Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Баўгарыі байкатуе саміт NATO. Ён заявіў, што зь ім ня раіліся наконт дакумэнту пра дапамогу Ўкраіне


Румэн Радэў
Румэн Радэў

Кіраўнікі краінаў, якія ўваходзяць у Паўночнаатлянтычны альянс, зьбяруцца 9–11 ліпеня ў Вашынгтоне, ЗША.

На гэты момант у NATO ўваходзяць 32 дзяржавы. На саміт у Вашынгтон, што пройдзе на наступным тыдні, зьбяруцца іх кіраўнікі, у тым ліку Швэцыі і Фінляндыі, якія ўступілі ў альянс нядаўна. Але на саміце ня будзе прэзыдэнта Баўгарыі Румэна Радэва. Ягоная краіна ўваходзіць у NATO з 2004 году, прэзыдэнт выконвае ў дзяржаве прадстаўнічыя функцыі, але ягоная адсутнасьць усё адно будзе прыкметнай, адзначае цэнтральная служба Радыё Свабода.

Румэн Радэў заявіў, што зь ім не кансультаваліся наконт дакумэнту, які будзе прадстаўлены на саміце і ў якім выкладзена афіцыйная пазыцыя Баўгарыі адносна вайны Расеі супраць Украіны, а таксама абавязаньні альянсу ў аказаньні дапамогі Кіеву.

Замест Радэва ў ЗША прыляціць толькі выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Баўгарыі Дымітар Глаўчаў. Плянавалася, што ён будзе ў Вашынгтоне разам з Радэвым, але цяпер выявілася, што сам.

61-гадовы Радэў, чыя пасада ў значнай ступені цырыманіяльная, уплывае на грамадзкую думку. Раней ён ясна даў зразумець, што не падтрымлівае адпраўку вайсковай дапамогі Ўкраіне. Паводле палітыка, такая дапамога толькі падаўжае канфлікт. Тых, хто выступае за такую падтрымку, ён назваў «распальвальнікамі вайны».

Некаторыя праціўнікі Радэва ўнутры краіны назвалі дэмарш прэзыдэнта «пацьверджаньнем, што ён абслугоўвае замежныя інтарэсы, а ня ўнутраныя». Колішняя амбасадарка Баўгарыі ў ЗША Элена Паптодарава адзначыла, што адсутнасьць Радэва нават пойдзе на карысьць, бо зьніклі асьцярогі наконт таго, што той ад імя Баўгарыі будзе спрабаваць прасоўваць пракрамлёўскі парадак дня.

28 чэрвеня прэс-служба баўгарскага ўраду заявіла, што пазыцыя Рады міністраў уключае пацьвярджэньне ваеннай падтрымкі Кіева Сафіяй, а таксама разуменьне таго, што Ўкраіну не павінны прымушаць адмаўляцца ад тэрыторыі для дасягненьня любога міру з Расеяй.

Радэў даўно выказваў скептыцызм адносна дапамогі NATO Ўкраіне і спрабаваў блякаваць такія намаганьні, сьцьвярджаючы, што гэта толькі распаліць больш шырокі канфлікт. Гэта тая пазыцыя, якую падтрымліваюць іншыя пракрамлёўскія дзеячы, у тым ліку прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан. Дарэчы, менавіта да яго на перамовы Радэў адправіўся ў траўні замест іншай сустрэчы па лініі Паўночнаатлянтычнага альянсу. Тады ў Сафіі праходзіла паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі NATO.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG