Працэс перадачы арыштаваных актываў паркавага комплексу «Межыгорʼе» ў кіраваньне дзяржавы завершаны, паведаміла 15 ліпеня Агенцтва вышуку і мэнэджмэнту актываў (АРМА).
Гаворка ідзе пра рухомую маёмасьць, арыштаваную ў рамках спраў супраць экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча — яе перадалі ў кіраваньне дзяржаўнага парку-мемарыялу «Межыгорʼе». З 2014 году за яе захаваньне добраахвотна адказваюць актывісты, паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода.
Факты прысабечваньня экс-прэзыдэнтам маёмасьці, разьмешчанай на тэрыторыі ўрочышча Межыгорʼе, расьсьледуюцца ў рамках крымінальнага вядзеньня. Дасудовае расьсьледаваньне вялі дэтэктывы Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны пад працэсуальным кіраўніцтвам пракурораў Спэцыяльнай антыкарупцыйнай пракуратуры.
«Падпісаньне дакумэнтаў аб перадачы дзяржаўнай маёмасьці ў кіраваньне дзяржаўнаму парку-помніку „Межыгорʼе“ стала фінальным захадам у працы міжведамаснай камісіі, якая працавала на тэрыторыі абʼекта на працягу двух месяцаў», — гаворыцца ў паведамленьні.
Камісія ў складзе прадстаўнікоў «Межыгорʼя», АРМА, Фонду дзяржмаёмасьці і Спэцыяльнай антыкарупцыйнай пракуратуры спраўдзіла наяўнасьць арыштаванай маёмасьці на тэрыторыі парку-помніка і агледзела яе. Сярод гэтай маёмасьці — кампанэнты інфраструктуры паркавага комплексу, якія выкарыстоўваюцца для ацяпленьня, электразабесьпячэньня, водазабесьпячэньня і водаадвядзеньня, а таксама кампанэнты інтэрʼераў жылых дамоў і ахоўных памяшканьняў.
Такім чынам, удакладняе ведамства, гэтая нерухомасьць знаходзіцца на дзяржаўных землях і забясьпечвае бесьперабойную працу парку-помніка «Межыгорʼе».
«Агульная колькасьць агледжанай камісіяй рухомай маёмасьці складае больш за 25 тысяч адзінак, разьмешчаных у 121 будынку і збудаваньні. Найбольшы паводле колькасьці рухомай маёмасьці аб’ект — музэй „Хонка“. Гэты будынак агульнай плошчай 3100 квадратных мэтраў — асноўнае збудаваньне парку-помніка, ён налічвае 76 пакояў і больш за 3600 адзінак рухомай маёмасьці», — пералічвае ARMA.
Акрамя таго, камісія выявіла больш за 500 каштоўных абʼектаў рухомай маёмасьці, якія раней не былі апісаныя. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра творы мастацтва, іконы, вітражы ў царкве, барэльефы, прадметы інтэр’еру, люстры, а таксама аб’екты кіраваньня сыстэмамі водазабесьпячэньня і ацяпленьня — усё гэта «каштоўная маёмасьць, якая таксама будзе абернутая ў даход дзяржавы».
«З моманту афіцыйнага адкрыцьця ўсе паступленьні ад функцыянаваньня дзяржаўнага „Межыгорʼя“ будуць паступаць у дзяржаўную казну. Як паведамлялася раней, перадача ў дзяржаўнае кіраваньне забясьпечана распараджэньнем ураду з ініцыятывы АРМА і Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя і прыродных рэсурсаў», — гаворыцца ў паведамленьні агенцтва.
Працэс перадачы ў кіраваньне дзяржавы актываў «Межыгорʼя», на якія накладзены арышт у крымінальным вядзеньні па справах супраць экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, пачаўся ў красавіку 2024 году.
Раней «Межыгорʼе» было рэзыдэнцыяй Віктара Януковіча, але пасьля яго ўцёкаў з краіны ў лютым 2014 году тэрыторыя стала нацыянальным паркам і музэем карупцыі. Будынкі і заалягічны куток «Межыгорʼя» даглядаюць валянтэры, якія зьбіраюць для гэтага сродкі з наведнікаў.
Форум