Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходнія СМІ пра заявы Лукашэнкі 3 ліпеня: «Рабская ляяльнасьць расейскаму патрону»


Аляксандар Лукашэнка на парадзе 3 ліпеня 2024 ў Менску
Аляксандар Лукашэнка на парадзе 3 ліпеня 2024 ў Менску

Калі беларускія чыноўнікі пагражаюць ядзернай зброяй, яны робяць гэта ад імя Пуціна, пішуць заходнія аглядальнікі.

«Голас Амэрыкі» сабраў рэакцыі ў заходніх СМІ на нядаўнія заявы Аляксандра Лукашэнкі і начальніка Генштабу Беларусі Паўла Муравейкі.

Беларусь нарошчвае вайсковую прысутнасьць на мяжы з Украінай і заяўляе аб «высокай баявой гатоўнасьці» сваіх войскаў, пра гэта са спасылкай на беларускага кіраўніка Лукашэнку піша выданьне Business Insider.

Зь Беларусі раздаюцца і ядзерныя пагрозы, дадае аглядальнік аналітычнага цэнтру Atlantic Council Пітэр Дыкінсан, пры гэтым канстатуючы: «Рабская ляяльнасьць Лукашэнку свайму расейскаму патрону не зьдзіўляе».

Аляксандар Лукашэнка ў прамове з нагоды Дня Рэспублікі заявіў:

«Разгорнуты Сілы спэцыяльных апэрацый, ня толькі памежнікі, але і нашы вайскоўцы, перакрылі кірунак магчымага руху, як кажуць памежнікі, суперніка. У высокай баявой гатоўнасьці знаходзяцца войскі ВПС і СПА, як нашы, так і расейскія. Тут поўнае ўзаемадзеяньне».

На пазыцыі выведзены ракетныя сыстэмы «Палянэз» і «Іскандэр», дадаў Лукашэнка.

Business Insider нагадвае, што Беларусь садзейнічае ваенным намаганьням Расеі з моманту поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.

Тысячы расейскіх войскаў увайшлі ва Ўкраіну з Беларусі ў пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ў 2002 годзе. Таксама Расея запускала балістычныя ракеты па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі, а расейскія бамбавікі запускалі ракеты па Ўкраіне з паветранай прасторы Беларусі«.

Акрамя таго, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «выкарыстоўвае Беларусь для эскаляцыі сваіх ядзерных пагроз», — піша сярод іншага аглядальнік Атлянтычнай Рады Пітэр Дыкінсан.

«Мы навучыліся абыходзіцца з гэтай зброяй. Мы ўмеем упэўнена яе прымяняць. Мы здольныя гэта рабіць і, можаце не сумнявацца, мы гэта зробім, калі сувэрэнітэт і незалежнасьць нашай краіны будуць пад пагрозай», — заявіў начальнік Генштабу Беларусі Павал Муравейка, на якога зьвярнулі ўвагу заходнія СМІ.

Па словах экспэрта Пітэра Дыкінсана, заява вайсковага высокапастаўленага беларускага чыноўніка ілюструе, як Крэмль выкарыстоўвае Беларусь для эскаляцыі сваёй кампаніі ядзернага шантажу супраць Захаду.

«Відавочна, што любая расейская ядзерная зброя, разьмешчаная на мяжы зь Беларусьсю, застаецца пад цьвёрдым кантролем Масквы. Калі беларускія чыноўнікі зараз самі пагражаюць ядзернай зброяй, яны робяць гэта ад імя Пуціна», — дадаў Дыкінсан.

Ляяльнасьць Лукашэнкі да Пуціна, кажа аналітык, абумоўленая, у прыватнасьці, дапамогай Крамля ў перадухіленьні краху ягонага рэжыму на фоне агульнанацыянальных пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

«У апошнія чатыры гады Расея няўхільна ўмацоўвала свой кантроль над Беларусьсю, працэс, які некаторыя параўноўваюць з паўзучай анэксіяй краіны», — піша Дыкінсан.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG