Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі другі тур выбараў прайшоў пры рэкорднай яўцы. Экзыт-полы: большасьці ў парлямэнце не атрымае ніхто


Чарга на выбарчым участку ў Францыі
Чарга на выбарчым участку ў Францыі

Першае месца (ад 180 да 215 мандатаў) можа атрымаць «Новы народны фронт» – выбарчы блёк францускіх левых палітычных партый, створаны ў чэрвені 2024 для ўдзелу ў пазачарговых парлямэнцкіх выбарах у процівагу ўльтраправаму «Нацыянальнаму абʼяднаньню» і лібэральнай прапрэзыдэнцкай кааліцыі «Разам».

Кааліцыя «Разам», якая падтрымлівае дзейнага прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, можа атрымаць ад 150 да 180 месцаў у новым парлямэнце.

Мяркуецца, што фаварыт першага туру выбараў, ультраправая партыя «Нацыянальнае аб'яднаньне» (RN), прадстаўнікі якой сталі лідэрамі ў першым туры 30 чэрвеня, атрымае 120-150 месцаў, паведамляе папярэднія вынікі Le Figaro.

Такім чынам, у ніводнай з буйных палітычных сіл краіны не чакаецца большасьці ў парлямэнце, а гэта павінна было быць 289 мандатаў (Нацыянальны сход Францыі складаецца з 577 дэпутатаў). Аднак лідэр левай партыі «Няскораная Францыя», якая ўваходзіць у альянс «Новы народны фронт», Жан-Люк Мэляншон заявіў, што прэзыдэнт Макрон абавязаны даць левым магчымасьць сфармаваць урад. Прэм'ер-міністар Францыі Габрыэль Аталь абвясьціў, што зьбіраецца падаць заяву аб адстаўцы.

Рэкордная яўка


У першым туры яўка была высокай – каля 67%. У другім туры яўка перавысіла 67%, што больш, чым на любых парлямэнцкіх выбарах у Францыі з 1981 году.

Выбары ў Францыі праходзяць паводле мажарытарнай сыстэмы, гэта значыць па акругах, а не па партыйных сьпісах. Першы тур прайшоў 30 чэрвеня. Па яго выніках на першым месцы ў большасьці акругаў аказаліся кандыдаты ад вельмі правага «Нацыянальнага аб'яднаньня». Яно, такім чынам, прэтэндавала на абсалютную большасьць у Нацыянальным сходзе, якая дае права на пасаду прэмʼер-міністра і стварэньне ўраду. Але і апытаньні грамадзкай думкі, праведзеныя паміж першым і другім турам, паказвалі, што атрыманьне прыхільнікамі Марын Лё Пэн 289 галасоў, неабходных для абсалютнай большасьці, малаверагоднае.

Дзьве іншыя найбуйнейшыя палітычныя сілы – левы «Новы народны фронт» і правацэнтрысты – прыхільнікі прэзыдэнта Макрона – у шматлікіх акругах зьнялі сваіх кандыдатаў на карысьць адзін аднаго, каб кансалідаваць галасы супраць вельмі правых перад другім турам выбараў. У Францыі ў другі тур, як правіла, выходзяць ня два, а некалькі кандыдатаў – тры ці чатыры. Кандыдаты як ад левых, так і ад прапрэзыдэнцкіх партый здымаліся на карысьць тых, хто, паводле ацэнак, мае вялікія шанцы перамагчы вельмі правых у канкрэтнай акрузе. Усяго зьняліся больш за 200 кандыдатаў.

У выніку, паводле падлікаў газэты Le Monde, у другім туры ў 409 акругах заставаліся па два кандыдаты, па тры кандыдаты ў бюлетэні ў 89 акругах, па чатыры – у дзьвюх.

Усяго ў другім туры ішло спаборніцтва за 501 мандат. 76 дэпутатаў вызначыліся ўжо па выніках першага тура, зь іх 39 ад «Нацыянальнага абʼяднаньня», 32 ад левых, 2 ад правацэнтрыстаў, двое ад малых правых партый і адзін ад правацэнтрысцкіх «Рэспубліканцаў».

Праграмы

Вельмі правыя правялі кампанію пад папулісцкімі лёзунгамі, многія камэнтатары называюць іх эканамічную праграму хутчэй левай, за кошт чаго іх, паводле апытаньняў, падтрымлівае значная колькасьць прадстаўнікоў працоўнай клясы. У праграме традыцыйна вялікае месца нададзена ўзмацненьню міграцыйнай палітыкі. «Нацыянальнае абʼяднаньне» абвяргае абвінавачаньні ў прарасейскай пазыцыі і заяўляе аб падтрымцы Ўкраіны. У той жа час нефармальны лідэр партыі Марын Ле Пэн заяўляла, што ў выпадку перамогі партыя заблякуе магчымую адпраўку ва Ўкраіну францускіх вайскоўцаў, а таксама ня дасьць згоды на ўдары па расейскай тэрыторыі зброяй, пастаўленай Францыяй.

Левая кааліцыя прэтэндавала на другое месца, а па некаторых апытаньнях нават магла пазмагацца за першае. Сярод яе ўдзельнікаў, аднак, існуюць рознагалосьсі – «Няскораная Францыя» прытрымліваецца больш радыкальных пазыцый, у тым ліку ў дачыненьні да канфлікту ў сэктары Газа, сацыялісты – больш умераных.

Прыхільнікам прэзыдэнта Макрона прадказвалі трэцяе месца. Пакуль незразумела, хто мог бы атрымаць пасаду прэмʼер-міністра, калі ў ніводнай з палітычных сіл ня будзе большасьці. Многае будзе залежаць і ад пазыцыі «Рэспубліканцаў», якія прэтэндуюць на некалькі дзясяткаў мандатаў.

  • Датэрміновыя парлямэнцкія выбары ў Францыі былі прызначаныя пасьля посьпеху ўльтраправых у краіне на выбарах у Эўрапарлямэнт, якія адбыліся ў пачатку чэрвеня 2024 года.
  • Францыя – паўпрэзыдэнцкая рэспубліка, прэзыдэнт валодае вялікімі паўнамоцтвамі, у тым ліку мае права прызначыць прэмʼер-міністра, аднак прэмʼер павінен атрымаць вотум даверу ў парлямэнце.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG