Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The New York Times: донары замарозілі 90 млн даляраў на кампанію Байдэна


Рэакцыя Ўладзімера Зяленскага на тое, што Байдэн прадставіў яго як Пуціна. 11 ліпеня 2024, Вашынгтон
Рэакцыя Ўладзімера Зяленскага на тое, што Байдэн прадставіў яго як Пуціна. 11 ліпеня 2024, Вашынгтон

Буйныя донары паведамілі камітэту палітычных дзеяньняў Future Forward, які падтрымлівае прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, аб намеры прыпыніць унёскі на суму каля 90 млн даляраў, калі Байдэн застанецца ў перадвыбарнай гонцы, напісала газэта The New York Times са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.

Паводле яе суразмоўцаў, замарожаныя ўзносы ўключаюць «шматлікія васьмізначныя абавязацельствы». Імёны донараў, якія вырашылі адклікаць абяцаныя чэкі, не называюцца. Кансультант камітэту сказаў, што чакае вяртаньня донараў, як толькі «бягучая нявызначанасьць» высьветліцца.

Яшчэ адна крыніца, блізкая да Future Forward, сказала, што камітэт будзе ўхіляцца ад прыняцьця важных стратэгічных рашэньняў, пакуль ня высьветліцца, хто менавіта ўзначаліць перадвыбарную гонку ў дэмакратаў.

Віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс – больш папулярная кандыдатура на замену прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну ад Дэмакратычнай партыі, чым любы іншы патэнцыйны кандыдат. Пра гэта сьведчыць апытаньне, якое правялі для выданьня Newsweek.

У выданьні нагадалі, што некалькі дэпутатаў-дэмакратаў заклікалі Байдэна пайсьці ў адстаўку пасьля яго няўдалага выступу на прэзыдэнцкіх дэбатах.

Аднак Гарыс і іншыя сябры партыі згуртаваліся вакол Байдэна, бо ён выразна даў зразумець, што не плянуе выходзіць з гонкі. 11 з 12 нацыянальных апытаньняў, праведзеных пасьля дэбатаў, паказалі, што Дональд Трамп апярэджвае Байдэна, паводле дадзеных RealClearPolitics.

У той жа час прадстаўнікі каманды Байдэна паведамілі, што данаты на ягоную выбарчую кампанію рэзка падскочылі падчас яго прэс-канфэрэнцыі ў чацьвер, «за якой уважліва сачылі». Пра гэта заявіў у пятніцу прэс-сакратар кампаніі Майкл Тайлер.

«Зь мінулай ночы мы бачым моцную падтрымку ўсёй нашай кааліцыі», – сказаў Тайлер журналістам падчас палёту ў Мічыган на перадвыбарнае мерапрыемства, паведамляе Reuters.

  • 27 чэрвеня паміж Байдэнам і прэтэндэнтам ад рэспубліканцаў Дональдам Трампам адбыліся першыя дэбаты, якія многія назвалі правальнымі для дзейнага прэзыдэнта. Пасьля гэтага ў Дэмакратычнай партыі пачалі абмяркоўваць магчымую замену Байдэна іншым кандыдатам. Сам Байдэн прызнаў, што дэбаты былі «ня лепшым» яго выступам, але некалькі разоў заявіў, што ня мае намеру здымацца з выбараў.
  • 11 ліпеня Джо Байдэн выступіў на саміце NATO ў Вашынгтоне. Яго другое публічнае зьяўленьне з моманту дэбатаў, як пісала агенцтва Bloomberg, мела на мэце паказаць, што ў прэзыдэнта дастаткова сіл для перамогі на выбарах. Аднак Байдэн зрабіў дзьве агаворкі: прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага прадставіў як Уладзіміра Пуціна, а празь некалькі гадзін на прэс-канфэрэнцыі назваў віцэ-прэзыдэнтку ЗША Камалу Гарыс Дональдам Трампам. Сам Байдэн падчас выступу заявіў, што ён «лепш за ўсіх падыходзіць для кіраваньня» і «лепш за ўсіх гатовы да перамогі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG