Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пачатку году Паліна Шарэнда-Панасюк правяла ў ШЫЗА 70 дзён — муж палітзьняволенай


Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота
Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота

Працягваюцца зьдзекі з палітзьняволенай у турме.

70 содняў у штрафным ізалятары (ШЫЗА) правяла з пачатку году палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку яе муж Андрэй Шарэнда.

Цяпер, паводле яго слоў, жанчына знаходзіцца ў гомельскім СІЗА.

«Неймаверная сьпякота, вільгаць і сьмярдзючы пах з „туалету“. Пах, які не перабівае нават зьедлівы дым танных цыгарэт. Цяжка дыхаць, пот ліецца патокамі. А душ толькі адзін раз на два тыдні. Лета ў камэры СІЗА — гэта катаваньне. Асабліва для жанчыны. А Паліна ў СІЗА ўжо чацьвёрты раз. Чацьвёртая крымінальная справа і бясконцы „год сурка“», — напісаў Андрэй Шарэнда.

Апошнія месяцы ён назваў «асабліва цяжкімі» для палітзьняволенай.

«Фізычны і маральны ціск. Паўгода поўнай ізаляцыі ад зьнешняга сьвету. Мы нават і блізка ня ведаем, чым Паліне пагражалі, што зь ёй рабілі, каб зьняць тое прапагандысцкае відэа. Ілжывыя абяцаньні, што яна зможа ўбачыць сваіх дзяцей, якіх ня бачыла тры з паловай гады. І ўрэшце, як удар пад дых, новая крымінальная справа і новы этап. Мы ня ведаем, што з Палінай здарылася ў траўні ў калёніі перад этапам, але ў СІЗА яна прыехала амаль бяз рэчаў. Магчыма, ёй сказалі, што вязуць вызваляць», — адзначыў мужчына.

«Але Паліна вытрымала, — дадаў ён. — У стомленым ад катаваньняў целе трымаецца дух свабоды і любові. І гэта дапамагае ёй выжыць. Паліна працягвае барацьбу за гонар і годнасьць, барацьбу за жыцьцё і свабоду».

21 траўня стала вядома, што на палітзьняволеную завялі трэцюю крымінальную справу. Яе зноў абвінавацілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі).

22 сакавіка стала вядома, што жанчына зьвярнулася з прашэньнем аб памілаваньні да Лукашэнкі. Пра гэта яна паведаміла ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь 1».

У чэрвені 2021 году суд Маскоўскага раёну Берасьця прыгаварыў Шарэнда-Панасюк да 2 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза Лукашэнкі) КК.

У красавіку 2022 году палітзьняволеную прыгаварылі яшчэ да аднаго году зьняволеньня паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго году паводле таго ж артыкулу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG