Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Этап у Навінкі — найгоршае выпрабаваньне». Муж Паліны Шарэнды-Панасюк пра яе экспэртызу і шанцы на вызваленьне


Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота
Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота

Актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк адправілі на псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя ў Навінках, дзе ў асноўным дасьледуюць тых, хто падазраецца ў цяжкіх злачынствах.

Пра накіраваньне Паліны ў Навінкі яе муж Андрэй Шарэнда даведаўся з афіцыйнага паведамленьня. Экспэртыза Паліны была прызначаная сьледзтвам у межах новай крымінальнай справы супраць яе паводле 411-га артыкулу Крымінальнага кодэксу — за «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».

Андрэй Шарэнда расказаў Свабодзе, што вядома пра экспэртызу ягонай жонкі ў Навінках.

«Паліне прызначылі экспэртызу, але мы спадзяваліся, што экспэртызу правядуць у СІЗА Гомля, дзе яе цяпер трымаюць. Гэта звычайная практыка адносна асуджаных, якіх з калёніі пераводзяць у СІЗА на час сьледзтва. Не абавязкова вязуць у Навінкі, могуць агледзець і ў СІЗА. Але зноў адносна Паліны выкарысталі самы горшы варыянт з магчымых.

Як пра гэта стала вядома? Напярэдадні мы адправілі ёй пасылку, а ўчора ўбачылі афіцыйныя зьвесткі, што такой зьняволенай у СІЗА Гомля ўжо няма. Гэта азначае, што яе накіравалі ў Навінкі, чаго мы ўсе вельмі баяліся, і яна таксама», — паведаміў Свабодзе Андрэй Шарэнда.

Муж палітзьняволенай патлумачыў, чаму ў ягонай жонкі адмоўнае стаўленьне да экспэртызы ў Навінках.

«Бо гэта ва ўсіх сэнсах катаваньне. Па-першае, сапраўдным выпрабаваньнем зьяўляецца этапаваньне туды з Гомля. У 2021 годзе Паліну ўжо накіроўвалі на такую экспэртызу, і тады этап зацягнуўся больш як на два тыдні. Пакуль давезьлі цягніком да Менску, жонка пабывала ў некалькіх СІЗА, у тым ліку ў Жодзіне, Баранавічах, на „Валадарцы“ ў Менску. У дарозе не здымаюць кайданкі, у вагоне цяжкія бытавыя ўмовы. Цяпер, падчас летняй сьпякоты, гэта сапраўднае катаваньне», — мяркуе Андрэй Шарэнда.

Андрэй Шарэнда, архіўнае фота
Андрэй Шарэнда, архіўнае фота

Умовы ў Цэнтры псыхіятрычнага здароўя ў Навінках Андрэй Шарэнда таксама называе непрымальнымі.

«Ад Паліны ды іншых сьведак вядома, што там могуць зьмясьціць у камэру, дзе нават няма прыбіральні. Туалет толькі паводле раскладу. І трымаюць сярод людзей, большасьць якіх сапраўды псыхічна хворыя і патрабуюць асобнага нагляду і асобных умоваў. Здароваму чалавеку там вельмі цяжка ня толькі ў бытавым сэнсе, але і ў маральным. Мяркую, Паліну наўмысна туды накіравалі зноў, каб дабіць маральна. Колькі яна там прабудзе, невядома. Этап можа расьцягнуцца на 2-3 тыдні, потым яшчэ экспэртыза, потым вяртаньне ў гомельскае СІЗА зноў па тым жа складаным маршруце. Месяц пакут, ня меней. За гэты час Паліна можа пазбавіцца апошніх сілаў», — мяркуе Андрэй Шарэнда.

Паводле інфармацыі Андрэя Шарэнды, стан здароўя ягонай жонкі апошнім часам выклікае трывогу.

«Адзін чалавек бачыў яе месяц таму і сказаў, што выглядае дрэнна. Назваць імя гэтага чалавека не магу, але ягоным зьвесткам давяраю», — сказаў муж Андрэй Шарэнда.

Апошні ліст ад палітзьняволенай сям’я атрымала ў канцы 2023 году.

«І то гэта быў толькі кароткі сьпіс рэчаў, якія ёй неабходныя. Відаць, іншае пісаць ня стала, інакш ліст бы не дайшоў. Фактычна ў стане „інкамунікада“ яна ўжо паўгода», — кажа Андрэй Шарэнда пра сваю жонку.

Трэцяга ліпеня па амністыі быў вызвалены хворы на анкалёгію палітзьняволены Рыгор Кастусёў. Паводле праваабаронцаў, усяго на волю выйшлі 16 былых палітвязьняў, і гэты сьпіс можа вырасьці. Аднак Андрэй Шарэнда не разьлічвае на тое, што ягоная жонка можа апынуцца сярод вызваленых.

«Паліна пад сьледзтвам, таму для яе амністыя немагчымая. Яна ўжо падавала прашэньне аб памілаваньні, але яго не задаволілі. Прызначаны першым судом тэрмін у 2 гады яна даўна адбыла, як адбыла і два дадатковыя гадавыя тэрміны паводле 411 артыкулу.

Яна яшчэ 21 траўня мусілі выйсьці на волю, адбыўшы ўсе тэрміны, але замест волі атрымала новае абвінавачаньне і сьледзтва. Таму пакуль ня бачу шанцаў на яе хуткае вызваленьне. Але ён можа зьявіцца», — не выключае Андрэй Шарэнда.

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» ня верыць у гуманітарныя матывы беларускага рэжыму, а пэрспэктыву вызваленьня палітвязьняў зьвязвае з далейшым ціскам на рэжым.

«Яго прымусіла саступіць жорсткае патрабаваньне Польшчы, папярэджаньне, што перакрыюць транзыт грузаў у Эўропу празь Беларусь. Калі гэты ціск будзе працягвацца, то і адносна Паліны ды іншых палітвязьняў усё можа зьмяніцца», — лічыць была палітвязень Андрэй Шарэнда.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG