Робэрт Кенэдзі, кандыдат у прэзыдэнты

Кенэдзі дамагаўся вылучэньня ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі, калі быў забіты ў гатэлі Лос-Анджэлесу празь некалькі хвілін пасьля прамовы. Кенэдзі быў амэрыканскім сэнатарам ад Нью-Ёрку і братам прэзыдэнта Джона Кенэдзі, якога забілі за 5 гадоў перад гэтым.

Сырхан Сырхан быў прызнаны вінаватым у забойстве і асуджаны на сьмяротнае пакараньне, якое пазьней замянілі на пажыцьцёвае зьняволеньне, дзе ён заставаўся пасьля таго, як ягоная апошняя заяўка на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне была адхіленая летась.

Джордж Уолес, кандыдат у прэзыдэнты

Уолес дамагаўся вылучэньня ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі, калі яго імкнуліся забіць падчас перадвыбарнай кампаніі ў Мэрылэндзе ў 1972 годзе, у выніку ён стаў паралізаваны.

Уолес, губэрнатар Алябамы, быў вядомы сваімі сэгрэгацыйнымі поглядамі, ад якіх пазьней адмовіўся. Артур Брэмэр быў прызнаны вінаватым у стральбе і асуджаны на турэмнае зьняволеньне. Ён выйшаў на волю ў 2007 годзе.

Ацэнкі наступстваў замаху на Трампа

Радыё Свабода паразмаўляла з аналітыкамі пра тое, як стральба ў Пэнсыльваніі можа паўплываць на барацьбу за Белы дом.

Робэрт Сьпітцэр, прафэсар паліталёгіі ва Ўнівэрсытэце штату Нью-Ёрк у Кортлэндзе, сказаў, што Трамп можа атрымаць часовае павышэньне рэйтынгу, але ён не чакае, што гэта працягнецца да лістапада.

«Такім чынам, вы маглі б чакаць, што кандыдатура Трампа будзе ўзмацняцца пасьля зьезду. І гэта можа адбыцца таксама праз гэты замах. Але я думаю, што празь некалькі тыдняў пазыцыя Трампа і прэзыдэнта Байдэна выраўнуецца да той пазнакі, дзе яны былі за апошнія месяц-два», — сказаў ён Радыё Свабода.

Мэт’ю Далек, прафэсар палітычнай гісторыі, сказаў, што гістарычныя запісы не паказваюць адназначна, што палітыкі могуць пасьпяхова перавесьці спагаду пасьля гвалтоўных нападаў на перамогу на выбарах.

«Тэадор Рузвэльт зазнаў замах падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў 1912 годзе, але ўсё адно прайграў. Спроба забойства прэзыдэнта Гары Трумэна ў 1950 годзе не ўратавала ягоную Дэмакратычную партыю ад буйной паразы на прамежкавых выбарах у тым жа годзе. У 1975 годзе на прэзыдэнта Джэральда Форда зьдзейсьнілі два замахі. Праз год ён саступіў на прэзыдэнцкіх выбарах», — сказаў Далек.

Таксама гэты экспэрт адзначыў, што атака на Трампа можа яшчэ больш ударыць па амэрыканскай бясьпецы і пацягнуць за сабой іншыя напады. Што тычыцца пэрсанальна кандыдата ад Рэспубліканскай партыі, то ён пастараецца выкарыстаць замах на сябе, каб узмацніць свае пазыцыі.

У той час як некаторыя могуць спрабаваць абвінаваціць у нападзе на Трампа псыхічную хваробу, гвалт супраць палітыкаў гістарычна быў абумоўлены цягай нападніка да ідэй, кажа Далек. Яны «натхнёныя і падбадзёраныя рыторыкай і ідэямі, зь якімі ўступаюць у кантакт», сказаў ён. Адзін з тых, хто спрабаваў забіць прэзыдэнта Джэральда Форда, быў антываенным радыкалам, які спадзяваўся спыніць удзел ЗША ў вайне ў Віетнаме. Такія людзі зьяўляюцца «часткай больш шырокай культуры палітычнага гвалту» ў Злучаных Штатах. Гэта, на думку экспэрта, сумная частка амэрыканскай палітычнай традыцыі.

Што тычыцца поглядаў на свабоднае нашэньне зброі, дык тут аналітык ня бачыць, каб замах на Дональда Трампа стаўся істотным чыньнікам. Паводле ягоных назіраньняў, зрушыць трывалыя думкі адносна гэтага ня могуць нават трагічныя эпізоды са стралянінай у школах. Усё адно застаюцца як праціўнікі, так і прыхільнікі нашэньня зброі. Таму замах на палітыка тут ня стане паваротным.

З Далекам у шэрагу пытаньняў не пагаджаецца экспэрт палітычных навук Унівэрсытэту Клемсана гісторык Дэвід Вударт. У размове зь вядомым прарэспубліканскім каналам Fox News ён заявіў, што здарэньне з Трампам у Пэнсыльваніі будзе мець сур’ёзныя наступствы. Гісторык называе гэта «паваротным момантам» і лічыць, што цяпер як Трамп, так і Байдэн узмоцняць патрабаваньні да сваёй бясьпекі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG