Свой дзень народзінаў 5 ліпеня былы дырэктар газэты «Белорусы и рынок» , мэдыямэнэджар Канстанцін Залатых ужо трэці раз сустракае за кратамі, адзначае БАЖ. Сёньня яму споўнілася 55 гадоў.
Пасьля прысуду Залатых накіравалі ў папраўчую калёнію № 1 у Наваполацак, там мэдыямэнэджар на сёньня працуе на дрэваапрацоўцы.
Ня так даўно Канстанціна Залатых перавялі з атраду №7 у атрад №9, адначасова з гэтым зьмяніўся і род заняткаў вязьня — раней ён працаваў на перабіраньні поліэтыленавых гранул. Вольнага часу ў Канстанціна няшмат, тэлефанаваньні родным дазволеныя раз на месяц, і яны непрацяглыя — па 4-5 хвілін. Лісты, якія ён піша сваякам, часам не даходзяць, і да яго трапляе ня ўся карэспандэнцыя ад родных. Допісы ад іншых людзей яму не перадаюць.
Сваякі падлічылі, што ў зьняволеньні Канстанціну трэба адбыць яшчэ 16 месяцаў. Вядома, што здароўе ў асноўным яго не падводзіць.
Менскі гарадзкі суд 6 красавіка 2023 года прызначыў Канстанціну Залатых 4 гады пазбаўленьня волі з адбыцьцём у папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Справа разьбіралася ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Алена Шылько прызнала яго вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- 369 КК(Абраза прадстаўніка ўлады);
- 368 КК (Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь);
- 130 КК (Распальваньне варожасьці ці звады);
- 426 КК (Перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў).
Форум