Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьяўляецца перамога ўльтраправых у Францыі паваротным пунктам для Эўропы? Аналіз Свабоды


Марын Лё Пэн пасьля першага туру выбараў
Марын Лё Пэн пасьля першага туру выбараў

Ультраправая француская партыя «Нацыянальнае аб’яднаньне» (RN) Марын Лё Пэн перамагла ў першым туры парлямэнцкіх выбараў.

На фоне больш шырокага ўздыму правых папулістаў па ўсёй Эўропе зьмена францускай палітыкі можа мець наступствы для палітыкі ЭЗ, асабліва ў пытаньнях іміграцыі, зьмены клімату — і, магчыма, вайны ва Ўкраіне. Піша аналітык Свабоды Люк Алнут.

Ультраправая француская партыя «Нацыянальнае абʼяднаньне» (RN) атрымала відавочную перамогу ў першым туры парлямэнцкіх выбараў. Калі яна атрымае абсалютную большасьць у другім туры галасаваньня 7 ліпеня, упершыню з часоў Другой сусьветнай вайны ў Францыі будзе ўльтраправы ўрад.

Гэты вынік азначае яшчэ адну вялікую няўдачу для прэзыдэнта Макрона, які распусьціў парлямэнт і заклікаў да пазачарговых выбараў, спрабуючы спыніць прагрэс ультраправых.

Такім чынам, што адбываецца цяпер?

Нават калі другі тур не прывядзе да стварэньня ўраду Нацыянальнага абʼяднаньня, гэта, бадай, найбуйнейшы палітычны канфлікт, які ахапіў Францыю за апошнія дзесяцігодзьдзі.

Паколькі ніводная з партый не атрымала абсалютнай большасьці ў 577-месным Нацыянальным сходзе, ніжняй палаце парлямэнту Францыі, галоўнае пытаньне ў тым, ці зможа RN атрымаць абсалютную большасьць (289 месцаў) у другім туры.

Ужо робяцца спробы сфармаваць альянсы супраць Лё Пэн, накіраваныя на тое, каб ня даць RN атрымаць большасьць. Макрон заклікаў выбарцаў, якія падтрымалі ягоны Альянс цэнтрыстаў, што заняў трэцяе месца з прыкладна 20 працэнтамі, падтрымаць «выразна рэспубліканскіх і дэмакратычных» кандыдатаў у акругах, дзе ягоная партыя заняла трэцяе месца.

Гэтаксама і Жан-Люк Мэляншон — лідэр левай партыі «Няскораная Францыя», што ўваходзіць у кааліцыю «Новы народны фронт», якая заняла другое месца, — абвясьціў, што ягоны альянс здыме кандыдатаў, якія занялі трэцяе месца ў першым туры, каб кансалідаваць галасы супраць Лё Пэн.

Эрык Марыс, палітычны аналітык Эўрапейскага палітычнага цэнтру, сказаў, што «ўсё будзе залежаць ад таго, ці пагодзяцца левыя і цэнтрысты зьняць кандыдатаў, якія занялі трэцяе месца і прайшлі ў другі тур. Чым лепш гэта ім удасца, тым слабейшая імавернасьць, што RN зможа атрымаць абсалютную большасьць».

Якія магчымыя вынікі?

Магчыма, больш імаверным вынікам, асабліва з улікам моцнай кампаніі супраць Лё Пэн, будзе перамога RN, але без абсалютнай большасьці, што прывядзе да завісаньня парлямэнту і палітычнага тупіка. Такі сцэнар сутыкне ўльтраправых зь левымі ў парлямэнце, што ўскладніць прыняцьце заканадаўства.

Калі б RN атрымала абсалютную большасьць, яна займела б магчымасьць навязаць свой нацыяналістычны і кансэрватыўны парадак дня і, па словах Марыса, «магла б паставіць пад пагрозу вяршэнства закону ў Францыі».

Прэзыдэнт Макрон
Прэзыдэнт Макрон

Іншым сцэнарам можа быць урад пад кіраўніцтвам кааліцыі вакол партыі Макрона. Тым ня менш рэдактар эўрапейскага аддзелу RFE/RL Рыкард Юзьвяк кажа, што ён ня ўпэўнены, што Макрон зможа «сабраць нейкі ўрад адзінства з тэхнакратычным прэмʼерам, на што некаторыя спадзяюцца. І калі ён гэта зробіць, то гэта будзе нестабільны ўрад».

Што азначала б перамога RN для Францыі?

Выдатныя вынікі RN на выбарах паказваюць, наколькі эфэктыўным было імкненьне Марын Лё Пэн зрабіць менш таксычнаю партыю свайго бацькі Жана-Мары Лё Пэна, дадаўшы ёй прывабнасьці ў вачах звычайнага выбарца ў шматкультурнай Францыі.

Пераняўшы ў 2011 годзе кіраўніцтва партыяй, Марын Лё Пэн зьмяніла яе ранейшую назву «Нацыянальны фронт» і паспрабавала ачысьціць партыю ад нэанацысцкіх і антысэміцкіх элемэнтаў. Яна нават выключыла свайго ўласнага бацьку, які аднойчы сказаў, што нацысцкія канцлягеры былі «дэтальлю гісторыі».

Тым ня менш, нават калі RN сапраўды выйграе другі тур, улада партыі ўсё роўна будзе абмежаваная. У Францыі паўпрэзыдэнцкая сыстэма, пры якой прэзыдэнт і прэмʼер-міністар падзяляюць уладу. Прэмʼер-міністар і кабінэт міністраў нясуць адказнасьць за кіраваньне штодзённай працай ураду і ўнутранай палітыкай, а прэзыдэнт дамінуе ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі і зьнешняй палітыкі і прадстаўляе краіну на сусьветнай арэне.

Жардан Бардэля, сулідэр RN, стаў бы прэмʼер-міністрам, нязграбна — і, верагодна, неэфэктыўна — дзелячы ўладу з прэзыдэнтам Макронам.

І што б гэта азначала для ЭЗ?

Калі для ЭЗ і можа быць зручны час, каб рухацца направа, то гэта цяпер. Вугоршчына, якую больш за дзесяць гадоў узначальвае нацыянал-кансэрватыўная партыя Віктара Орбана, толькі што пачала свой паўгадавы пэрыяд у якасьці старшыні Зьвязу. Акрамя таго, ультраправыя партыі дасягнулі значных посьпехаў на выбарах у Эўрапарлямэнт 6–9 чэрвеня, што сьведчыць пра рост нацыяналістычных і папулісцкіх настрояў у 27 краінах ЭЗ.

Уплыў RN можа адбіцца на аспэктах Зялёнай угоды ЭЗ, якая накіраваная на скарачэньне выкідаў парніковых газаў, ліквідацыю забруджваньня і падтрымку ўстойлівага разьвіцьця. RN выступае супраць экалягічных правілаў ЭЗ, сьцьвярджаючы, што яны шкодзяць працоўным месцам і францускай прамысловасьці.

Лё Пэн і Макрон. Архіўнае фота.
Лё Пэн і Макрон. Архіўнае фота.

Іміграцыя застаецца галоўным напрамкам дзейнасьці RN. Партыя выступае за ўзмацненьне жорсткага кантролю і імкнецца праводзіць палітыку, якая аддае францускім грамадзянам прыярытэт у атрыманьні сацыяльных выплат, жыльля і працоўных месцаў — меры, якія цяпер паводле заканадаўства ЭЗ незаконныя.

Юзьвяк кажа, што ЭЗ ужо праводзіць кірунак Лё Пэн наконт іміграцыі. «Сьцены і калючы дрот сталі звычайнай зьявай уздоўж мяжы ЭЗ, і заключаны зьдзелкі з трэцімі краінамі, каб адпраўляць назад асобаў, якія шукаюць прытулку», — кажа ён.

І што гэта значыць для вайны ва Ўкраіне?

Лё Пэн — адкрытая прыхільніца прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, яна разглядае яго як абаронцу традыцыйных эўрапейскіх каштоўнасьцяў ад глябалізацыі і ўплыву ЗША. У 2014 годзе Лё Пэн падтрымала незаконную анэксію Крыму Расеяй. А калі прыйдзе да ўлады, RN паабяцала спыніць францускія пастаўкі Ўкраіне ракет вялікай далёкасьці.

Аднак у апошнія гады пазыцыя Лё Пэн зьмякчылася. Яна асудзіла поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе і абвясьціла аб падтрымцы ўкраінскага народу — хоць і без эскаляцыі сытуацыі з Расеяй.

Марк Галеоці, палітычны аналітык і ганаровы прафэсар Школы славянскіх і ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Унівэрсытэцкага каледжа Лёндану, кажа, што малаверагодна, што Францыя, дзе дамінуе Лё Пэн, «раптоўна адмовіцца ад мэйнстрыму і скажа, што мы ня будзем падтрымліваць Украіну».

Уладзімір Зяленскі і Эманюэль Макрон. Архіўнае фота
Уладзімір Зяленскі і Эманюэль Макрон. Архіўнае фота

Тым ня менш ён дадае, што «ўсё, што падразае крылы Эманюэлю Макрону, — добрая навіна для Крамля» ў ягонай вайне супраць Украіны, «таму што Макрон у дадзены момант спрабуе прадставіць сябе як самага ястрабінага з ястрабаў у Эўропе, гаворачы пра адпраўку войскаў ва Ўкраіну».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG