Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпікер Дзярждэпартамэнту ЗША: «Байдэн хоча пачуць меркаваньне Ціханоўскай»


Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

Сьпікер Дзярждэпартамэнту ЗША Дэніэл Сайзек расказаў у інтэрвію «Люстэрку» аб тым, ці гатовыя ў Белым доме на перамовы з Лукашэнкам, каб паўплываць на вызваленьне ягоных апанэнтаў з турмаў, і ці бачыць NATO ў Беларусі пагрозу.

На мінулым тыдні ўлады Беларусі вызвалілі некалькі дзясяткаў палітвязьняў. На пытаньне, ці былі ЗША неяк задзейнічаныя ў кулюарнай дыпляматыі, каб гэта стала магчымым, Дэніэл Сайзэк адказаў:

«Я не магу даць афіцыйную інфармацыю ў гэтым пытаньні. Але ЗША вітаюць рашэньне вызваліць гэтых палітычных вязьняў і асуджаюць тое, што рэжым у Беларусі выкарыстоўвае гэтыя фальшывыя крымінальныя справы супраць апанэнтаў, каб іх пасадзіць у турму. Таму Штаты заклікаюць вызваліць усіх астатніх і сёньня.

Што тычыцца таго, як гэтае [вызваленьне ўладамі некалькіх дзясяткаў чалавек] здарылася, — я магу толькі агульнымі словамі адказаць, што часам дыпляматыя павінна праходзіць ціха, каб быць эфэктыўнай. Не заўсёды магчыма пацьвердзіць ролю, якую ЗША маглі б сыграць».

Дэніэл Сайзэк удакладніў сярод іншага, што NATO разрозьнівае рэжым у Беларусі і беларускіх грамадзян. Паводле Сайзэка, лідэры Паўночнаатлянтычнага альянсу і прэзыдэнт ЗША разумеюць, што народ Беларусі не падтрымлівае рэжым і хоча міру і што дэмакратычны рух Беларусі грае вельмі важную ролю пры гэтым. Але ў той жа час NATO зьвяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі робіць Крэмль.

«Напрыклад, разьмяшчэньне ядзернай зброі — вельмі безадказны крок Крамля, але гэта факт. Усе разумеюць, што кіраўнік Беларусі, давайце яго так называць, ня дзейнічае незалежна ад Крамля. Таму, калі расейская ўлада хоча дысьлякаваць [свае] ўзброеныя сілы ці нават ядзерную зброю ў Беларусі, на жаль, яна ў дадзены момант ня можа адмовіцца ад гэтага. Трэба гэта разумець, але і вельмі дакладна бачыць розьніцу паміж народам і ўладай», — адзначыў сьпікер Дзярждэпартамэнту ЗША.

Ён таксама расказаў, чаму на саміт NATO ў Вашынгтоне запрасілі Сьвятлану Ціханоўскую:

«Яе запрасілі, таму што прэзыдэнт ЗША і лідэры краінаў NATO хочуць пачуць яе меркаваньне, таму што разумеюць, што ў Беларусі вельмі важнае разьмяшчэньне ў Эўропе — паміж Расеяй, Польшчай і Ўкраінай. Але ня толькі праз гэта. Яны хочуць лепш разумець, што адбываецца ў Беларусі, якія пэрспэктывы ёсьць для дэмакратычнага руху і якія парады [ёсьць] у Сьвятланы Ціханоўскай, [каб] гэты рух падтрымаць, як ставіцца да Беларусі і што рабіць з гэтым рэжымам. Гэта вельмі важна».

Дэніэл Сайзэк падкрэсьліў, што NATO — ня толькі вайсковы і абаронны альянс, «гэта таксама група краін, якія падзяляюць агульныя каштоўнасьці», хоць і «не заўсёды на 100% ці без памылак, праблем».

«Тым ня менш у асноўным NATO заснавана на дэмакратычных каштоўнасьцях. І яго лідэры, у тым ліку і прэзыдэнт Джо Байдэн, разумеюць, што ёсьць агульныя каштоўнасьці з дэмакратычным рухам Беларусі, які Сьвятлана Ціханоўская ўзначальвае. NATO таксама хоча пабудаваць сувязі зь Беларусьсю, магчыма — з дэмакратычнай Беларусьсю, якая магла б існаваць у будучыні. І гэта вельмі-вельмі магчыма. Сьвятлана Ціханоўская магла б быць лідэрам гэтай краіны. Гэта галоўная прычына, чаму яе запрасілі», — сказаў ён.

Дэніэл Сайзек нагадаў пра сумесны артыкул у The Washington Post Сьвятланы Ціханоўскай і папярэдняй сьпікеркі Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі, і адзначыў, што гэта паказвае значнасьць, уплыў і важнасьць Ціханоўскай у ЗША як палітычнага дзеяча.

«...Людзі ў ЗША яе вельмі паважаюць», — заявіў сьпікер Дзярждэпу ЗША Сайзек.

  • Сьвятлана Ціханоўская наведвае Вашынгтон з 9 па 12 ліпеня 2024 году. Сярод іншага, яна ўдзельнічае ў Публічным форуме NATO на запрашэньне Генэральнага сакратара альянсу Енса Столтэнбэрга.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG