Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На мяжы ідзе гібрыдная вайна». Міністры абароны Польшчы і Літвы сустрэліся ля мяжы зь Беларусьсю


Міністры абароны Польшчы і Літвы 3 ліпеня сустрэліся ля мяжы зь Беларусьсю
Міністры абароны Польшчы і Літвы 3 ліпеня сустрэліся ля мяжы зь Беларусьсю

Міністры абароны Польшчы і Літвы Ўладыслаў Касіняк-Камыш і Лаўрынас Кашчунас 3 ліпеня сустрэліся ля мяжы зь Беларусьсю і абмеркавалі «гібрыдную вайну» на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу.

Візыт кіраўніка польскага міністра абароны ў Літву пачаўся з наведваньня міністрамі кантрольнага пункту літоўскай памежнай службы ў Падварэнісе, разьмешчаным непадалёк ад памежнага пераходу Меднікі — Каменны Лог.

Выступаючы перад памежнікамі, Уладыслаў Касіняк-Камыш падкрэсьліў, што на польска-беларускай мяжы ідзе «гібрыдная вайна», як і на межах Літвы, Латвіі і Эстоніі. Літоўскія памежнікі пазнаёмілі польскіх гасьцей з памежнай загародай і сыстэмай назіраньня, усталяванай на мяжы, а таксама падыходам да яе аховы.

«На мяжы ідзе гібрыдная вайна, яна ідзе таксама ў Літве, Латвіі і Эстоніі, на кожнай з нашых межаў. Сёньня польская мяжа падвяргаецца самым інтэнсіўным атакам. (...) Польскага жаўнера забіў бандыт, які не шукаў прытулку, а хацеў нанесьці сьмяротны ўдар. Польская дзяржава не супакоіцца, пакуль мы ня знойдзем вінаватага і Польская дзяржава разам са сваімі саюзьнікамі зробіць усё, каб яшчэ лепш абараніць усходнюю мяжу Эўразьвязу і NATO», — заявіў Уладыслаў Касіняк-Камыш, яго цытуе прэс-служба Мінабароны Польшчы.

Касіняк-Камыш і Кашчунас таксама заявілі, што будуць абменьвацца досьведам аховы і ўмацаваньня межаў.

«Мы будзем разам працаваць над тым, каб пытаньне ўсходняй мяжы Эўразьвязу і NATO стала пытаньнем усіх краін-саюзьнікаў. Ня толькі тых, што мяжуюць (зь Беларусьсю. — Рэд.). Польшча і Літва чакаюць фінансавага ўдзелу ЭЗ у ахове межаў, будаўніцтве Ўсходняга шчыта, Літоўскай і Балтыйскай ліній», — заявіў польскі міністар.

Далей перамовы міністраў працягнуліся ў Вільні.

«Бясьпечная Польшча — гэта бясьпечная Літва, бясьпечная Літва — гэта бясьпечная Польшча. Чым лепш падрыхтаваныя салдаты выкарыстоўваюць сучасную вайсковую тэхніку, тым лепш для бясьпекі. Мы адкрытыя для ўсіх мерапрыемстваў, якія ўмацоўваюць бясьпеку», — сказаў Касіняк-Камыш падчас сустрэчы зь міністрам абароны Літвы ў Вільні.

  • Міграцыйны крызіс, які працягваецца зь вясны 2021 году на межах Беларусі з ЭЗ, Варшава, Рыга і Вільня называюць «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
  • У 2024 годзе суседнія зь Беларусьсю краіны ЭЗ спынілі ўжо каля 23 тысяч спробаў пранікненьня на сваю тэрыторыю (зь іх Польшча – ня менш за 20 тысяч).
  • 6 чэрвеня стала вядома пра сьмерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага нажом 28 траўня на мяжы зь Беларусьсю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, вайсковец зазнаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.
  • 13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буфэрная зона, пакуль тэрмін вызначаны ў 90 дзён. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасьць спробаў парушэньня мяжы скарацілася прыкладна на траціну.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG