Міністэрства асьветы Расеі даслала Саюзу кінэматаграфістаў сьпіс фільмаў і кніг для стварэньня рэмэйкаў і экранізацыяў, сярод іх — фільмы па творах беларускага пісьменьніка Васіля Быкава, паведамілі ў Саюзе кінэматаграфістаў Расеі.
У пераліку гістарычных фільмаў для стварэньня рэмэйкаў Мінасьветы пазначаныя:
- «Абэліск» (1976), рэж. Р. Віктараў (паводле аднайменнай аповесьці Васіля Быкава);
- «Сотнікаў» (1976), рэж. Л. Шапіцька (паводле аднайменнай аповесьці Быкава);
- «Узыходжаньне» (1976) рэж. Л. Шапіцька (паводле аповесьцяў Быкава «Узыходжаньне», «Сотнікаў»);
- «Альпійская баляда» (1965), рэж. Б. Сцяпанаў (паводле аднайменнай аповесьці Быкава).
Варта адзначыць, што Ларыса Шапіцька зьняла толькі адзін фільм паводле аповесьці Васіля Быкава «Сотнікаў» — фільм меў назву «Ўзыходжаньне». А вось аповесьці «Ўзыходжаньне», пра якую піша міністэрства, у Васіля Быкава няма.
Міністэрства прапануе зрабіць рэмэйкі вышэйпералічаных і шэрагу іншых гістарычных фільмаў, а таксама экранізаваць 15 твораў расейскай літаратуры (сьпіс цалкам — па спасылцы) «у мэтах вытворчасьці мастацкіх фільмаў для дзяцей і юнацтва, якія спрыяюць захаваньню гістарычнай памяці і фармаваньню патрыятызму».
Тым часам «Беларусьфільм» у рамках «выхаваньня патрыятызму» ў беларускай моладзі цяпер працуе над стварэньнем фільму «Культурны код», які, паводле гендырэктара нацыянальнай кінастудыі, павінен расказваць моладзі «пра ролю дзяржаўнай сымболікі». Прэм’еру фільму плянуюць на 17 верасьня, у так званы «Дзень народнага адзінства».
- Васіль Быкаў — самы экранізаваны беларускі аўтар. За апошнія паўстагодзьдзя па матывах ягоных аповесьцяў і апавяданьняў зьнялі больш як два дзясяткі мастацкіх фільмаў. Бальшыня прыпадае на савецкі час, шмат калі Быкаў выступаў аўтарам сцэнару.
- Нягледзячы на канфлікты ўладных ідэолягаў зь пісьменьнікам, творчасьць якога выбівалася з генэральнай лініі партыі, да складаных вобразаў герояў Васіля Быкава рэжысэры савецкай школы зьвярталіся шмат і ахвотна. Практычна кожная кінастужка станавілася значнай культурнай падзеяй, здабывала ўзнагароды на міжнародных фэстывалях.
- Пасьля распаду СССР і абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі «Беларусьфільм» хоць і працягваў спэцыялізавацца на ваеннай тэматыцы, але грошай у бюджэце на здымкі па творах Быкава не было. Усе стужкі, якія зьявіліся ад пачатку 1990-х, былі зьнятыя або ў Расеі, або з прыватнай ініцыятывы беларускіх рэжысэраў.
Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.
Форум